Рус Бел Eng 中文

Аднаразовую выплату да 75-годдзя Вялікай Перамогі ў Беларусі атрымае каля 20 тыс. чалавек

У сувязі са святкаваннем 75-й гадавіны Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў адпаведнасці з указам № 491 інвалідам і ўдзельнікам вайны, іншым катэгорыям ветэранаў і пацярпелым ад наступстваў вайны будзе аказана аднаразовая матэрыяльная дапамога. Атрымальнікамі гэтых выплат стануць каля 20 тыс. чалавек, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

«На выплату аднаразовай матэрыяльнай дапамогі ў рэспубліканскім бюджэце прадугледжана Br18 млн», – дадалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Так, у Беларусі, а дакладней, у Мінску, жывуць два Героі Савецкага Саюза – Васіль Мічурын і Іван Кустоў. Яны атрымаюць па Br2,5 тыс.

Па Br1,7 тыс. будзе выплачана інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікам баявых дзеянняў па абароне Айчыны да 3 верасня 1945 года, а таксама тым, хто ўдзельнічаў у складзе спецыяльных фарміраванняў у размініраванні тэрыторый і аб’ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943–1945 гадах.

Па Br900 складзе матдапамога ветэранам вайны, якія ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны; якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, у тым ліку мясцовай, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, марскіх баз, аэрадромаў і іншых ваенных аб’ектаў у тылавых межах дзеючых франтоў, на прыфрантавых участках чыгунак і аўтамабільных дарог; працаўнікам на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях Ленінграда падчас блакады з 8 верасня 1941 па 27 студзеня 1944 года і ўзнагароджаных медалём «За абарону Ленінграда», узнагароджаных медалём «Жыхару блакаднага Ленінграда».

Паводле даных на 1 кастрычніка гэтага года, атрымальнікаў пералічаных вышэй катэгорый будзе прыкладна 5,5 тыс. чалавек.

Па Br700 мяркуецца выплаціць грамадзянам, якія пацярпелі ад наступстваў вайны. Гэта члены сем’яў ваеннаслужачых, партызан і падпольшчыкаў, якія загінулі (памёрлі), зніклых без вестак у гады вайны (муж і жонка, якія не ўступілі ў новы шлюб; дзеці-інваліды з дзяцінства (у тым ліку ўсыноўленыя, удачароныя); іншыя ўтрыманцы, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па ўказаных падставах у адпаведнасці з заканадаўствам. Гэта таксама былыя вязні фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання, створаных фашыстамі і іх саюзнікамі ў гады Другой сусветнай вайны, якім устаноўлена павышэнне пенсіі па ўказанай падставе ў адпаведнасці з заканадаўствам; інваліды з дзяцінства з прычыны ранення, кантузіі, калецтва, звязаных з баявымі дзеяннямі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны або з наступствамі ваенных дзеянняў.

«Пры наяўнасці права на аказанне аднаразовай матэрыяльнай дапамогі па некалькіх падставах дапамога будзе аказана па падставе, якая прадугледжвае найбольшую выплату. Выплата будзе праводзіцца па месцы пенсіянавання названых катэгорый грамадзян з 1 красавіка да 1 мая 2020 года ў парадку, устаноўленым для выплаты пенсій», – заключылі ў Мінпрацы і сацабароны.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая