RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны клуб «Віккру» адзначае 25-годдзе

Магілёўскі абласны гісторыка-патрыятычны клуб «Віккру» адзначае 25-годдзе са дня ўтварэння. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае юбілею, адбудзецца 21 чэрвеня ў дзяржаўным ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга прафесійным агралесатэхнічным каледжы імя К. П. Арлоўскага (аграгарадок Буйнічы, Магілёўскі раён), паведаміў кіраўнік клуба «Віккру» Мікалай Барысенка.

На свята запрошаны прадстаўнікі абласной, гарадской і раённай улады, грамадскасці, ветэраны, пошукавікі, моладзь. Гасцям прапануюць азнаёміцца з экспазіцыяй часоў Вялікай Айчыннай вайны і выставай дзейнасці пошукавых атрадаў Магілёўскай вобласці, наведаць музей К. Сіманава, паглядзець тэматычны фільм.

Падчас мерапрыемства таксама запланавана цырымонія ўзнагароджання «віккраўцаў» граматамі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, нагруднымі знакамі «За актыўны пошук» і іншымі ўзнагародамі. Завершыцца ўрачыстасць святочным канцэртам.

Сёння ў склад Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» ўваходзіць 20 пошукавых груп і атрадаў, якія дзейнічаюць у 14 раёнах вобласці. У радах клуба налічваецца каля 100 членаў. За час існавання «Віккру», паводле архіўных даных, адноўлена больш за 21 тыс. імёнаў салдат Чырвонай Арміі, якія да гэтага лічыліся прапаўшымі без вестак. Астанкі 1201 байца былі паднятыя з зямлі, імёны 79 з іх устаноўлены па медальёнах і асабістых рэчах.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая