RU BY EN 中文

У Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы з’явілася аддзяленне сацыяльнага догляду

Каля трох гадоў таму распачаўся капітальны рамонт тэрапеўтычнага блока Бялыніцкай цэнтральнай раённай бальніцы. За гэты час, дзякуючы намаганням работнікаў ДУК ДБП “ПМК-241” і ААТ “ПМК-83 Водбуд”, былі здадзены ў эксплуатацыю дзіцячае і тэрапеўтычнае аддзяленні. А напачатку сакавіка расчыніла свае дзверы для пацыентаў аддзяленне сацыяльнага догляду.

Па словах галоўнага ўрача ЦРБ Віктара Пянькоўскага, зараз у васьмі палатах яго знаходзяцца 26 чалавек, якім патрэбная штодзённая дапамога. Умовы для пражывання ў новым аддзяленні створаны добрыя: утульныя палаты, сучасныя санвузлы, камфортныя сталоўка і пакой для адпачынку. Іншымі словамі, усё настройвае на пазітыў і аптымізм.

“Цёпла, прыгожа. Менавіта такія мае ўражанні, - заўважае пенсіянер Фёдар Мысаў. – Дзякуй кіраўніцтву бальніцы і ўсім людзям, якія дапамаглі стварыць гэты дом для адзінокіх сэрцаў”.

“Не могуць не радаваць і добразычлівыя адносіны да нас персаналу аддзялення: урача-тэрапеўта Анатоля Чарнухі, медсёстраў, санітарак, - дадае жыхарка вёскі Краснае Тамара Чалнакова. – Не ведаю, колькі давядзецца тут прабыць (магчыма, улетку дачка, якая жыве ў Казахстане, забярэ да сябе), аднак я рада, што зараз жыву не ў адзіноце”.

“Як ні сумна аб гэтым казаць, але пераважная большасць людзей, якія карыстаюцца сацыяльнымі койкамі, маюць дзяцей, -- адзначае медсястра Валянціна Адзіночкіна. – Канечне, мы робім усё, каб яны не адчувалі сябе забытымі і пакінутымі. Аднак замяніць родных ім, напэўна, ніхто не зможа. Пацыенты аддзялення заключылі дагаворы на трохмесячнае знаходжанне, але, упэўненая, што многія прабудуць тут значна больш часу. Наша галоўная задача: акружыць гэтых людзей клопатам і дабрынёй”.

zara.by

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна