Быхаўскай раённай газеце “Маяк Прыдняпроўя” 95 год. З гэтай нагоды ў мясцовым цэнтры культуры ў другой палове дня пройдзе ўрачысты сход.
Дарэчы, першы нумар газеты “Маяк Прыдняпроўя” убачыў свет 25 снежня 1918 года. Тады выданне называлася “Известия Быховского ревкома”.
Займаючыся вялікай пошуковай работай, былы рэдактар раёнкі Георгій Барысаў устанавіў першых супрацоўнікаў газеты. Імі з’яўляліся Аляксандр Шэкаў (рэдактар), Сяргей Сарокін і Самуіл Француз.
Пераемніцай «Известий Быховского ревкома» з 14 кастрычніка 1930 года стала газета “Маяк камуны”. Яна актыўна змагалася за калектывізацыю сельскай гаспадаркі і датэрміновае выкананне заданняў першай пяцігодкі, расказвала аб ходзе калектывізацыі, шэфствавала над будаўніцтвам першынцаў пяцігодкі ў раёне — ацэтонава-буцілавага завода (цяпер кансервава-агарднінасушыльны завод) і торфзавода “Чырвоная Беларусь”.
“Маяк камуны” выдаваўся да ліпеня 1941 года і перастаў выходзіць толькі па прычыне акупацыі раёна гітлераўцамі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны на Быхаўшчыне разгарэлася вялікае полымя партызанскай вайны. Ужо ў 1943 годзе ў складзе мясцовай ваенна-аператыўнай групы дзейнічалі тры партызанскія палкі і чатыры асобныя атрады. Важная роля ў арганізацыі і згуртаванні патрыётаў Айчыны на свяшчэнную барацьбу супраць фашыстаў належыць газеце “Партизан Быховщины”, якую з 1 мая 1943 года выдаваў падпольны райком партыі. На вызваленай ад ворага зямлі пачала выходзіць газета “Сацыялістычная перамога”. Першы яе нумар убачыў свет 15 красавіка 1944 года. Рэдагаваў газету нядаўні палітрук партызанскай роты, настаўнік па адукацыі Марк Філімонавіч Філімонаў.
З трэцяга ліпеня 1957 года раёнка пачала выходзіць пад назвай “Сцяг працы”, а з красавіка 1963 года стала называцца “Маяк Прыдняпроўя”. Як і цяпер.
Шмат чаго рабілася тады ў савецкім грамадстве для народа. І будзе вельмі несправядліва, калі нехта ўздумае агулам ахайваць савецкі лад жыцця.
Газета вяла мэтанакіраваную работу па выхаванню моладзі на лепшых рэвалюцыйных, баявых і працоўных традыцыях. Былі адноўлены ў памяці многія сотні імёнаў і падзей, з якімі знітавана гісторыя і гонар нашага слаўнага Прыдняпроўскага краю. Пад рубрыкай “Маршрутамі славы” надрукавана каля тысячы нарысаў і карэспандэнцый. На іх аснове ўзнік потым музей гісторыі газеты, які доўгі час знаходзіўся ў памяшканні рэдакцыі і які наведалі многія тысячы людзей. Але журналісты на гэтым не спыніліся. Яны працягвалі пры актыўнай падтрымцы грамадкасці і мясцовай улады пашуковую работу і сабралі столькі багатага, каштоўнага матэрыялу, што давялося надаваць рэдакцыйнаму музею статус раённага гістрыка-краязнаўчага музея і размясціць яго ў асобным вялікім памяшканні.
Неацэнная заслуга журналістаў таго часу і ў тым, што ўбачыла свет дакументальная кніга-хроніка “Памяць. Быхаўскі раён” першай сярод раёнаў Магілёўшчыны. І за гэта вялікі дзякуй былому рэдактару, заслужанаму работніку культуры Беларусі Георгію Ерамеевічу Барысаву. Дарэчы, у 1997 годзе да Дня Перамогі на магіле удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Барысава за сродкі райвыканкама, калектываў кансервава-агароднінасушыльнага завода і рэдакцыі ўстанавілі гранітны помнік з выгравіраваным на ім партрэтам гэтага сапраўды заслужанага чалавека, аб чым таксама пісала газета.
У далейшым плённа працавалі і прымнажалі творчыя набыткі рэдакцыі Уладзімір Васільевіч Кныш, Мікалай Міхайлавіч Рыхлоў, Мікалай Кліменцьевіч Пішчыкаў, Аркадзь Андрээвіч Скудны, Валянцін Аляксандравіч Барысевіч, іншыя супрацоўнікі рэдакцыі. Тады ў газеце мелася шмат надзейных сяброў і памочнікаў. Рэгулярна друкаваліся на яе старонках краязнаўцы Даніла Мартынавіч Абрамовіч і Мікалай Кірылавіч Шульга, настаўнікі Таісія Мікатаўна Бабцова, Ціхан Дзянісавіч Андрэйчыкаў, Іван Кірылавіч Галіноўскі, Іван Ігнатавіч Казлоў, Георгій Яфімавіч Абушкевіч, Вера Анісімаўна Кілеса, супрацоўнік райваенкамата Мікалай Макаравіч Васюкоў, работнік гандлю Пятро Цярэнцьевіч Кілеса і многія іншыя нашы няштатныя аўтары. На жаль, большасць іх ужо няма сярод нас. Але па-ранейшаму ў страі і рэгулярна друкуюцца не толькі ў раёнцы, а і ў іншых газетах Таісія Мікітаўна Бабцова, Валянцін Барысавіч Антонаў.
Калектыў рэдакцыі плённа працуе ў цесным адзінстве са сваім заснавальнікам — раённым выканаўчым камітэтам, яго аддзеламі і ўпраўленнямі.
Тыраж газеты на сённяшні дзень складае больш за 6 тыс. экземпляраў. На яе старонках друкуюцца матэрыялы розных жанраў пад рубрыкамі “У райвыканкаме”, “У прэс-цэнтры райвыканкама”, “Выязны прыём”, “65 год Перамогі”, “Чалавек і яго справа”, “Погляд на праблему”, “Лёсы людскія”, “Малалетнія вязні”, “Памяць”, “Аграэкатурызм”, “Соцыум”, “Адукацыя”, “Медыцына”, “Культура”, “Турызм”, “Спорт”, “Пытайцеся — адказваем” і г. д. Выходзяць тэматычныя старонкі “Ваша пісьмо”, “Правапарадак”, “Сям’я”, “Ветразь”, “Мятла”, “На Дняпроўскай хвалі”, неўзабаве ўбачыць свет старонка для жанчын “Купалінка”.
Рэдакцыйны калектыў доўгі час узначальвае Мікалай Уладзіміравіч Леўчанка, які пачынаў у ім свой творчы шлях напрыканцы далёкага 1974 года. Шматгадовая і добрасумленная праца кіраўніка адзначана Ганаровымі граматамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, абласнога Савета дэпутатаў, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускага Саюза журналістаў, яму прысвоены званні “Выдатнік друку Беларусі”, “Заслужаны журналіст ГА “Беларускі Саюз журналістаў, званні лаўрэта спецыяльнай прэміі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта “Чалавек года — 2005”, лаўрэата прэміі БСЖ “Залатое пяро”.
Мікола Леўчанка з’яўляецца членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар некалькіх кніг паэзіі і прозы, у тым ліку кнігі “Уроки мужества” пра ўдзельнікаў вайны і Герояў Савецкага Саюза Быхаўшчыны, выпушчанай да 65-годдзя вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
По материалу сайта bykhov.by
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
22.09.2023 - 18:49
22.09.2023 - 10:35
«Могилев на холстах великих художников»: россияне увековечат знаковые места белорусского города
21.09.2023 - 18:48