RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Механизатор Николай Белокурский уверен: в жизни каждого должно быть немного дождливой погоды

Заслужаны работнiк сельскай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь механiзатар ААТ «Рассвет iмя К. П. Арлоўскага» Кiраўскага раёна Мiкалай Белакурскi: «У жыццi павiнна быць крыху дажджлiвага надвор'я. Каб больш цанiць прыемнае…»

Атрад механiзатараў у слынным калгасе «Рассвет iмя К. П. Арлоўскага» Кiраўскага раёна Мiкалай Белакурскі папоўнiў адразу пасля атрымання атэстата сталасцi i пасведчання трактарыста-машынiста. Да асенняга армейскага прызыву на Т-25 сцягваў валакушамi на сенажацях i палях копы сена, саломы, займаўся iншай справай. На жыццёвы выбар юнака ў значнай ступенi паўплывала сямейная традыцыя: тата Iван Ануфрыевiч, старэйшыя браты Уладзiмiр i Iван былi механiзатарамi. Мацi Ганна Дзмiтрыеўна даiла кароў на ферме. У аграгарадок Мышкавiчы, цэнтральную сядзiбу гаспадаркi, бацькi пераехалi з аддаленай на паўтара дзясятка кiламетраў вёскi Глыбокавiчы.

У розныя гады Мiкалай Белакурскi ўзначальваў звеннi па вырошчваннi збожжавых, гароднiны. Больш за сорак гадоў працы механiзатарам неаднаразова выходзiў у пераможцы раённага, абласнога i рэспублiканскага спаборнiцтваў на ўборцы зерневых. I сёлета на «Дажынках» у Хоцiмску атрымаў ганаровы дыплом.

Вытворчыя здабыткi Мiкалая Iванавiча адзначаны ордэнам Пашаны, медалём «За працоўныя заслугi», званнем «Заслужаны работнiк сельскай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь», медалямi ВДНГ, ганаровымi граматамi i дыпломамi Мiнсельгасхарча, Магiлёўскага аблвыканкама, Рэспублiканскага аграпрамысловага саюза. У 2016 годзе ён прызнаны «Чалавекам года Магiлёўшчыны».

На абласным свяце-кiрмашы «Дажынкi» ў Хоцiмску Кiраўнiк Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Iгар Сергяенка сярод iншых перадавых вытворчых сельгаспрадпрыемстваў Магiлёўшчыны адзначыў i плённыя вынiкi калектыву ААТ «Рассвет iмя К. П. Арлоўскага». Кожны гектар хлебнай нiвы гаспадаркi (а iх звыш двух тысяч) даў больш за паўсотнi цэнтнераў збожжа. Паспяхова завяршаюць год i жывёлаводы — настроены пераадолець дзесяцiтысячны рубеж па надоях малака ад кожнай з амаль трох тысяч кароў. Штодзённа на перапрацоўку адпраўляецца прыблiзна 70 тон прадукту.

Парадак на заасфальтаваным прасторным машынна-трактарным двары. Усе збожжаўборачныя i корманарыхтоўчыя камбайны, iншыя агрэгаты пастаўлены на зiмовае захоўванне ў закрытыя ангары. Шэсць сезонаў адпрацаваў на энерганасычаным трактары Мiкалай Белакурскi, цяпер рамантуе машыну ў фiрменнай майстэрнi, як i яго калегi. Механiзатар перасеў на МТЗ, падвозiць будаўнiчай брыгадзе матэрыялы.

— Без справы не звык сядзець, — гарэзлiвыя iскрынкi ўспыхнулi ў вачах Мiкалая Белакурскага. — У жнiво перасаджваўся з трактара на збожжаўборачны камбайн. На гомельскiм агрэгаце першым не толькi ў раёне, а i ў вобласцi пераадолеў тысячны намалот зерня, а потым i двухтысячны. Прыязджалi прадстаўнiкi «Гомсельмаша» i ўрачыста вiншавалi. Такая павага надала настрою i жадання працаваць яшчэ лепш. Камбайн не ўступае сучасным замежным аднатыпным агрэгатам, iм зручна кiраваць. Перад тым як узяцца за ўборку, дэталёва азнаёмiўся з аўтаматыкай. Пачыналi жнiво з абмалоту азiмага ячменю, да 60 цэнтнераў на круг атрымлiвалi на некаторых участках. Высокай ураджайнасцю парадаваў i азiмы рапс (займаў тысячу гектараў). У два разы больш была ўборачная плошча азiмых збожжавых: чатырнаццаць экiпажаў штодзённа выходзiлi ў загон. Акрамя мяне, больш як па дзве тысячы тон зерня намалацiлi Мiкалай Дрозд, Валерый Пiскуноў i Юрый Асташоў. Нас вiталi на раённых i абласных «Дажынках».

Мiкалай Iванавiч, завяршаецца Год мiру i стварэння. Якiм ён выдаўся для вас?

— Як заўжды, напружаным. Для хлебароба лёгкiх сезонаў не бывае. З вясны на энерганасычаным трактары рыхтаваў глебу для сяўбы дзесяцiметровым культыватарам. Машына магутная, высокапрадукцыйная. Даглядаў пасевы, а як пачалася нарыхтоўка кармоў, трамбаваў зялёную масу ў траншэях. У жнiво па традыцыi сеў за штурвал камбайна. Люблю напружаны час, калi кожная мiнута дарагая. Праца на зямлi заварожвае. Шчаслiвы, што знайшоў сябе ў жыццi.

На пачатку ўборкi збожжавых на поле прыязджалi тэлевiзiёншчыкi i цiкавiлiся, цi радуе ўраджай. Выкарыстоўваем неабходныя арганiчныя i мiнеральныя ўдабрэннi, дакладна вытрымлiваем тэхналагiчны працэс, таму заўжды вынiк прадказальны. Уносiм пэўны ўклад у харчовую бяспеку краiны.

Балюча ўспрымаю падзеi, што адбываюцца ў паўднёвай суседкi. Падтрымлiваю прапанову нашага Прэзiдэнта аб дыпламатычным урэгуляваннi канфлiкту. Бянтэжыць мяне, што раз'юшаныя малойчыкi ў суседнiх краiнах зносяць помнiкi гiстарычным военачальнiкам, якiя кiравалi ў Вялiкую Айчынную вызваленнем iх зямель ад нямецка-фашысцкай чумы. А цi можна спакойна ўспрымаць падзеi на Блiзкiм Усходзе? Мая сваячка з мужам даўно перабралiся ў Iзраiль. Тэлефануюць i паведамляюць, што хаваюцца па падвалах, баяцца бамбёжак. Няўжо сусветная супольнасць не мае магчымасцi стрымаць гэта жахлiвае полымя, якое можа ўспыхнуць усеагульнай бядою? Нездарма кажуць: лепш дрэнны мiр, чым добрая вайна.

Вялiкае шчасце, што над намi не рвуцца снарады, краiна не ўцягнута ў варонку вайны. Стваральнай працай кожнага грамадзянiна мацуецца агульная эканомiка. Наша пакаленне памятае, як па талонах атрымлiвалi, напрыклад, шкарпэткi, абутак. У прамтаварных i харчовых магазiнах ззялi парожнiя палiцы, панаваў масавы дэфiцыт. Цяпер усяго ўдосталь. Гэта вынiк умелага кiравання краiнай. Стваральным выдаўся гэты год у нашай гаспадарцы. Па iнiцыятыве дырэктара Аляксандра Iванавiча Багеля набылi i запусцiлi ў дзеянне ўстаноўку па перапрацоўцы насення рапсу i ўвесь сабраны ўраджай (а гэта звыш 4500 тон) перапрацавалi. Рапсавае масла рэалiзуем, а жмых папоўнiў кармавы рацыён жывёлы.

— Што ў вашай працы самае складанае?

Дасканальна вытрымлiваць тэхналагiчны працэс. Справа патрабуе старання. Крыху не так нешта зробiш — i вынiк не той. Зямля заўжды адчувае адносiны хлебароба. Многiя гады да выхаду на заслужаны адпачынак агранамiчнай службай кiраваў прафесiянал Мiкалай Дзмiтрыевiч Лянкевiч. Ведаў асаблiвасцi кожнага поля i ў час асноўных кампанiй, як сапраўдны дырыжор вялiкага аркестра, граматна каардынаваў працэс, сачыў за выкананнем тэхналогii. З году ў год у нас раслi вытворчыя паказчыкi. Памятаю, як даручылi мне ўзначалiць звяно па вырошчваннi цукровых буракоў. Жанчыны толькi прарывалi пасевы, а ўсе работы ад сяўбы да ўборкi ўраджаю амаль два дзесяцiгоддзi выконваў я на трактары МТЗ-80. Збiралi звыш тысячы цэнтнераў салодкiх каранёў з гектара. За высокiя паказчыкi атрымаў першую ўзнагароду — срэбраны медаль ВДНГ СССР. Вясною 2006га адзначаны медалём «За працоўныя заслугi». У той год на рэспублiканскiм свяце-кiрмашы працаўнiкоў вёскi «Дажынкi» ў Бабруйску за першынство ў спаборнiцтве сярод камбайнераў з рук Прэзiдэнта атрымаў ключы ад аўтамашыны, а праз дзесяць гадоў ён уручыў мне ў Палацы Рэспублiкi ордэн Пашаны.

— Хвалявалiся перад такiмi важнымi падзеямi?

А як жа iнакш, калi да цябе такая ўвага. У час жнiва пра перамогу i не думаў, працаваў з намерам як мага больш намалацiць зерня, бо ад гэтага залежыць наш заробак. Нi разу не выехаў у поле з неадрэгуляванымi механiзмамi ў камбайне. Адзiн год памочнiкам у мяне быў бацька Iван Ануфрыевiч, i наш экiпаж выйшаў у пераможцы рэспублiканскага спаборнiцтва на ўборцы збожжавых. На «Дажынках-2005» у Слуцку тата атрымаў вiдэакамеру, а я вярнуўся дамоў з халадзiльнiкам.

Асаблiвае хваляванне агарнула мяне, калi збiраўся на ўрачыстасць у сталiцу. Апрануў новы касцюм, жонка адпрасавала прыгожую кашулю. Палац Рэспублiкi ўразiў велiччу. У глядзельнай зале сядзеў побач з перадавым камбайнерам з дзяржынскага ААТ «Крутагор'е-Петкавiчы» Сяргеем Максiмцом (убiраць збажыну яму дапамагаў вадзiцель-выпрабавальнiк з «Гомсельмаша» Васiль Зур, летась яны намалацiлi звыш шасцi тысяч тон зерня). Там сабралася шмат перадавiкоў з розных рэгiёнаў. Дыктар па мiкрафоне называў прозвiшчы i запрашаў на сцэну для атрымання ўзнагарод.

Сэрца ёкнула, калi выклiкалi мяне. Прэзiдэнт прымацаваў мне да пiнжака ордэн Пашаны, уручыў букет, моцна пацiснуў руку i падзякаваў за працу.

Кветкi прывёз жонцы. Хваляваўся i летась, калi ў сталiцы на святкаваннi Дня работнiкаў сельскай гаспадаркi i перапрацоўчай прамысловасцi аграпрамысловага комплексу Кiраўнiк краiны ўручаў пасведчанне «Заслужанага работнiка сельскай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь». Такiя важныя моманты застаюцца назаўсёды ў памяцi.

— Калi выдаецца вольны час, як бавiце яго?

— Заўжды хапае спраў па гаспадарцы. Люблю нешта рамантаваць у доме, наводзiць парадак на агародзе цi падворку альбо бавiць час каля машыны ў гаражы. Часам наплываюць думкi: «Вось бы на рыбалку вырвацца!» Маю нават спецыяльныя прылады, але даўно iмi не карыстаюся. Важны сам працэс. З вялiкай асалодай i ў лес iду, хаця грыбнiк я нiкуды не варты. Бацька з-пад маiх ног грыбы збiраў, а я чамусьцi не бачыў iх. Ад таты ў мяне i старэйшых братоў з маленства цяга да тэхнiкi. За ўсё жыццё нi разу не быў у санаторыi i доме адпачынку. Калiсьцi калгаснай групай адпраўлялiся турыстычным поездам па прасторах былой вялiкай нашай краiны, наведвалi Каўказ, iншыя цiкавыя мясцiны. Люблю з жонкай вандраваць па Беларусi.

— А дзе вы пазнаёмiлiся?

Пасля службы ў армii вярнуўся дамоў, з сябрамi бавiў вольны час на танцах. Быў свой iнструментальны ансамбль, i вечарамi Палац культуры гудзеў ад моладзi з усiх навакольных вёсак. Там пазнаёмiўся з дзяўчынай Любай, якая прыехала з суседняй вёскi Букiно пагасцяваць да родных. На матацыкле ездзiў на спатканнi. Працавала каханая ў нашым санаторыi. Амаль год сустракалiся, а зiмою згулялi вяселле. Ад калгаса падарылi нам прыгожы набор посуду. Люба ўладкавалася на працу ў цяплiцы, зараз загадвае фермай па адкорме буйной рагатай жывёлы. Жывём ва ўласным катэджы. Узводзiць яго дапамагала гаспадарка (у тыя гады маладым сем'ям рашэннем праўлення калгаса выдавалi беспрацэнтную пазыку). Атрымалi дарма i будматэрыялы. I за работу, што выконвалi на ўласнай будоўлi, калгас плацiў нам. У тыя гады кожны працаўнiк гаспадаркi штодзённа атрымоўваў бясплатна лiтр малака. У кожнай з сямi вытворчых брыгад стаялi спецыяльныя ларкi, у якiя ранiцай завозiлi малако i iншыя прадукты харчавання. А якi цудоўны хлеб быў у нашай пякарнi! Дзейнiчала ў гаспадарцы пяць сталовак. Працуем на полi i на абед едзем у блiжэйшую з iх. За харчаванне не патрэбна было разлiчвацца. Кожную восень калгасныя сем'i забяспечвалiся бясплатна бульбай i гароднiнай. На сваiх участках людзi садзiлi другi хлеб толькi для ўжывання ў летняе мiжсезонне. У цэнтры выкарчавалi старыя дрэвы, навялi парадак ля фантана. Захаваўся цудоўны экзатычны зiмовы сад у Палацы культуры. Пры ўездзе ў аграгарадок узвышаецца праваслаўная каплiца. Была задума побач пабудаваць храм. Хочацца спадзявацца, што яна здзейснiцца. Самае галоўнае для чалавека — духоўнае багацце. Асаблiва адчуў гэта падчас кавiду, калi жыццё вiсела на валаску. Захварэла i жонка, але ў яе аказалася больш лёгкая форма. У самы разгар жнiва трапiў у рэанiмацыю. Дзякую ўрачам, што вярнулi мяне амаль з таго свету. Пасля бальнiцы не мог стаць на ногi. З маленькiм абразом Божай Мацi каля сэрца адправiўся на складаную аперацыю. Усё абышлося: да вясны ачуняў i з першым цяплом вывеў трактар у поле.

Што вам прыемней: браць цi аддаваць?

Часцей аддаю, чым нешта атрымлiваю. Мы з жонкаю так iмкнулiся выхоўваць сына, а цяпер i нашых абедзвюх унучак. Яны любяць наведвацца да нас. Вось старэйшая загарэлася жаданнем навучыцца на гiтары iграць. У музычнай школе сказалi, што яшчэ па ўзросце  не падыходзiць, i параiлi заняцца домрай. Спраўна наведвае заняткi, i ўжо ёсць пэўныя вынiкi. У мяне шчаслiвы лёс. У нашай сям'i сумесна прымаем важныя рашэннi.

Хочам таго цi не, але здараюцца моманты зайздрасцi. Вам удаецца пазбаўляцца ад такой заганы?

Мне не трэба гэта рабiць, бо радуюся поспеху iншых, заўжды iмкнуся камусьцi дапамагчы. Мабыць, нехта i зайздросцiць, але iмкнуся не звяртаць увагi.

Больш за сорак гадоў працуеце механiзатарам, i дома спраў хапае. Калi больш стамляецеся?

Асаблiва ў час уборкi. Праз некалькi гадоў мяне чакае заслужаны адпачынак, але, напэўна, папрашу кiраўнiцтва гаспадаркi, каб дазвалялi i надалей душу адводзiць хаця б у ролi памочнiка камбайнера.

— Цi папаўняецца атрад рассветаўскiх механiзатараў?

Прыходзяць маладыя i застаюцца ў калектыве. Смела цiкавяцца заробкамi. Некалi я рады быў, што мне даверылi трактар. Памятаю, калi вярнуўся ў Мышкавiчы пасля службы ў армii i стаў працаваць, то да трыццацiгадовых механiзатараў з павагай ставiўся. Вось зараз у наш калектыў прыйшлi Аляксандр Елiсеенка i Андрэй Дрозд. Яны будуць працягваць нашу справу. Аляксандр падмяняе мяне на трактары. Ёсць i старэйшыя механiзатары. Праблема замены iх паўстае востра.

Вас паважаюць у калектыве, дзяржавай высока ацэнены вашы працоўныя здабыткi, а пражытыя гады насычаны прыемнымi падзеямi. Што найбольш дорага?

Самыя значныя падзеi адбывалiся звычайна ўвосень. Хапала i горкiх момантаў. Шчыра кажучы, баюся гэтай пары года. У кожным жыццi павiнна быць крыху дажджлiвага надвор'я. Каб больш цанiць прыемнае. Нашы лёсы, як iльняныя ручнiкi, сатканы з розных падзей. Так складаецца палатно жыцця. Праз дзесяцiгоддзi помнiцца, як з бацькам касiлi канюшыну (да 30 сотак за ранiцу) на прысядзiбным участку i здавалi зялёную масу ў калгас. Многае з мiнулага грэе душу. У думках часта вяртаюся ў родную вёсачку Глыбокавiчы, дзе кожны куточак дарагi сэрцу. Хочацца прайсцiся берагам iмклiвай рэчкi Добасны, дзе з сябрамi дзяцiнства рыбачыў. Не забываецца той шчаслiвы дзень, калi нарадзiлася першая ўнучка. Мне тады споўнiлася 50 гадоў. Такi цудоўны падарунак атрымаў. У маладосцi радаваўся самай нязначнай падзеi, марыў стаць трактарыстам. Больш нiкiм сябе не ўяўляў. Так i сталася, i ў гэтым маё шчасце.

Владимир Суббот, СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна