RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Калядны дабрачынны баль кнігі: сабраныя сродкі накіруюць ў Шклоўскую школу-інтэрнат

Кнігі здольныя ствараць цуды. Гэта чарговы раз даказалі Калядны дабрачынны баль кнігі і святочны аўкцыён, якія ўжо пяты раз прайшлі ў сталіцы і былі арганізаваныя Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Падчас святочнага дабрачыннага аўкцыёну сабрана 8,6 тысячы рублёў. Сёлета гэтыя сродкі будуць накіраваныя ў Шклоўскую школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннямі зроку.

Свята стала яркай зоркай, далучанай да рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці», што праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Месцам сустрэчы аматараў кнігі, выдаўцоў, кнігагандляроў, дзяржаўных дзеячаў, спартсменаў і музыкантаў па добрай традыцыі быў абраны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Тут гучала музыка, у залах і калідорах можна было сустрэць элегантных дам і галантных кавалераў, паназіраць за сцэнкамі з жыцця ў пачатку ХХ стагоддзя, пазнаёміцца з Францыскам Скарынам і нават атрымаць у падарунак тэкст раманса «Зорка Венера» ад самога Максіма Багдановіча, дакладней, яго «двайніка»- акцёра.

- Кніга суправаджае чалавека па жыцці. Разам з кнігамі мы сталеем, расцём, - падкрэсліла ў сваім выступленні міністр інфармацыі Лілія АНАНІЧ. - Вельмі знакава, што сёлета на аўкцыёне прадстаўлены сапраўды важныя для Беларусі кнігі. Яны расказваюць пра нашы алімпійскія дасягненні, культуру, выдатных пісьменнікаў. Упэўненая, наш баль прынясе многа радасці выхаванцам Шклоўскай школы-інтэрната. Але для нас свята - гэта яшчэ і калядная справаздача перад чытачом і масток у будучыню. Хочам паказаць сапраўды знакавыя кніжныя праекты, рэалізаваныя сёлета, у Год культуры. Варта ведаць, што мы застаёмся нацыяй, якая чытае. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы рэалізуем многа сацыяльна значных праектаў. Мы не страцілі кнігу і сёння рыхтуемся да знакавых дат наступнага года - 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, юбілеяў нашых пісьменнікаў-класікаў. Але вельмі хацелася б, каб кніга была частым госцем эфіраў на радыё і тэлебачанні.

З кожным годам кола зацікаўленых гасцей і ўдзельнікаў балю пашыраецца. Вось і сёлета да свята дабрачыннасці і кнігі далучыліся прадстаўнікі розных структур і сфер дзейнасці. Так, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч прадставіў лот - выданне «Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку», дырэктар «Віцебскаблсаюздруку» Людміла Гайдук прачытала ўрывак з рамана Івана Шамякіна «Вазьму твой боль», саветнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Анастасія Марыніна і алімпійскі чэмпіён Аляксандр Багдановіч расказалі пра ўнікальны праект «Беларусь алімпійская», а дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», паэт Алесь Бадак звярнуўся да памяці пра сёлетняга юбіляра Уладзіміра Мулявіна.

Падчас аўкцыёну было прадстаўлена 17 кніжных праектаў, аб'яднаных значнымі тэмамі Года культуры. Безумоўна, не засталіся без увагі 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, юбілеі нашых класікаў Максіма Багдановіча, Івана Шамякіна, памятныя даты прыгожых муз і знакавых асоб культуры - Уладзіславы Луцэвіч, жонкі Янкі Купалы і стваральніцы музея паэта, а таксама вядомай актрысы, народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч. Пад вокладкамі кніжных лотаў змясціліся таксама апавяданні пра краіну, знакавыя творы для дзяцей. Значнымі сталі выданні краін Садружнасці, прапанаваныя партнёрамі і даўнімі сябрамі Беларусі. Дарэчы, у гэтай тэматычнай катэгорыі прадставілі сапраўды ўнікальныя кніжныя праекты - раман-трылогію Ільяса Ясенберліна «Качэўнікі» выставіла на аўкцыён Асацыяцыя выдаўцоў, паліграфістаў і кнігараспаўсюджвальнікаў Казахстана, а шыкоўна аздобленае «Падарожжа нашчадка цэсарэвіча» прапанавала Федэральнае агенцтва па друку і масавых камунікацыях Расійскай Федэрацыі.

«Звязда»

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна