Рус Бел Eng 中文

Круглае рыхтуецца да абласных «Дажынак-2015»

Гарадскі пасёлак вядомы за межамі Магілёўскай вобласці сваімі далёка не раённага маштабу забаўляльна-культурным цэнтрам «Ізумруд» і базай адпачынку «Грыбіна», якую нават замежныя госці называюць «кавалачкам Швейцарыі». Гэтыя аб’екты ўжо лічацца жамчужынамі раёна, а цяпер да іх узроўню даводзяцца і некаторыя іншыя. Восенню Круглае прыме абласную эстафету фестывалю хлебаробаў і павінна выглядаць «на ўсе сто». Толькі з абласнога бюджэту на яго абнаўленне выдзяляецца больш за 40 мільярдаў рублёў.

— І гэта яшчэ прыблізны план таго, што задумана стварыць, — дэманструе схему галоўнага месца дзеянняў будучай сталіцы «Дажынак» намеснік старшыні Круглянскага райвыканкама Мікалай Гронскі. — Наш Дом культуры атрымае сучаснае аблічча, на яго капрамонт запланавана больш за 7 мільярдаў рублёў. Будзе адрамантаваны дах будынка, адновяцца яго памяшканні і фасад. Яшчэ каля 5 мільярдаў спатрэбіцца, каб навесці «марафет» на прылеглай тэрыторыі, дзе з’явяцца газоны, новыя аўтапаркоўкі. Перад Домам культуры будзе ўсталявана галоўная сцэна свята, з якой загучаць ушанаванні ў гонар працаўнікоў сяла.

Сучасны выгляд набудуць сацыяльна-адміністрацыйныя будынкі, жылыя дамы, вуліцы, двары. Больш утульным і сучасным стане цэнтральны парк культуры і адпачынку, які знаходзіцца побач з Домам культуры. Рамонт чакае школу №2, дзіцячыя садкі, гісторыка-краязнаўчы музей, інфекцыйны корпус мясцовай бальніцы. Больш за чатыры мільярды запланавана на правядзенне меліярацыйных работ і знос старых будынкаў.

— Аб’ёмы вялікія, але перад будаўнікамі стаіць задача навесці глянец як мага хутчэй, — кажуць у райвыканкаме. Асноўныя спадзяванні ўскладаюцца на мясцовую ПМК-266, сіламі якой узведзены ўзорныя аб’екты раёна. Наогул у падрыхтоўцы да свята задзейнічаны ўсе раённыя прадпрыемствы.

“Звязда”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна