Сафія Лапо нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў вёсцы Заазер’е. У сваёй хаце гэта ўсмешлівая 85-гадовая жанчына зараз вякуе адна. Мужа даўно пахавала, а дзеці ўладкаваліся ў горадзе. Яны прыязджаюць да матулі і колькі разоў прапаноўвалі забраць да сябе. Але Сафія Раманаўна адмаўляецца: яшчэ ёсць сілы, каб самастойна спраўляцца з хатнімі клопатамі. У яе доме, як і раней, проста, але акуратна і ўтульна, што красамоўна характарызуе дбайную гаспадыню.
Бабка Соня, як клічуць старажылку вяскоўцы, зведала на сваім вяку шмат выпрабаванняў, якія загартавалі яе характар. Усё жыццё адпрацавала паляводам у калгасе. Дзіцём перажыла вайну, падзеі якой часта ўспамінае.
Бацька, Раман Ходас, быў ужо ў гадах, таму не патрапіў на фронт. Але ён паспеў паваяваць яшчэ ў Першую сусветную. А вось яе браты змагаліся з фашыстамі. Яфім удзельнічаў у абароне блакаднага Ленінграда і прапаў без вестак, а Яўген дайшоў да Германіі, дзе быў цяжка паранены.
11-гадовая дзяўчынка на ўсё жыццё запомніла, як у вёсцы з’явіліся немцы. Яны прыехалі па шляху з боку Эсьмонаў на матацыклах з каляскамі. Якраз наперарэз адступаючым часцям 100-й стралковай дывізіі Русіянава, салдаты 35-га палка якой паляглі на мясцовым балоце пад кулямётным агнём. Сярод акружэнцаў быў і зяць Міхалка, які з’явіўся ў роднай вёсцы якраз за дзень да трагічнай падзеі. Ён пераапрануўся ў палатнянае сялянскае адзенне, на коратка пастрыжаныя валасы надзеў саламяны капялюш. Здавалася, хлопец атрымаў шанец на выратаванне. Але немцы хутка вылічылі былога чырвонаармейца і расстралялі яго на вачах у родных.
Неяк уначы на парозе хаты з’явіліся партызаны. З сабой яны прывезлі цяжка параненага таварыша і пакінулі яго на догляд.
- Ты, дзед, - звярнуўся камандзір да бацькі, - сам ваяваў! Таму ведаеш, што трэба дапамагчы.
Паранены некалькі дзён праляжаў на мосце каля печы. Маці завіхалася каля яго, карміла, рабіла перавязкі. А праз некалькі дзён на вёску з аблавай напалі паліцаі, знайшлі ў хаце партызана і забілі яго. Карнікі спалілі некалькі суседніх дамоў, але бацькоўскую хату чамусьці не кранулі.
- Нібыта нейкае цуда выратавала, - уздыхае бабка Соня. - Пасля вайны панавала галеча. Каб заробіць хоць трохі грошай, бацька пасадзіў некалькі вялікіх град тытуню. Даглядаў яго, зразаў, сушыў, сцябліны і лісце крышыў, а карэнне тоўк у ступе.
Гэту махорку 16-гадовая Сафія насіла на станцыю Слаўная, што пад Талачыном. Такія ж вясковыя гандляркі, як і яна, сустракалі цягнікі і прадавалі пасажырам яйкі, малако, масла, іншыя тавары. Так, капейка да капейкі, пачалі пакрысе разжывацца: купілі карову, потым прыдбалі парася. Жыццё пайшло на лад.
Добра, што сярод нас жывуць яшчэ тыя, хто памятае той страшны ваенны час і можа расказаць пра яго. Бо людзі ж не вечныя, а іх успаміны – вялікая каштоўнасць для нас, удзячных нашчадкаў.
Андрэй Супіталёў, Бялыніцкая раённая газета “Зара над Друццю”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
30.05.2023 - 10:18
23.05.2023 - 09:39
В Чаусском районе в годы Великой Отечественной войны оккупанты уничтожили 145 деревень из 174
11.05.2023 - 16:49
10.05.2023 - 13:53