Большасць тых, хто прыйшоў на прыём да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка, хвалявала кватэрнае пытанне.
Існуе памылковая думка, што скардзіцца трэба адразу ў вышэйшую інстанцыю, маўляў, хутчэй разбяруцца. Але бывае і так, што не заўсёды атрымліваецца вырашыць пытанне на месцах. Прынамсі, праблемы грамадзян, якія прыйшлі на прыём да губернатара, па тых ці іншых прычынах аказаліся невырашальнымі. Некаторыя нават прынеслі тоўстыя папкі з гісторыяй хаджэння па розных інстанцыях. Іх размова з губернатарам ішла ў прысутнасці тых, хто калісьці ўжо даваў ім адказы. Наколькі набалела ў людзей, было відаць па іх залішне эмацыйным стане. Пятру Рудніку час ад часу прыходзілася нагадваць, што аблвыканкам не суд і пра спрэчкі трэба забыцца.
Святлана і Аляксандр Мацюшонкі са Шклова больш за 20 гадоў гаруюць у кватэры агульнай плошчай каля 34 квадратных метраў. Дом 1929 года, дзе жывуць больш за 30 сем’яў, знаходзіцца ў нездавальняльным санітарна-тэхнічным стане. Ужо тады, калі сужэнцы засяляліся, ішла гаворка аб рассяленні жыхароў дома. Яны нават не станавіліся на улік, каб палепшыць жыллёвыя ўмовы. Пад гутаркі аб хуткім наваселлі непрыкметна вырасла іх дачка.
Сёлета ў Шклоўскім райвыканкаме сям’і паабяцалі выдзеліць двухпакаёўку. Але наваселля зноў не адбылося. Узніклі нейкія непаразуменні. Сям’я засталася жыць у старым доме і вымушана была стаць на чаргу па паляпшэнні свайго кватэрнага становішча. Перад імі — больш за 1000 сем’яў. Мірыцца з такім становішчам муж з жонкай не пажадалі, і матывуючы тым, што жыць у ранейшых умовах болей нельга, падалі скаргу на разгляд у аблвыканкам.
Старшыня Шклоўскага райвыканкама, які прысутнічаў на прыёме, згодны задаволіць жаданне жыльцоў, але дзе ўзяць тыя 15 мільярдаў на рамонт? Губернатар параіў па-іншаму вырашыць справу. Ці трэба наогул укладаць грошы ў рамонт дома, якому хутка споўніцца 100 гадоў? Можа, замест яго лепш на гэтым жа месцы, якое, дарэчы, з’яўляецца цэнтрам горада, пабудаваць новы 117‑кватэрны дом з прыцягваннем сродкаў саміх забудоўшчыкаў? Пётр Руднік распарадзіўся вырашыць пытанне па прадстаўленні кватэр жыхарам злашчаснага дома на працягу двух тыдняў, а мясцовым уладам разгледзець, як выкарыстаць прывабны ўчастак зямлі, дзе знаходзіцца састарэлая пабудова, з найбольш выгадным у эканамічным плане эфектам. Перспектыва ў наступным годзе займець нарэшце сваё жыллё вельмі ўзрадавала сужэнцаў.
А вось яшчэ ў адной жыхаркі Магілёва дома… няма. Тэарэтычна ён ёсць, але дакументальна не аформлены. На прыёме ў губернатара жанчына спасылалася на тое, што ў райвыканкаме ёй афіцыйна не давалі дазволу рабіць рамонт, але на словах не забаранялі. Вось яна і палепшыла свае жыллёвыя ўмовы — абклала дом цэглай. Толькі цяпер пры зваротах у некаторыя інстанцыі ў яе ўзнікаюць складанасці. Афіцыйна правоў на той дом і зямельны ўчастак у яе няма. Яна імкнецца вырашыць заблытаную справу, але перашкаджаюць юрыдычныя складанасці. На прыёме ў губернатара высветлілася, што ў Магілёве такая ж праблема не толькі ў гэтай жанчыны. Пётр Руднік даручыў разабрацца з кожным канкрэтным выпадкам паасобку, а заяўніцы давядзецца заплаціць штраф, каб легалізавацца ў правах. Жанчына засталася вельмі задаволенай.
Па гэтых і іншых пытаннях, якія разглядаліся падчас прыёму, губернатар даў даручэнні адпаведным службам. Справы будуць знаходзіцца на кантролі ў аблвыканкаме да таго часу, пакуль не вырашацца, падкрэсліў Пётр Руднік.
Каментарый у тэму
Іна Філіпава, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Магілёўскага аблвыканкама:
—Сёлета за 9 месяцаў у аблвыканкам паступіў 2491 зварот, прычым 837 з іх — з вышэйшых інстанцый. Гэта не значыць, што мы гэтыя звароты не разглядалі. Але кожны лічыць, што праўда толькі на яго баку. Ёсць, безумоўна, і абгрунтаваныя скаргі. У тым, што людзі звяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі, маецца недапрацоўка і на месцах. Сёлета па вобласці да дысцыплінарнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян былі прыцягнуты 592 службовыя асобы. Але хапае і такіх людзей, якія імкнуцца трапіць на прыём да губернатара, каб не вырашаць справу ў судзе ці задаволіць асабістыя амбіцыі.
Нэлі Зігуля, “Звязда”
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.05.2023 - 08:55
13.05.2023 - 16:14
Государственная символика призвана объединять общество на основе единых ценностей – мнение
10.05.2023 - 09:27
Все организовано на высшем уровне – семья из Санкт-Петербурга на праздновании Дня Победы в Могилеве