RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У Магілёве прайшоў семінар-практыкум па ткацтву паясоў і лапікаваму шыццю

У Магілёўскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і культурна-асветнай работы 27-28 лістапада ладзіўся семінар-практыкум па лапікавай тэхніцы шыцця і ткацтву паясоў. У ім прынялі ўдзел дырэктары і метадысты раённых дамоў і цэнтраў рамёстваў, кіраўнікі гурткоў і студый дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкладчыкі дзіцячых школ мастацкіх рамёстваў.

У першы дзень каля 30 удзельнікаў мерапрыемства навучаліся майстэрству лапікавага шыцця. Тэарэтычныя і практычныя заняткі праводзіла магілёўская майстрыха, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алена Вярменіч.

Падчас абласнога семінара-практыкума яна прадэманстравала свае стылёвыя вырабы з тканіны, выкананыя ў розных варыянтах лапікавай тэхнікі: лялькі, пано, коўдры, сурвэткі, торбачкі і інш. Асабліва ўразіла навагодняя елка, густоўна аздобленая ўпрыгажэннямі, вырабленымі на аснове так званых “пэчворк блокаў”. Усё гэта майстрыха пашыла з абрэзкаў тканіны, у такім жа стылі аформіла бутэльку -падстаўку для елкі.

Алена Вярменіч падзялілася з іншымі рукадзельніцамі сакрэтамі стварэння дэкаратыўных элементаў на аснове “пэчворк блокаў” – тых, што можна пашыць уручную, без выкарыстання швейнай машынкі. Асабліва ўразіў блок “піён”, які нагадвае пышную кветку і фарміруецца за кошт квадрацікаў матэрыі, выкладзеных і сшытых адмысловым чынам. Дарэчы, гэты элемент можа ўпрыгожыць і абабітую тканінай шкатулку, і дэкаратыўную падушку, і сукенку, і шмат чаго яшчэ – наколькі хопіць уяўлення. Як высветлілася, ствараць цуды пры дапамозе лапікавай тэхнікі пад сілу кожнаму – дастаткова шматкоў тканіны, крыху часу, фантазіі і ўмення.

“Шыццё з кавалачкаў тканіны – майстэрства, якое паходзіць з глыбінь вякоў і характэрна для розных народаў, у тым ліку беларусаў, – распавядае Алена Вярменіч. – Жанчыны здаўна накладвалі лапікі на адзенне, перашывалі старыя рэчы, шылі коўдры, кілімы і іншыя рэчы. І дасюль гэтае мастацтва застаецца актуальным – як я лічу, у першую чаргу яно патрэбна для душы. Для мяне гэта хутчэй хобі, якое, аднак, перагукаецца з працай – па спецыяльнасці я мастак-мадэльер”. Галоўнае, што гэты занятак даступны кожнаму: у любым доме знойдуцца абрэзкі матэрыі, ніткі, іголкі і нажніцы. Рабіць можна самыя розныя рэчы – ад цёплых коўдраў да арыгінальных упрыгожванняў. Пры гэтым выкарыстоўваюцца і нават спалучаюцца ў адным вырабе розныя тэхнікі і віды лапікавай тэхнікі: традыцыйны пэчворк, квілтынг, японская тэхніка “ткемары” і руская тэхніка “ляпачыха” і інш.

Другі дзень семінару аказаўся не менш захапляльным і быў прысвечаны ткацтву паясоў на дошчачках. Сучасныя майстрыхі вырабляюць пры дапамозе гэтай тэхнікі таксама стыльныя закладкі для кніг, торбачкі, дыванкі, сурвэткі, дэкаратыўныя падушкі. Дарэчы, ткацтва на дошчачках у апошні час набывае асаблівую папулярнасць, у тым ліку сярод моладзі. Магчыма, таму, што тэхніка досыць простая і не патрабуе складаных прылад. Для работы патрэбны дошчачкі з адтулінамі – невялікія квадрацікі ці прамавугольнікі з пластыку, кардону, дрэва, металу ці аргшкла. Таксама спатрэбяцца чаўнок, пласцінкі для прыбівання ўточнай ніткі і для закладвання ў зеў, шпілька (англійская ці для вязання), кручок, нажніцы, ніткі – любыя, пажадана без ворсу.

Заняткі ў абласным метадычным цэнтры праводзіла метадыст-майстар Круглянскага раённага Дома рамёстваў, Народны майстар Рэспублікі Беларусь Ларыса Лямцава. Яна распавяла пра розныя тэхнікі ткацтва паясоў, характэрныя для Беларусі, і вылучыла дзве, найбольш распаўсюджаныя на Магілёўшчыне – ткацтва на дошчачках і на бердзечку.

Дарэчы, сама Ларыса Лямцава – майстрыха на ўсе рукі. Умее ткаць на кроснах, вырабляе тэкстыльную ляльку, займаецца вязаннем, вышыўкай, бісерапляценнем. Неаднаразова займала прызавыя месцы на розных выставах і конкурсах, у мінулым годзе атрымала Дыплом І ступені на выставе Беларускага саюза мастроў народнай творчасці “Калядныя ўзоры”. Удзельнічала ў раённым фестывалі майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “З глыбінь душы народнай”, абласным фестывалі сямейнай творчасці “Сузор’е талентаў”, рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Веснавы букет” і інш.

Навучалася круглянская майстрыха ў Магілёўскім вучылішчы тэкстыльшчыкаў, дзе засвоіла машыннае ткацтва, а за кросны села 11 год таму, калі стала працаваць у Доме рамёстваў.

“Адукацыя мне ў пэўным сэнсе дапамагла, бо ручное і машынна ткацтва маюць шмат агульнага, – зазначыла Ларыса Лямцава. – Спачатку я спрабавала экспераментаваць, прыдумваць арнамент для паясоў, але потым прыйшла да выкарыстання толькі традыцыйных колераў і ўзораў. Мне падабаецца перадаваць сваё майстэрства іншым людзям. Зараз у мяне ёсць дзіцячы гурток “Беларуская лялька” ў Доме рамёстваў, дзе займаецца сем вучняў. Мы робім тэкстыльныя лялькі, а таксама ўсё, што даспадобы дзецям – навагоднія сувеніры, мастацкія вырабы, кніжныя закладкі і інш. На жаль, большасць дзяцей сёння цяжка зацікавіць ткацтвам: гэта марудны працэс, які патрабуе ўважлівасці, канцэнтрацыі. Для таго, каб сплесці пояс, можа сыйсці 3-4 дні, але ўсё залежыць ад абранай тэхнікі і арнаменту”.

Сэмінар-практыкум, на жаль, быў разлічаны на куды меншы адрэзак часу, таму яго ўдзельнікам былі прапанаваны толькі “азы” майстэрства – астатняе можна засвоіць самастойна. Для пачатку Ларыса Лямцава прапанавала калегам паспрабаваць выткаць на дошчачках пояс альбо закладку для кніг з нескладаным трохколерным арнаментам на шэсць дошчачак.

Цікава, што многія жанчыны, разглядаючы паясы круглянскай ткачыхі, з захапленнем і аданачасова з разгубленнасцю кідалі: “Фантастыка! Гэта нерэальна! Я так не здолею…”. І нават сама Ларыса Лямцава папярэджвала ўдзельніц: з першага разу ўсё спасцігнуць цяжка, адразу пояс можа не атрымацца. Сапраўды, “навабранцам” напачатку было складана зразумець, у якой паслядоўнасці запраўляюцца ніткі ў адмысловыя адтуліны ў дошчачках. І толькі калі майстрыха абыйшла ўсіх удзельніц, паказала ўсё “на пальцах” – працэс пайшоў. Скеміўшы, што да чаго, жанчыны жвава прыступілі да працы, і ў кожнай атрымалася выткаць некалькі сантыметраў, а ў каго і болей. А яшчэ майстрыха параіла калегам звяртацца да спецыяльнай літаратуры – гэта вельмі дапамагае.

Апроч таго, Ларыса Лямцава пазнаёміла рукадзельніц з ткацтвам на бердзечку (яшчэ адна прылада), а таксама пляценнем паясоў на пальцах.

Такім чынам, удзельніцы семінару – а многія з іх пабывалі на абодвух яго частках – за два дні засвоілі асновы некалькіх тэхнік ткацтва і шыцця. Якую карысць гэта прынясе? Запытаемся ў іх саміх:

Таццяна Пятроўна Уласевіч, выкладчыца Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава:

– Я не шкадую, што патрапіла на гэты семінар – мяне запрасіў мой былы студэнт, які тут працуе ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры. Мне добра знаёмы пэчворк, але я спрабавала сябе толькі ў пласкасных вырабах – сёння ж пазнаёмілася з аб’ёмнымі. Я выкладаю ва ўніверсітэце розныя прадметы, у тым ліку апрацоўку тэкстылю. Шыццё з абрэзкаў тканіны таксама можна разглядаць як разнавіднасць гэтага мастацтва. Гэта від народнай творчасці, які варта развіваць і папулярызаваць. І я абавязкова пакажу сваім студэнтам тое, чаму сёння навучылася. Гэта сапраўды цудоўна – зрабіць з шматкоў тканіны сувенір, які можа стаць арыгінальным падарункам. Пагадзіцеся: рэч, створаная сваімі рукамі або рукамі блізкага чалавека, заўсёды асабліва каштоўная і прыемная…

Ларыса Сямёнаўна Заклікоўская, дырэктар раённага Цэнтра рамёстваў аграгарадка Кароўчына, Дрыбінскі раён:

– Лапікавае шыццё – гэта майстэрства, якое ўзнікла не сёння. Раней гэты від рукадзелля быў звязаны з побытам і меў надзённую неабходнасць, але сёння ён зноў актуальны. Гэта сапраўднае мастацтва, якое нясе ў сабе і задавальненне, і сапраўднае хараство. Я і сама займалася некалі пэчваркам, шыла дэкаратыўныя падушкі. А вось сёння мяне літаральна заваражылі прыгожыя елачныя цацкі. Думаю, яны вельмі зацікавяць дзяцей, што займаюцца ў нашых гуртках. Мы штогод ладзім у Доме рамёстваў калядную выставу, дзе прадстаўлены елачныя ўпрыгажэнні і іншыя вырабы навагодняй тэматыкі ў розных тэхніках, але вось лапікавай там яшчэ не было – спадзяюся сёлета пабачыць там і пэчворк. Што ж датычыць паясоў, у нашым Доме рамёстваў іх пакуль ніхто не тчэ. І шкада, бо самаробныя паясы – неабходны элемент народных строяў, якія мы вырабляем сваімі рукамі. Сёння я пачала засвойваць гэтую тэхніку, буду вучыцца далей і перадаваць свае навыкі дзецям.

Вольга Валянцінаўна Андрыянава, метадыст-майстар Краснапольскага раённага Дома рамёстваў:

– Навучыцца ткаць паясы было для мяне не толькі цікава, але і неабходна. У Доме рамёстваў мы займаемся тэкстыльнай лялькай, а калі навучымся рабіць паясы – нашы лялькі ад гэтага толькі выйграюць. Ткацтва паясоў на дошчачках мне падалося не вельмі складанай тэхнікай. З першага разу я практычна ўсё зразумела, тым больш што мы пачалі з простага ўзору. Потым можна будзе самастойна паспрабаваць больш складаны арнамент, іншыя тэхнікі. Пэчворк жа мне знаёмы, я таксама працую з тэкстылем – шыю адзенне для лялек. Але было цікава паспрабаваць нешта новае, накшталт елачных цацак з тканіны.

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна