RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Верность Родине, талант и социальная активность – киты, на которых опираются могилевские писатели

Алесь Казека: «Маладыя парасткі каласяцца на творчай ніве»

Галоўная зброя пісьменніка — слова. Нездарма творцы нясуць яго ў свет, ім і ваююць за духоўнасць і прыгажосць роднай зямлі. «Шануйце славу бацькоўскай веры і шануйце справы, якімі продкі вашыя дзяржаву і спадчыну адвеку бераглі» — так у адным са сваіх твораў выказаўся старшыня Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Казека. На працягу шасці гадоў ён узначальвае атрад сваіх паплечнікаў, суполку аднадумцаў.

— Ганаруся тым, што стварылі арганізацыю, якая ў гэты складаны час стала перадавым атрадам ідэалогіі. У ёй няма нейтралітэту. Таму і роля творцы зараз вырасла. Яму трэба разбірацца ва ўсіх сферах жыцця, каб адказваць на любыя пытанні чытачоў. Патрыятызм, талент і грамадская актыўнасць — галоўныя крытэрыі, па якіх адбіраем сяброў да сябе ў аддзяленне. Разам мы сталі адной вялікай сям'ёй, адраджаем духоўнасць, якую некаторыя беларусы страцілі, пайшоўшы празаходнімі сцежкамі. Прычым ворагі іх нам навязваюць непрыкметна і мэтанакіравана, каб разбурыць славянскую духоўнасць і моц. Пераможам, калі будзем шанаваць славу і справы продкаў, памятаць іх. У гэтым і наша адзінства, — упэўнены Алесь Казека.

Лепшыя з лепшых

Прашу старшыню назваць тых, на кім трымаюцца творчасць, арганізацыйная праца і многія іншыя клопаты аддзялення. Прарэктар МДУ імя Куляшова Уладзімір Ясеў уступіў у суполку нядаўна, ягоныя вершы і проза філасофскія. Іх можна прачытаць у зборніках «Палова дыні» і «Времяворот».

— У МДУ імя Куляшова бываю часта. Аднойчы пачуў вершы Уладзіміра Ясева, якія глыбока кранулі мяне, — гартае яго кніжку Алесь Казека. — Прапанаваў аўтару ўступіць у наша аддзяленне — як у ваду глядзеў. Стасункі з універсітэтам сталі яшчэ мацнейшымі. А пры Саюзе пісьменнікаў стварылі экспертны савет, у складзе якога і навукоўцы. Выключыўшы эмацыянальнасць, яны дапамагаюць нам адбіраць і лепшыя творы для публікацыі, і годных аўтараў, якія намерваюцца ўступіць у аб'яднанне.

Яшчэ адна зорачка — Жанна Міус-Усцінава. Сёлета пабачылі свет тры яе кнігі. Піша для дзяцей і актыўна развівае гэты накірунак, шукае перспектыўных аўтараў — такіх, як сама. Яе творы выдаюцца ў буйных дзяржаўных выдавецтвах, прадаюцца ў кнігарнях, запатрабаваны ў бібліятэках. Жанна — настаўніца, добра кантактуе з дзецьмі, да таго ж выхоўвае сваіх. Сабрала ў зорную скарбонку розныя абласныя ўзнагароды, самая галоўная — замілаванне малых чытачоў.

«Колькі ў небе зор — цяжка палічыць» — так спяваецца ў песні. На Магілёўшчыне таксама цяжка пералічыць усе таленты, але вельмі хочацца прыгадаць многіх. Напрыклад, кандыдат філалагічных навук Алёна Кісель, якая доўга праводзіла літаратурную гасцёўню «Магія слова». Вылучаецца сваімі крытычнымі нарысамі, узровень якіх прызнаны на самым высокім пісьменніцкім узроўні. Драматургію ў аддзяленні развівае Вольга Бялова. Гэта яе п'еса «Прыгоды Янкі і Заранкі» працяглы час ішла на сцэне Купалаўскага тэатра, а «Пчелка Зуза» — у Магілёўскім лялечным тэатры. Зараз Вольга ўзначальвае ўзорную студыю «В точку!» у магілёўскай школе мастацтваў № 1 і выпускае з-пад пяра свае новыя набыткі.

— Кандыдат філалагічных навук паэтка Наталля Міхальчук у МДУ імя Куляшова вядзе літаб'яднанне «Натхненне», — усцешана расказвае Алесь Казека. — Арганізуе для студэнтаў сустрэчы з пісьменнікамі. Ёй удаецца зацікавіць моладзь, хоць у наш час гэта зрабіць вельмі складана. Выхаванцы ведаюць магілёўскіх аўтараў, знаёмы з іх творчасцю.

Асобная тэма — таленавітая моладзь на Магілёўшчыне. У аддзяленні саюза пераважна людзі сталыя, так і павінна быць: яны ўзбагачаюць сваіх пераемнікаў вопытам, перадаюць мудрасць. Да статусу пісьменніка трэба дарасці гадамі, тады і радкі будуць пранізлівымі, а думкі — глыбокімі. Але ў складзе суполкі ёсць і маладыя парасткі, якія ўжо закаласіліся на ўрадлівай творчай ніве. Збірае жніво Алесь Казека:

— Многа талентаў знаходзім пры дапамозе конкурсаў. Алеся Цэван, Галіна Пярун, Алена Любчанка-Курэк, Святлана Цмугунова… Ірына Матлак у свае 23 гады мае з дзясятак кніг фэнтэзі, якія выдаюцца ў Расіі. Карэспандэнт газеты «Асіповіцкі край» Ганна Сабела выйграла ў нашым конкурсе беларускамоўнага верша. А мы падыходзім да адбору, як ужо казаў, строга. Адсякаем нізкаякасную літаратуру і іншыя хады, акрамя таленту.

Вайна разбівае легенду пра вечнасць

«Вёска Боркі Грыбавецкага сельсавета Кіраўскага раёна на пачатак вайны налічвала каля 300 двароў, у якіх жыло 1378 жыхароў. Раніцай 15 чэрвеня 1942 года вёску акружылі карнікі. Заходзячы ў хаты, яны нічога не гаварылі і не тлумачылі, а расстрэльвалі ўсіх без разбору — і старых і малых. Закончыўшы расправу, спалілі ўсе дамы. У гэтым страшэнным агні згарэлі і целы расстраляных. Выжыць цудам удалося толькі 23 чалавекам» — гэта прадмова да вершаванай паэмы «Марыйка» Алеся Казекі. Рэалістычная, пранізлівая да слёз: «Хоць не быў я на гэтай вайне, // Не гарэў, скатаваны, у хаце. // Ды, відаць, гэты боль да мяне // З малаком перадаўся ад маці».

Кожны ўдалы твор, як гэта мае быць, не пакідае нікога раўнадушным. Так і з паэмай «Марыйка», якой зацікавіліся тэатралы: спачатку абласны народны тэатр пад кіраўніцтвам Алы Кусковай, затым Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў. Рэжысёр-пастаноўшчык — Алена Ярашук, а навучэнцы каледжа ў свой вольны час старанна рыхтаваліся. Імпрэзу паказалі на галоўнай сцэне Дня пісьменства ў Бялынічах. Лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі беларускі пісьменнік Віктар Праўдзін пасля прагляду прызнаўся: «Калі глядзеў — плакаў».

— Зразумеў: эмоцыя ў пастаноўцы велізарная, — аналізуе зробленае Алесь Казека. — Гледачы выходзяць з залы з іншым светапоглядам. У сталічным Доме літаратара імпрэза таксама выклікала рэзананс. Каб атрымалася яшчэ мацней, сюжэт спектакля пашырылі, аб'яднаўшы паэ­му «Марыйка» з легендай пра вечнасць — паэмай «Медуніца». Гармонію сусвету перапыняе вайна — на гэтым трыгеры пачуццёвасць успрымання падвойваецца.

Маладзёжны тэатральны калектыў са шчымлівай п'есай калясіць па ўсіх раёнах вобласці, а свой праект назвалі «Песня роднай зямлі». Бо паэма «Медуніца» так і пачынаецца: «Дзе цябе адшукаць, песня роднай зямлі, // Каб табою імкнуцца да Бога». Магілёўскае абласное аддзяленне Фонда міру падтрымлівае артыстаў, выдзяляе ім грошы на падарожжы, сумесна з аблвыканкамам выпусціла кніжку з паэмамі, што ўзяты за аснову пастаноўкі. У выданні, якое папоўніла школьныя і публічныя бібліятэкі рэгіёна, падрабязна апісана трагедыя вёскі Боркі, допыты здраднікаў, успаміны відавочцаў, многа ілюстрацый і дакументаў.

Не колькасць, а якасць

На Магілёўшчыне штогод выходзіць каля 20 найменняў кніг. Старшыня аддзялення акцэнтуе ўвагу: галоўнае не колькасць, а якасць. І калі кожную пяцігодку сябра саюза выдае грунтоўны зборнік — гэта цудоўна. Алесь Казека прыводзіць шорт-ліст свежых кніг, на некаторых з якіх яшчэ друкарская фарба не паспела высахнуць:

— Чытайце філасофію Алёны Кісель «Аид — любимец судьбы» і «Забавная мифология», дзе аўтар паставіла багоў з грэчаскай міфалогіі ў сучасныя ўмовы і паглядзела, як яны сябе тут паводзілі б. Рэкамендую сатырычна-гумарыстычны «Маскарад перабудовы» Міхаіла Уласенкі, паэтычны зборнік «Блакіт жывой вады» Валянціны Габрусевай, якая шчыра піша пра родную зямлю, а ў яе рэпертуары каля дзвюх соцень уласных песень. Дзіцячая літаратура — ад Жанны Міус-Усцінавай. Пацікаўцеся «Зоркай Ракхігархі» Алёны Беланожкі, дзе закручваецца дэтэктыўная гісторыя вакол магутнай старажытнай зброі, здольнай знішчыць увесь свет. Са свайго раю пачытаць паэму «Марыйка» і буду рады, калі яна пакіне след у вашай душы.

Елена Басикирская, фото Андрей Сазонов, СБ

При использовании материалов активная гиперссылка на mogilev-region.gov.by обязательна