RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мёртвыя і жывыя

Пазычыць назву ў Канстанціна Сіманава для першага артыкула вырашыла не выпадкова. Героі яго рамана паўтарылі лёс мужных абаронцаў Магілёва. З акружэння ўдалося выйсці нямногім, большасць засталася ляжаць у безыменных магілах - іх вельмі шмат на Магілёўшчыне.

Вызваленне вобласці было не менш цяжкім і крывавым. Кожны год на месцах былых баёў працуюць Вахты памяці, арганізаваныя сіламі абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага атрада «Віккру» (ад лацінскага «Vіctorіa cіventa» - «Перамога, заваяваная крывёй»). Цяпер гэта адзінае афіцыйна зарэгістраванае на тэрыторыі краіны такое аб'яднанне. У 16 раёнах вобласці дзейнічаюць дваццаць яго атрадаў і груп. Штогод па выніках пошукавых работ аб'яднання выпускаецца часопіс «Магілёўскі пошукавы веснік», дзе друкуюцца апошнія звесткі з архіўных крыніц і экспедыцый. Гэта выданне існуе дзякуючы падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама. Стваральнікам і натхняльнікам атрада з'яўляецца Мікалай Барысенка, неабыякавы чалавек, які аддаў пошукавай справе 25 гадоў свайго жыцця.

Вялікая Айчынная вайна скончылася болей чым 70 гадоў таму, але шмат чаго яшчэ пра яе мы не ведаем. Застаюцца невядомымі сотні тысяч імёнаў салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія не вярнуліся з фронту. Але існуюць людзі, якія па крупінках аднаўляюць трагічныя падзеі тых часоў. Яны, «ваенныя археолагі», застаюцца на перадавой, праз іх мы трымаем сувязь з нашымі роднымі, якія засталіся на палях бітвы. Новы праект «Звязды» пазнаёміць з героямі, якія сёння вяртаюцца з вайны, адкрые новыя імёны і прасочыць лёс іх уладальнікаў...

- Што наогул падштурхнула вас заняцца гэтай дзейнасцю? - пацікавіліся мы ў Мікалая Сяргеевіча.

- Вайна не абмінула ніводнай беларускай сям'і, мая таксама не была выключэннем. З васьмі братоў дзеда на вайне ацалелі ўсяго двое. І толькі аб адным з загінулых атрымалася знайсці звесткі. За свой апошні бой ён пасмяротна быў узнагароджаны медалём «За адвагу». Першая ў маім жыцці Вахта памяці праходзіла каля вёскі Шапялевічы Круглянскага раёна. У 1944-м савецкі дэсант крыху не разлічыў прызямленне і трапіў проста ў цэнтр нямецкай калоны. Мы знаходзілі ў колішніх акопах астанкі нямецкіх і савецкіх салдат, якія так і ляжалі побач, нават не разамкнуўшы рукі ў апошняй сваёй смяротнай сутычцы. За 11 дзён паднялі астанкі 13 нямецкіх і 60 савецкіх салдат.

- У зніклых без звестак няма нават даты смерці. І для іх родных у любым калене гэта трагедыя. Большасць запытаў з просьбай адшукаць сваякоў паступае на сайт пошукавага атрада «Віккру» цяпер менавіта ад унукаў і праўнукаў невядомых салдат. Да нас звяртаюцца грамадзяне Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Латвіі, ЗША, Ізраіля. За год мы атрымліваем некалькі сотняў такіх лістоў.

Пошукавая работа - гэта наш пярэдні край барацьбы за савецкіх салдат, за забітых мірных жыхароў, за захаванне сапраўднай гісторыі вайны. Сіла - у праўдзе, а праўда - у архіўных дакументах і палявых даследаваннях! Нельга, каб той магутны гісторыка-патрыятычны патэнцыял, які неслі ўдзельнікі і ветэраны вайны, зараз растварыўся і знік. І тут не павінна быць фармалізму. Байцам нашага атрада не трэба тлумачыць, чаму так важна знайсці кожнага байца. Маладым людзям, якія прывыклі да «стралялак» у інтэрнэце, было б карысна пабываць з намі на месцах крывавых бітваў Вялікай Айчыннай. Убачыць узаранае поле з раскінутымі па ім чалавечымі касцямі. Магчыма, нешта б перамянілася ў іх душы.

- Чаго сёння не хапае для развіцця больш маштабнага пошукавага руху ў краіне?

- Не хапае нарматыўнай базы, якая б прадугледжвала стварэнне сектараў пошукавай работы пры абласных цэнтрах творчасці і каардынавала б іх дзейнасць, не хапае фінансавання, юрыдычнай самастойнасці і шмат чаго іншага. Сёлета мы накіравалі свой зварот у Акадэмію навук Беларусі з просьбай уключыць нашы прапановы ў праект нарматыўнай базы, якая датычыцца дзейнасці пошукавых арганізацый.

Мы шмат гаворым пра патрыятызм, а пошукавая дзейнасць якраз і выхоўвае ў чалавеку патрыёта. Па даных на 2018 год, толькі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці ў брацкіх воінскіх пахаваннях і адзіночных магілах спачывае больш за 325 тысяч чалавек, з іх вядомыя імёны толькі каля 75 тысяч воінаў, астатнія 250 тысяч — безыменныя! І гэта толькі ўлічаныя пахаванні. Дзясяткі тысяч не пахаваных афіцыйна салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі працягваюць заставацца ў акопах, траншэях, лясных ямах, балотах. Дагэтуль невядомы імёны і месцы гібелі членаў лётных экіпажаў, якія не вярнуліся з баявога задання. Для нас справа гонару аднавіць іх, аддаць ім апошнюю пашану. І вельмі маглі б дапамагчы гэтай справе сектары пошукавай работы, пра якія мы сёння так марым. Сумесна з упраўленнем па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь і 52-м асобным пошукавым батальёнам яны б займаліся зборам інфармацыі пра невядомыя падзеі ў гады вайны, даследчай і аналітычнай працай, правядзеннем летніх пошукавых лагераў, разведвальных пошукавых экспедыцый па месцах былых баёў, стварэннем куткоў і музеяў пошукавай работы, вядзеннем банка даных аб нававыяўленых невядомых раней пахаваннях воінаў Чырвонай Арміі. Такая праца цяпер актыўна праводзіцца ў Расіі, падтрымліваецца на самым высокім дзяржаўным узроўні і фінансуецца з федэральнага бюджэту.

- Сёлета вашаму пошукаваму аб'яднанню спаўняецца 25 гадоў. Самы час падсумаваць, што зроблена і што яшчэ трэба зрабіць.

- Падчас нашых сумесных з 52-м асобным пошукавым батальёнам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь экспедыцый паднятыя і ўрачыста перапахаваныя болей чым 1150 салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, 76 з іх вернутыя імёны. Акрамя гэтага, па архіўных матэрыялах устаноўлена болей чым 20 тысяч імёнаў абаронцаў Магілёўшчыны, якія лічыліся зніклымі без звестак.

Па ініцыятыве «віккраўцаў» тры вуліцы Магілёва названы імёнамі герояў абароны - Рыгора Златавустаўскага, Мікалая Цярохіна і Якава Слепакурава. У Чавускім раёне ўстаноўлены першы ў краіне помнік штрафным батальёнам Чырвонай Арміі, якія на працягу некалькіх месяцаў 1943-га штурмавалі на Проні нямецкія пазіцыі.

Наперадзе ў нас яшчэ вельмі шмат работы. Наспела неабходнасць узвядзення годнага мемарыяла ў Чавускім раёне. Тут, на рацэ Проня па лініі Дуброўна - Слаўгарад (Прапойск), у 1943-1944 гадах на працягу паўгода дзясяткі дывізій Заходняга фронту вялі цяжкія кровапралітныя баі. За гэты час яны страцілі больш чым 330 тысяч чалавек - забітымі, параненымі, зніклымі без вестак. І мы павінны аддаць ім даніну павагі.

У планах таксама стварэнне навукова-папулярных кніг аб дзейнасці ў гады Вялікай Айчыннай вайны вайсковых дыверсійных разведгруп на тэрыторыі вобласці, партызанскага друку ў Клічаўскай партызанскай зоне. Строім планы наконт наступных Вахтаў памяці. Архіўныя дакументы і нямецкія аэрафотаздымкі дапамогуць нам вызначыцца з месцамі пошукаў. Спадзяёмся, што ў выніку нашых экспедыцый белых плям у гісторыі Вялікай Айчыннай вайны стане яшчэ менш. За апошнія шэсць гадоў клубам былі ўстаноўлены месцы падзення ў гады вайны савецкіх самалётаў: пікіруючага бамбардзіроўшчыка Пе-2 у Магілёўскім раёне і далёкага бамбардзіроўшчыка Іл-4 у Клічаўскім. Па нумарных дэталях рухавікоў пры дапамозе расійскіх і ўкраінскіх пошукавікаў устаноўлены імёны экіпажаў і баявыя гісторыі самалётаў. На магіле лётчыкаў у вёсцы Макаранцы Магілёўскага раёна ўстаноўлены помнік, а ў Клічаве, на пахаванні борт-стралка і стралка-радыста, - памятны знак. На жалобнай урачыстай цырымоніі перапахавання прысутнічалі сваякі загінулых з Масквы і Ташкента. Зараз спрабуем устанавіць экіпаж савецкага знішчальніка Ла-5 у Чавускім, бамбардзіроўшчыка Як-4 у Быхаўскім і трох ТБ-2 у Кіраўскім раёнах, якія былі збіты немцамі на працягу 1941-1944 гадоў. Адным словам, работы столькі, што хопіць яшчэ на некалькі пакаленняў наперад.

Нэлі Зігуля, «Звязда»