Сёлета магіляўчане ўпершыню за апошні час не паспрабуюць ранніх «вяйнянскіх» агуркоў. Адзін з асноўных магілёўскіх вытворцаў айчыннай агародніны «Фірма «Вейна» цяпер перажывае не найлепшыя часы. Праз даўгі, якія растуць, як снежны ком, прадпрыемства нават не запусціла свой цяплічны камбінат. Сітуацыя такая, што з прычыны недахопу фінансаў паўстала праблема набыцця насення і разлікаў за цяпло і электраэнергію. Наколькі яна сур’ёзная, адчулі нават спажыўцы. Магазіны гэтага вытворцы перайшлі на скарочаны рэжым працы. Калі раней яны гандлявалі з 8.00 да 20.00, то зараз з 9.00 да 17.00.
Даўгі ціснуць мільярдамі
— Яшчэ 10 гадоў таму ў Магілёве было 8 нашых магазінаў, цяпер — толькі 4, — кажа Таццяна Койда, галоўны таваразнаўца «Фірмы «Вейна». — І гэта пры тым, што гародніны ў нас дастаткова. Але ёсць шмат аб’ектыўных прычын, якія не дазваляюць плённа працаваць. У нас вялікія даўгі, але мы не маем магчымасці падымаць кошт той прадукцыі, якая карыстаецца попытам на рынку.
Не лепшыя абставіны і на «Фірме «Кадзіна». За апошнія 2 гады яна вымушана была закрыць у Магілёве 2 свае магазіны. Астатнія 5 перайшлі на скарочаны рэжым працы па ўзоры «вяйнянскіх». У фірмы таксама шмат даўгоў. Толькі па крэдытах яны склалі на пачатак лютага 180 мільярдаў рублёў. Леташняя выручка па прадпрыемстве амаль у 2 разы ніжэйшая. Працягвае расці доўг за электрычнасць і цяпло. Па словах начальніка ўпраўлення эканомікі Магілёўскага гарвыканкама Алы Багаценкі, на 1 студзеня «Кадзіна» толькі за газ павінна аддаць 14,3 мільярда рублёў. За студзень «газавы» доўг падрос яшчэ на 1,8 мільярда. Акрамя гэтага вісіць 6,2 мільярда доўгу за электрычнасць.
— Становішча і насамрэч складанае, — кажа яна. — Цяпер тут вырошчваюць раннія гуркі і памідоры. Штомесячна яны абыходзяцца «Фірме «Кадзіна» ў 2 мільярды рублёў. Прыродны газ, з дапамогай якога ацяпляюцца цяпліцы, не танны. З аднаго боку, звычайная з’ява для цяплічнай гаспадаркі. Спачатку ўкладваеш сродкі і нясеш страты, потым за кошт прадукцыі паляпшаеш фінансавае становішча. З другога боку, грошы патрэбны ўжо сёння, а прыбытак раней сакавіка не з’явіцца. У гарадскім бюджэце, які выступае ўтрымальнікам акцый гэтых аграгандлёвых фірмаў, няма нават артыкула на такія выдаткі.
Энергетыкі таксама закладнікі сітуацыі. Ім бы, па сутнасці, трэба было перакрыць «кісларод» даўжнікам. Хай выкарабкваюцца, як могуць. Але ж і «Вейна», і «Кадзіна» ўтрымліваюць стабілізацыйныя фонды. Калі абясточыць сховішчы аграфірмаў, страты могуць быць яшчэ большымі. Абодва прадпрыемствы забяспечваюць вітаміннай прадукцыяй у тым ліку і сацыяльныя аб’екты горада. Калі што, тыя застануцца ні з чым.
Хто вінаваты?
Ёсць, напэўна, віна ў гэтым становішчы і кіраўнікоў саміх прадпрыемстваў. На «Вейна», напрыклад, чакаюць чарговага дырэктара, хоць за апошнія гады іх тут змянілася некалькі. Але становішча як было цяжкім, так і застаецца. Калектыў працуе без настрою. Справы, лічаць, пагоршыліся яшчэ ў 2003 годзе, калі ім адмянілі льготы на электраэнергію і цяпло. А ўяўляеце, што значыць вырасціць зімой першыя гуркі і памідоры? Гэта энерганосьбіты, якія, самі ведаеце, колькі каштуюць, насенне, угнаенне, праца работнікаў. Усё гэта трэба ўключыць у сабекошт. Каб пакрыць свае страты пасля ўраўнавання цэн на энерганосьбіты, аграфірма пачала браць крэдыты. Толькі сітуацыя год ад году не паляпшалася, а наадварот. І вось наступіў час Ч.
Раней аграфірмы «Вейна» і «Кадзіна» знаходзіліся на балансе Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама: страты былі і тады, але мелася і дапамога. А калі два гады таму не вельмі жаданая спадчына дасталася гарадскому бюджэту, аграфірмам стала зусім цяжка. Запазычанасць па крэдытах дасягнула такога ўзроўню, што банкі адмовіліся наогул нешта выдзяляць. З энерганосьбітамі таксама ліхаманіць. Таму агароднінныя магазіны павінны скарачаць графік працы і нават (афіцыйна гэта адмаўляюцца пацвярджаць) прадаваць прадукцыю без святла.
Дырэктар «Фірмы «Кадзіна» Анатоль Арцёменка лічыць, што становішча палепшылася б, калі б запазычанасць па крэдытах замарозілі хаця б на 5 гадоў. Калісьці грошы браліся для папаўнення ўласных абаротных сродкаў, у тым ліку на заработную плату і аплату энерганосьбітаў. Сродкі па ўмовах банка прыйшлося вярнуць праз 4 гады, хаця па разліках вытворцаў акупнасць павінна была адбыцца не раней чым праз 10 гадоў. У выніку напрыканцы 2012 года агульны доўг «Фірмы «Кадзіна» па крэдытах склаў 108 мільярдаў рублёў.
Паспрыяла б паляпшэнню сітуацыі памяншэнне ў некалькі разоў кошту электраэнергіі і цяпла ў асенне-зімовы перыяд. Для цяплічнай гаспадаркі яны непад’ёмныя.
За цаной не пастаім?
Аграфірмы тым часам праз абмежаваны графік працы штодзённа страчваюць на выручцы. Напрыклад, за месяц пры такіх умовах магазіны «Фірмы «Кадзіна» прадаюць каля 75 тон агародніны, а могуць — звыш 100. Толькі і даўгі за электрычнасць таксама павялічацца. Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола. І паўстае пытанне: а ці патрэбна, наогул, нам агародніна, якая дастаецца такой цаной? Чаму не адмовіцца ад тых жа цяплічных памідораў і гуркоў па цане ананасаў? Сабекошт іх у разы большы, чым у набытых дзе-небудзь у Іспаніі. Яны ж там таннейшыя. Прыродны газ ім замяняе дармавая энергія сонца. І наогул, асартымент, як кажуць, можна было б і пераглядзець. Напрыклад, некаторыя паспяховыя фермеры, якія не першы год займаюцца сельскай гаспадаркай, лічаць, што схема, па якой працуюць «Вейна» і «Кадзіна», вельмі затратная. Можна, вядома, наракаць на дрэнных гаспадарнікаў, але існуюць акалічнасці, што пры любым кіраўніцтве будуць тармазіць працу. Адзін мой суразмоўца, які пажадаў застацца неназваным, прызнаўся, што адмовіўся ад вырошчвання той агародніны, якая яму эканамічна не выгадна. Ён на сваім вопыце зведаў: айчынная цыбуля будзе танней абыходзіцца, калі яе папросту набываць у Гомелі. З прыродай не паспрачаешся. Там яна раней спее, сабраць яе можна яшчэ ў жніўні. У Магілёўскай вобласці цыбуля даходзіць да кандыцыі на месяц пазней, калі ўжо пачынаюцца восеньскія дажджы. Якасць, згадзіцеся, не тая. І нават пры добрых умовах захоўвання яна доўга не праляжыць. Морква ж лепей расце ў Пінску і Лунінцы: там, маўляў, зямля лепшая — тарфянікі. Ранняя капуста на месяц раней спее ў Брэсце. Таму ёсць падставы прывозіць яе на Магілёўшчыну адтуль. Лепшымі за ўсё ў нашых умовах, кажа суразмоўца, атрымліваюцца буракі, бульба і позняя капуста. Ён ва ўсялякім разе робіць на гэтым акцэнт. І ў прыбытку!
Чаго чакаць?
Даць адказ на гэтае пытанне кіраўніцтва аграфірмаў пакуль не гатова. Таму па каментарый мы звярнуліся да першага намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Пацёмкіна. З тым, што становішча цяжкае, ён згодны. Абодва прадпрыемствы вельмі энергаёмкія, а прадукцыя, якую яны вырошчваюць, сацыяльна значная.
— Насамрэч на «Фірме «Кадзіна» ёсць вялікая запазычанасць па энерганосьбітах — больш за 20 мільярдаў, — канстатуе ён. — Што датычыцца «Вейна», яе даўгі складаюць каля 6 мільярдаў. На жаль, у гарадскім бюджэце няма артыкула, каб як-небудзь дапамагчы прадпрыемствам. Мы пралічылі з эканамічнага пункту гледжання і мэтазгоднасці, што «Кадзіна» цалкам забяспечвае патрэбу Магілёва ў прадукцыі абароненага грунту, і зараз цяплічны камбінат застаўся толькі там. У «Вейна» ён закансерваваны на перыяд з лістапада па май. Ужо распрацаваны графікі (засталося іх узгадніць з «Магілёўэнерга»), па якіх абедзве аграфірмы маглі б паступова разлічвацца з пастаўшчыком па запазычанасці за энерганосьбіты. Але з іх не здымаецца адказнасць своечасова плаціць па бягучых рахунках.
— А ці змогуць вытворцы айчыннай агародніны спадзявацца на льготы па энерганосьбітах?
— Што датычыцца сур’ёзных ільгот па энерганосьбітах, то іх трэба рабіць для ўсіх сельскіх гаспадарак краіны, а не толькі для аграфірмаў «Вейна» і «Кадзіна». Калі гэта вырашаць на высокім узроўні, безумоўна, стане лягчэй. Але пакуль пытанне застаецца адкрытым. Не выключна, што будзе праведзена рэарганізацыя «Фірмы «Кадзіна». Магчыма, давядзецца вывесці з‑пад яе ўплыву цяплічны камбінат, які прыносіць асноўныя страты. У гэтай фірмы ёсць яшчэ адзін напрамак, што дае неблагі прыбытак. На яе балансе 5 жывёлагадоўчых ферм, і 93% малака, якое там атрымліваюць, высокай якасці. І ў будучыні плануецца толькі нарошчваць тэмпы. Тут будуецца ферма на 768 кароў — на 1 студзеня ўведзена ўжо першая яе чарга. Пагалоўе цалкам забяспечваецца кармамі ўласнай вытворчасці. Вось дзе сельгаспрадпрыемства зможа зарабляць грошы ў міжсезонны перыяд.
— А ці можна, напрыклад, звузіць асартымент агародніны, якая вырошчваецца ў гэтых фірмах, і пакінуць толькі тое, што насамрэч будзе прыносіць даход?
— Адмовіцца цалкам ад ранніх памідораў і гуркоў было б няправільна, паколькі магіляўчане маюць поўнае права набываць прадукцыю, якая вырасла ў той мясцовасці, дзе яны жывуць.
Безумоўна, любая дзейнасць павінна прыносіць даход. Калі прадукцыя не рэнтабельная, навошта яе наогул выпускаць? Мы разумеем, што для сельгасгаспадарак якасная прадукцыя — гэта прыбытак. Вось малако для «Фірмы «Кадзіна» — прыбытак. Такім чынам застаецца пытанне па цяплічных камбінатах. Яны практычна ўсюды стратныя. Тым не менш, кіраўнік сельгаспрадпрыемства, якое на сваім балансе мае цяпліцы, павінен арганізаваць працу так, каб перакрыць страты за кошт іншых відаў дзейнасці. Не павінна быць, каб рэакцыяй на страты было імкненне ад чагосьці адмовіцца. Трэба прымаць меры. І мы цяпер над гэтым працуем.
Нэлі ЗІГУЛЯ, "Звязда"
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
19.05.2023 - 08:55
13.05.2023 - 16:14
Государственная символика призвана объединять общество на основе единых ценностей – мнение
10.05.2023 - 09:27
Все организовано на высшем уровне – семья из Санкт-Петербурга на праздновании Дня Победы в Могилеве