RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пра межы дасканаласці, грамадзянскую адказнасць і карысць «Дажынак»

Пра межы дасканаласці, грамадзянскую адказнасць і карысць «Дажынак» - у размове са старшынёй Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Анатолем Ісачанкам.

Тэма добраўпарадкавання заўсёды актуальная, асабліва для невялікіх населеных пунктаў, дзе бюджэты не заўсёды дазваляюць зрабіць усё па поўнай праграме. Фестываль-кірмаш «Дажынкі» вельмі дапамагае вырашыць гэтае пытанне. Бо, як сведчыць старшыня аблсавета, а па сумяшчальніцтве яшчэ і старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы фестывалю, карысць ад «Дажынак» двайная. Па-першае, ушанаванне перадавікоў. Па-другое, канцэнтрацыя сродкаў і матэрыяльных рэсурсаў для таго, каб зрабіць населены пункт лепшым. Сёлета ў Магілёўскай вобласці сталіцай абласных «Дажынак» стане старажытны Мсціслаў. Гэта дасць магчымасць райцэнтру палепшыць свой знешні выгляд і наблізіцца да ганаровага статусу горада-музея.

- Летась абласны фестываль-кірмаш праводзіўся ў Круглым. Райцэнтр значна папрыгажэў, стаў больш утульным, - кажа дэпутат. - Цяпер возьмемся за Мсціслаў. Ён выбраны таму, што ўяўляе сабой гісторыка-культурную каштоўнасць. Да тэмы рэстаўрацыі Мсціслава мы падыходзілі неаднойчы, але заўсёды нешта перашкаджала. Сёлетні год, магчыма, і не самы лёгкі, але ж нездарма кажуць: дарогу адолее той, хто ідзе. Вызначаны аб'екты, аб'ёмы фінансавання, распрацавана канцэпцыя рэстаўрацыі Мсціслава. Вядома, каб давесці задуманае да канца і зрабіць горад сапраўдным музеем, спатрэбіцца не адзін год.

Вось так па задумках архітэктараў павінна выглядаць Замкавая гара.

- Кажуць, былы кінатэатр у Мсціславе ператворыцца ў сапраўдны палац, дзе будуць ладзіцца балы ў традыцыях Сярэднявечча...

- Так, сёлета мы плануем зрабіць некалькі асноўных аб'ектаў - плошчу перад будынкам райвыканкама, а з былога кінатэатра - Палац шлюбу. Там будуць спалучацца сучаснасць і традыцыі мінулых гадоў. Каб можна было ладзіць прыёмы, балы ў старадаўніх традыцыях, іншыя мерапрыемствы. Праект ужо ёсць, засталося яго рэалізаваць. Палац і райвыканкам па вонкавым выглядзе будуць больш адпавядаць сучаснасці, а за каланадай, якая з'явіцца на плошчы, пачнецца стары горад- вуліца, парк, прылеглая тэрыторыя будуць аднаўляцца ў прыбліжаных да першапачатковага выгляду традыцыях... Наступны важны аб'ект - Замкавая гара. З часам плануем узвесці ўсю сцяну, што была вакол яе. З вежамі і ўваходнай аркай.

- Наколькі Замкавая гара будзе адпавядаць той, з якой калісьці пачынаўся горад?

- Спачатку зробім некалькі вежаў, а замест сцяны пакуль будзе драўляны частакол вышынёй каля 6 метраў. Потым ён пойдзе на стварэнне сапраўднай крапасной сцяны, па якой хадзілі воіны. Уваходныя элементы гэтай сцяны мы ўжо будуем. Вежа-данжон, якая ў хуткім часе паявіцца на Замкавай гары, зроблена на базе аднаго з мясцовых прадпрыемстваў. Яна высечана ў тым стылі, што існаваў некалькі стагоддзяў таму. Дзякуй нашаму гісторыку Ігару Марзалюку за кансультацыю. Пры вырабе былі максімальна ўлічаны ўсе нюансы.

На месцы раскопу, дзе магілёўскія археолагі адкрылі культурны слой з драўлянымі пабудовамі і маставой ХІІ стагоддзя, зроблены так званы шацёр. Можна будзе зайсці ўсярэдзіну і паглядзець, як Мсціслаў выглядаў у старажытнасці. Часткова адновім маставую, пабудуем рысталішча. Улічваючы складанасці са сродкамі, дзесьці будзем весці будоўлю гаспадарчым спосабам, дзесьці - выходзіць са становішча за кошт суботнікаў: пастараемся выкарыстаць любую магчымасць.

Мсціслаў значна папрыгажэе.

- А мясцовыя службы і жыхароў плануеце прыцягваць?

- У справе завязаны ўсе службы - адукацыя, медыцына, спажыўкааперацыя, гаргаз і гэтак далей. Трэба заахвоціць і насельніцтва. У Круглым, калі займаліся падрыхтоўкай да свята, па кожным доме прызначылі старшых, размаўлялі з жыхарамі. І людзі адгукаліся. Яны сабралі пэўную суму, а мы ім дапамаглі тэхнікай, будматэрыяламі. І справа пайшла. Можам і з вамі працаваць на такіх умовах... Паступова зацікавілі ўсіх. Пачаўся сапраўдны бум. Такія спаборніцтвы разгарнуліся, вы б толькі бачылі. У людзей сапраўдны азарт прачнуўся. Клумбы самі рабілі, гаражы размалёўвалі, дваровыя скульптуры ўсталёўвалі - працэс пайшоў. Ну а мы то друзу прывязём, то бардзюр паставім. Цяпер можна на любую дваровую тэрыторыю зайсці, вока радуецца. Сёлета жыхары далей працягнулі добраўпарадкаванне. Дасканаласці ж няма мяжы...

“Звязда”

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна