RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Помнік загінулым у гады ВАВ на рацэ Проня плануюць устанавіць у Чавускім раёне

Маштабную экспедыцыю плануюць арганізаваць пошукавікі абласнога гісторыка-патрыятычнага клуба «Віккру» на берагах Проні ў Чавускім раёне, паведаміў кіраўнік клуба Мікалай Барысенка.

«Берагі невялікай рачулкі Проня багата палітыя крывёю савецкіх воінаў, – адзначыў ён. – Тут каля дзевяці месяцаў (кастрычнік 1943 – чэрвень 1944 гадоў) стаяў савецка-германскі фронт. У Дрыбінскім, Чавускім раёнах і на ўсход баі насілі вельмі жорсткі характар. Свае галовы склалі сотні тысяч чалавек. Таму мы ставім перад сабой задачу правесці маштабныя раскопкі, падняць з зямлі і перапахаваць як мага больш савецкіх воінаў, а таксама ўвекавечыць памяць аб іх подзвігу».

Паводле слоў Мікалая Барысенка, адным пошукавікам не справіцца. Таму ўсе работы будуць праводзіцца пры садзейнічанні мясцовых органаў улады, грамадскасці, навучэнскай моладзі, а таксама пры ўдзеле 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны. «Помнік савецкім воінам плануем устанавіць у Чавускім раёне як найбольш вывучаным намі і найбольш пацярпелым падчас ваеннага супрацьстаяння», – дадаў Мікалай Барысенка.

Па матэрыяле БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая