RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ушел из жизни бывший первый заместитель председателя Могилевского облисполкома Василий Иванович Акулич

Усё жыццё яго было як панядзелак...

Вельмі горкая навіна: за два тыдні да свайго шасцідзесяцігоддзя пайшоў з жыцця вядомы беларускі хлебароб і аграрны менеджар Васіль Іванавіч Акуліч. Кожны новы дзень дорыць нам, журналістам, сустрэчы з рознымі людзьмі. Запомніць усе немагчыма. Нічога асаблівага не прадказвала і першае знаёмства з Васілём Іванавічам Акулічам. У той час ён узначальваў ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «Агракамбінат «Мачулішчы». Васіль Іванавіч здзівіў цікавымі разважаннямі пра перспектывы вытворчай дзейнасці аднаго з найбольш буйных сельгаспрадпрыемстваў сталічнай вобласці. Вакол сябе ён згуртаваў каманду аднадумцаў і паспяхова кіраваў калектывам. Апантанасці ў працы і энтузіязму яго можна было пазайздросціць. Ён імкнуўся спасцігаць усе дробязі вытворчага працэсу. А як цёпла расказваў пра калектыў, называў імёны лепшых працаўнікоў. Пра сябе Васіль Іванавіч гаварыў стрымана, адзначыўшы, што ў яго ўсё жыццё як панядзелак. Ён лічыў: не бывае шчаслівага лёсу, выпадаюць толькі шчаслівыя дні. Шчыра прызнаваўся, што імкнуўся, каб іх было болей. Адзначаў, што не ў яго характары не браць усё блізка да сэрца. Гэта ад бацькоў, палескіх хлебаробаў.

Памятаю, як наплылі на Васіля Іванавіча ўспаміны. З прыемнасцю ён узгадваў сваё дзяцінства ў вялікай палескай вёсцы Прыбалавічы. Бацька адным з першых у калгасе стаў шафёрам. Ліха кіраваў грузавіком. За вялікае шчасце сыну было праехацца па вясковай вуліцы ў кабіне. Маці Лідзія Іванаўна працавала ў паляводчай брыгадзе, і па сваёй гаспадарцы клопатаў хапала. Асабліва напружаным быў час касавіцы і жніва. Усёй сям’ёю выносілі скошаную траву з балота на грудок і сушылі на сена для сваіх дзвюх кароў, дровы з бору вазілі, агарод абраблялі.

Цягалі з дрыгвы торбы журавін, з бору — поўныя кашы баравікоў. Прычым іншыя грыбы не збіралі, хапала белых. Ведалі самыя ягадныя мясціны, дзе раслі чарніцы, буякі, брусніцы, маліна, ажыны. Рыбу кашамі ў канавах, на рачных затоках лавілі.

Узгадваючы пра школьныя гады, Васіль Іванавіч адзначаў, што ўсе прадметы яму даваліся лёгка, але чамусьці з пачатковых класаў не ляжала душа да матэматыкі. Так сталася, што менавіта дакладныя навукі і знайшлі сваё месца ў яго лёсе.

З болем расказваў Васіль Іванавіч пра выпадак, які давялося перажыць іх сялянскай сям’і ў тое лета, калі ён пасля заканчэння васьмігодкі паспяхова здаў уступныя экзамены ў Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум і чакаў выкліку на вучобу. Стаялі сухія і цёплыя апошнія дні лета. Паштальён прынёс канверт з запаветным лістом. Сваякі віншавалі яго з паступленнем. У калгасе завяршалася жніво, і амаль уся вёска працавала ў полі. Суседскія хлопчыкі па неасцярожнасці падпалілі сена ў хляве — і ўспыхнула полымя. Агонь перакінуўся на хату. Тушыць не было каму. Пакуль выклікалі пажарных, загарэліся суседнія пабудовы. Як свечка ўспыхнуў дах. Восем сялянскіх дамоў згарэла. Прыехаў бацька на аўтамашыне і, як убачыў папялішча, абхапіў рукамі галаву і доўга сядзеў моўчкі. Маці галасіла: «Як жыць далей?!» Гаспадарка і аднавяскоўцы дапамаглі сям’і Акулічаў.

На ўсё жыццё сыну пагарэльцаў запомнілася, як людзі збіралі яго на вучобу ў Чырвоны Бераг. У тэхнікуме з цікавасцю спасцігаў аграномію. З калгаса атрымліваў 36 рублёў стыпендыі і з сябрамі ў вольны час выгружалі вагоны. У перыяд вучэбнай практыкі разам з аднакурснікамі ў чырвонабярэжскай гаспадарцы сціртавалі салому. Механізатары падвозілі копы і капакідальнікамі ўкладвалі. За заробленыя грошы купіў вопратку і прыехаў дамоў у абноўках.

Светлымі ўспамінамі засталася ў сэрцы навучэнца саўгаса-тэхнікума першая вытворчая практыка ў тураўскім калгасе «Перамога». Гаспадарка славілася на ўсю рэспубліку высокімі ўраджаямі збожжавых. Разам з галоўным аграномам займаліся хімпраполкамі, апрацоўкай пасеваў супраць шкоднікаў. На шчодрых тураўскіх чарназёмах намалочвалі амаль па 100 цэнтнераў пшаніцы.

Праз чатыры гады вучобы малады спецыяліст вярнуўся ў лельчыцкую гаспадарку «Дружба». Пачынаў аграномам. Потым была служба ў арміі. Вучэбку праходзіў у горадзе Балагое, што паміж Ленінградам і Масквой. Захварэў і амаль тры месяцы праляжаў у ваенным шпіталі. Прапаноўвалі камісавацца, але адмовіўся і стаў актыўна займацца спортам. Мог на адной руцэ два разы падцягнуцца. Ніколі не піў гарэлкі і не курыў. Захапіўся цяжкай атлетыкай. Шчыра прызнаўся: з-за таго, што цягаў штангу, пасадзіў рост.

Пасля завяршэння службы паклікалі працаваць у органах дзяржаўнай бяспекі, але душа рвалася дамоў, да зямлі. Старшыня лельчыцкага калгаса «Дружба» Уладзімір Грынцэвіч прапанаваў узначаліць агранамічную службу. Ворыўнай зямлі ў гаспадарцы было ўсяго тысяча гектараў, якія лапікамі туліліся сярод балот. Па эканамічных паказчыках лідзіравалі ў раёне. Эфектыўна вырошчвалі лубін на насенне і ўдала прадавалі ў Прыбалтыку. За адзін КАМАЗ прададзенага насення гэтай культуры маглі купіць мінскі трактар.

Працу агранома малады спецыяліст спалучаў з завочнай вучобай на аграфаку Белдзяржсельгасакадэміі. Займеў сям’ю. Жонкай стала настаўніца матэматыкі Надзея Іванаўна. Нарадзілася дачка, а потым і сын.

Праца з людзьмі многаму навучыла маладога спецыяліста. Яму прапанавалі пасаду інструктара райкама партыі і кватэру ў Лельчыцах. Але ён лічыў, што не для яго гэты занятак. Хутка ўзначаліў лельчыцкі саўгас імя Мічурына. Тэрыторыю гаспадаркі кранулі радыеактыўныя хмары Чарнобыля. Павінны былі высяляць жыхароў некаторых вёсак. Людзей адсялялі, а трэба было і вытворчасць згортваць. Раптоўна гэта не зробіш. Жывёлаводы выехалі, і кароў не было каму даіць. Засталіся толькі тыя, хто не захацеў высяляцца. Удалося захаваць саўгас, які потым далучылі да суседняй гаспадаркі «Стадолічы».

Яшчэ ў гады вучобы ў тэхнікуме Васіль Акуліч захапіўся аграноміяй і ў час самастойнай працы цікавіўся ўсім новым, многае прымяняў у практычнай дзейнасці. Вырашыў паступіць у аспірантуру і заняцца дакладным даследаваннем. Рыхтаваў навуковую дысертацыю «Рэфармаванне сельскагаспадарчай вытворчасці і састаў працоўных рэсурсаў на вёсцы» на прыкладзе Гарадоцкага і Лельчыцкага раёнаў. Але так сталася, што вучоны савет не зацвердзіў яе абарону. Атрымаў дазвол Кіраўніка дзяржавы на паўторную абарону, якая была прысвечана жывёлагадоўлі, і атрымаў дыплом кандыдата сельгаснавук.

Васіль Іванавіч кіраваў упраўленнямі сельскай гаспадаркі Лельчыцкага раёна, а потым Лагойскага. Узначаліў Любанскі райвыканкам. Раён з-за слабай кармавой базы адставаў па паказчыках у жывёлагадоўлі. Узмацнілі корманарыхтоўчыя атрады ў гаспадарках і ў райсельгастэхніцы. Актыўна заняліся рэканструкцыяй жывёлагадоўчых ферм. Пабудавалі новыя даільныя залы. Значна павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы. Узвялі сучасны свінакомплекс. Валавы збор зерня ўпершыню за гісторыю раёна перавысіў 100 тысяч тон. Па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі выйшлі ў лідары ў сталічнай вобласці. Будавалі і аб’екты культурна-сацыяльнага прызначэння. За гады кіраўніцтва Васіля Іванавіча ў Любані адкрылі школу мастацтваў, Дом рамёстваў. На цэнтральнай плошчы зладзілі фантан. Адрамантавалі Дом культуры, бальніцу ў эксперыментальнай базе «Любанская», пабудавалі два плавальныя басейны і адзін дзіцячы. Усе вуліцы ў райцэнтры заасфальтавалі.

Васіль Іванавіч выбіраўся дэпутатам абласнога Савета дэпутатаў сталічнай вобласці. Працаваў першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама, дзе курыраваў сельскую гаспадарку. Узначальваў дзяржаўнае аб’яднанне па меліярацыі зямель, воднай і рыбнай гаспадаркі «Белвадгас» Мінсельгасхарча, працаваў першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Памятаю, з якім энтузіязмам ён узяўся за справу на Магілёўшчыне. Складана было застаць яго ў працоўным кабінеце. Штодзённа выязджаў у гаспадаркі, сустракаўся з кіраўнікамі, галоўнымі спецыялістамі, ладзіў у раёнах вобласці прыём грамадзян. Прымаў на месцы аператыўныя рашэнні. У аўтамашыне заўжды вазіў гумавыя чобаты. Усяго сябе аддаваў працы. Мы з ім часта гутарылі па тэлефоне. Бадзёрым голасам ён расказваў пра зрухі ў сельскай гаспадарцы вобласці. Пра поспехі магілёўскіх хлебаробаў пастаянна друкавалі матэрыялы на старонках нашай газеты. За год амаль у паўтара разы павялічылася валавая вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. І ў гэтым поспеху, безумоўна, значная заслуга Васіля Іванавіча Акуліча.

Да апошняга дня ён жыў на­дзеяй вярнуцца да працы і далей рэалізоўваць грандыёзныя планы развіцця аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны. Але, на вялікі жаль, гэтаму не суджана было збыцца: цяжкая хвароба вырвала з жыцця адданага справе хлебароба, умелага арганізатара вытворчасці, чулага чалавека, вернага сябра, цудоўнага сем’яніна…

Працоўныя здабыткі Васіля Іванавіча адзначаны ганаровымі граматамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, Мінсельгасхарча, Гомельскага, Мінскага і Магілёўскага аблвыканкамаў.

Васіль Іванавіч Акуліч пахаваны ўчора ў роднай лельчыцкай вёсцы Прыбалавічы. Няхай палеская зямля будзе пухам для слыннага яе сына.

СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна