У Бабруйску адкрыўся V рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі. Aорум спецыфічны ўжо толькі адным сваім напрамкам. У адрозненне ад іншых беларускіх фестываляў, ён пазіцыянуе творчасць менавіта беларускіх аўтараў, дапамагае папулярызаваць айчынную сучасную і класічную драматургію.
- Першы наш форум адбыўся яшчэ ў 1998 годзе, а гэты, пяты па ліку, праводзіцца пасля чатырохгадовага перапынку, - адзначыў намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Маркачоў. - Нягледзячы на складаны год, вырашана было ўсё ж такі яго арганізаваць. Нас падтрымалі Цэнтр эксперыментальнай рэжысуры і Цэнтр беларускай драматургіі.
Наогул праграма фестывалю абяцае быць цікавай і разнастайнай. Сваё бачанне беларускай драматургіі прадставяць 8 тэатраў. На працягу 5 дзён гледачы ўбачаць 10 пастановак. Будзе працаваць творчая лабараторыя дакументальнага тэатра, праводзіцца чытка п’ес беларускіх драматургаў. Не абыдзецца і без творчых эксперыментаў. У рамках фестывалю рэалізуецца цікавы праект «Gorod.doc», удзельнікамі якога стануць бабруйчане. Прэзентацыя таго, што з гэтага атрымалася, чакаецца ў канцы форуму. Як адзначыў дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Уладзімір Карачэўскі, гэта той выпадак, калі на вачах нараджаюцца новыя незвычайныя тэатральныя формы.
- Такі фестываль вельмі патрэбен Беларусі, сёння да беларускага тэатра і літаратуры назіраецца вялікая цікавасць, - тэатральны крытык, доктар філалагічных навук, прафесар кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі БДУ Таццяна Арлова, якая заўсёды з асаблівай пільнасцю адсочвае ўсе змены ў тэатральным жыцці, у прадчуванні новых уражанняў. Ужо з самага пачатку яе ў Бабруйску чакаў сюрпрыз. Замест Аляксея Дударава, які захварэў, яна абрана старшынёй журы.
Польскі тэатральны крытык Андрэй Масквін другі раз на фестывалі ў Бабруйску. Ён яму цікавы менавіта сваёй нацыянальнай адметнасцю. «Той жа «М.@рт.кантакт» больш разлічаны на моладзь, «Белая вежа» - гэта прэзентацыя тэатраў былога Савецкага Саюза, а тут акцэнт зроблены на беларускасць. Мне цікава, як цяпер, у ХХІ стагоддзі, гэта праламляецца. Чакаю разумення, асэнсавання чагосьці нацыянальнага - школы, акцёрства, рэжысуры. Найбольшую цікавасць выклікае Алексіевіч, бо праграма складалася яшчэ да таго, як яна стала нобелеўскай лаўрэаткай. І цікавы Багаслаўскі. Яны розныя і ў чымсьці падобныя».
Тэатразнаўцы бачаць парадокс у тым, што беларускія таленавітыя драматургі больш запатрабаваны за межамі краіны. Дарэчы, маскоўскі акадэмічны тэатр імя Маякоўскага прыязджае на фестываль менавіта з п’есай папулярнага беларускага аўтара Дзмітрыя Багаслаўскага «Любоў людзей».
Арганізатары і крытыкі настроены рашуча. Цяпер справа за калектывамі. Як яны справяцца са сваёй задачай данесці да гледача думку аўтара, наколькі цікавымі будуць рэжысёрскія інтэрпрэтацыі? Як паабяцала бескампрамісная Таццяна Арлова: «Судзіць будзем строга і па сумленні».
У першы дзень форуму на сцэне Бабруйскага абласнога тэатра імя Дуніна-Марцінкевіча гледачы ўбачылі драматычную баладу ў 2 дзеяннях «Не пакідай мяне…» Аляксея Дударава ў выкананні Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Добрых уражанняў і новых адкрыццяў форуму пажадала першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.
При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна
15.03.2023 - 09:51
06.03.2023 - 09:18
02.03.2023 - 16:15