Рус Бел Eng 中文

Сумесны выхаваўчы праект «МНС і «Белая Русь» за бяспечнае дзяцінства» рэалізаваны на Магілёўшчыне

Пажар — гэта заўсёды гора, а калі падчас яго гінуць дзеці — гэта ўжо страшная трагедыя. На Магілёўшчыне падтрымалі сумесны выхаваўчы праект «МНС і «Белая Русь» за бяспечнае дзяцінства», накіраваны на тое, каб папярэдзіць такія выпадкі. У яго межах валанцеры пабывалі ў дзіцячых садках і дамах сямейнага тыпу Шклоўскага і Круглянскага раёнаў.

Калі ў доме жыве шмат дзяцей, верагоднасці, што туды можа зазірнуць «чырвоны певень», зразумела, больш. У сям’і Наталлі і Аляксандра Канаваленак са шклоўскага аграгарадка Гарадзец 11 дзяцей. Самаму маленькаму — 3 годзікі. Цікава, што малыя адразу пазналі тых, хто да іх прыйшоў. «Мы тут пастаянныя госці», — усміхаецца намеснік дырэктара ЦБУ № 726 Беларусбанка і кіраўнік пярвічкі «Белай Русі» Аляксандр Ільюшэнка, якога хлопчыкі і дзяўчынкі мігам вызначылі, як «чалавека года» (гэтую прэмію ён атрымаў сёлета за плённую працу). Калі 4 гады таму сям’я ладзіла наваселле, на яго завітала старшыня праўлення Нацыянальнага банка Надзея Ермакова.

У вялікім доме чыста і ўтульна. І гэта нягледзячы на тое, што толькі для аднаго абутку ў пярэднім пакоі адведзена цэлая шафа, а для вопраткі — вешалка-турнік, як у школе. Адра-зу відаць, што дзеці прывучаны да парадку. Напэўна, таму для іх нават самыя каверзныя пытанні інспектараў Магілёўскага ўпраўлення МНС Мікалая Радзюкова і Аляксандры Пруднікавай не здаліся цяжкімі. Але свой адрас і хатні тэлефон трэба ведаць больш дасканала, перасцераглі выратавальнікі. Каб замацаваць веды, дзеці атрымалі ад супрацоўнікаў МНС размалёўкі і налепкі на тэму бяспекі. А Аляксандр Ільюшэнка парадаваў дзяцей вялікай пажарнай машынай і канструктарам. І вельмі карыснымі для такога вялікага дома аказаліся вогнетушыцелі.

Такія ж падарункі атрымалі і выхаванцы яшчэ аднаго дзіцячага дома Шклоўскага раёна — Антаніны і Аляксандра Саўчанак з вёскі Вялікія Славені. Дарэчы, гэты дом адзін з першых у рэспубліцы быў пабудаваны па лініі Беларусбанка. Антаніна і Аляксандр ужо аказалі сваю падтрымку 12 дзецям, сёння ў іх на выхаванні знаходзіцца 7 дзяцей ва ўзросце ад 9 да 15 гадоў. Адчувалася, што размовы пра надзвычайныя сітуацыі ў сям’і вядуцца пастаянна.

Карыснымі аказаліся ўрокі бяспекі і для выхаванцаў дзіцячых садкоў са шклоўскага агра-гарадка Гарадзец і круглянскага Цяцерын. Здзівіла, што нават маленькія дзеці дэманстравалі веды не па гадах. А з якім азартам яны апраналіся ў «баёўку» супрацоўніка МНС, імк-нучыся ўкласціся ў неабходныя 15 секундаў. Усе амаль па-сапраўднаму хваляваліся: па-спеюць ці не? На службе і секунда можа вырашыць справу. “Мы заўсёды гатовы падтрымаць такія карысныя акцыі, — запэўніла намесніца дырэктара ЦБУ № 715 Беларусбанка і кіраўніца пярвічкі грамадскай арганізацыі «Белая Русь» Алена Барташ. — Дзеці — наша будучыня, а яе мы павінны берагчы”.

Нэлі ЗІГУЛЯ, газета «Звязда»

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна