Рус Бел Eng 中文

Знойдзены ў Бабруйску ўнікальны шлем мог належаць полацкаму князю Ізяславу – гісторыкі

Гісторыкі лічаць, што знойдзены ў Бабруйску шлем хутчэй за ўсё належаў полацкаму князю Ізяславу, сыну кіеўскага князя Уладзіміра Святаславіча і князёўны Рагнеды. Такая інфармацыя прагучала ў эфіры тэлеканала СТВ.

Зараз артэфакт, які добра захаваўся дзякуючы таму, што доўгі час знаходзіўся ў вадзе, аднаўляюць найлепшыя рэстаўратары. Шлем знайшлі ў пачатку красавіка, калі супрацоўнікі мясцовага прадпрыемства паглыблялі дно Бярэзіны. Яго цудам не закранулі каўшом экскаватара, які прыбіраў гліну.

«Зусім нядаўна ў Бабруйску пры земляных работах мы здабылі рэальны знак той вялікай суверэннай улады – хутчэй за ўсё, мы знайшлі шлем Ізяслава Полацкага. Ён зараз на рэстаўрацыі. Калі мы яго адрэстаўруем, я думаю, што мы зможам выстаўляць яго», – адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк.

Паводле слоў гісторыка Мікалая Сілкова, была зроблена першапачатковая экспертыза, якая ўстанавіла: рэдкая знаходка не толькі для Беларусі, але і для свету. Існуе толькі 19 падобных шлемаў, якія захаваліся да нашых дзён. Знойдзены ў Бабруйску артэфакт стаў 20-м. На думку экспертаў, па ўзросце шлем абышоў знакамітую шапку Манамаха, якой амаль 600 гадоў.

Знешні выгляд шлема сведчыць: гэта праца па замове, адзінкавая, выканана хутчэй за ўсё скандынавамі. Перыяд бытавання падобных шлемаў – X-XI стагоддзі. Гэта час, калі на тэрыторыі Беларусі фарміравалася дзяржаўнасць.

«Што мы з пісьмовых крыніц ведаем пра гэты час? Што адбывалася на тэрыторыі сярэдняга цячэння Бярэзіны? Крыніцы не паведамляюць нічога. Знаходка ў Бабруйску такога статуснага шлема – ужо сама па сабе сенсацыя», – лічыць кандыдат гістарычных навук дацэнт Сцяпан Цемушаў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая