RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Акцыя «Нашы дзеці»: Андрэй Кунцэвіч наведаў Бялыніцкую дапаможную школу-інтэрнат

У Новы год усе мараць пра цуд, асабліва дзеці, і ў нашых з вамі сілах дапамагчы дзіцячым жаданням спраўдзіцца, падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч падчас свята ў Бялыніцкай дапаможнай школе-інтэрнаце. Навагодні ранішнік быў прымеркаваны да рэспубліканскай акцыі «Нашы дзеці».

«У пераднавагоднія дні важна дзяліцца дабром з тымі, хто ў гэтым мае патрэбу ў першую чаргу. Агульная задача дарослых – акружыць дзяцей клопатам і ўвагай, каб кожнае дзіця адчула радасць навагодняга свята. Мы ўсе марым пра цуды ў Новы год, а дзеці асабліва. І ў нашых з вамі сілах дапамагчы дзіцячым жаданням спраўдзіцца», – сказаў Андрэй Кунцэвіч.

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта дадаў, што Магілёўшчына – яго малая радзіма. Таму наведванне Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната перад Новым годам для яго асаблівае свята ўдвая.

Андрэй Кунцэвіч і іншыя госці падарылі школе-інтэрнату неабходную бытавую і камп’ютарную тэхніку, кнігі для бібліятэкі, прысмакі. Выхаванцы інтэрната ў сваю чаргу падрыхтавалі для гасцей цікавую навагоднюю праграму: карагоды, песні, танцы і спектакль па матывах «Папялушкі». «Рыхтаваліся да святаў некалькі месяцаў, – расказала дзесяцікласніца Кацярына Шляга. – Мы прывыклі быць на сцэне, але ўсё роўна трохі хвалюемся. Нядаўна выступалі ў Магілёве, на днях вярнуліся з Бягомля, там паказвалі казку «Пітэр Пэн». А сёння будзем танцаваць».

Дзеці разам з педагогамі не толькі развучвалі песні і танцы, але і пашылі касцюмы, падрыхтавалі для гасцей падарункі ручной работы. «Мы стараемся развіваць нашых дзетак. На базе школы-інтэрната працуюць гурткі і секцыі, – адзначыла намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Таццяна Дзячэнка. – У нас ужо шмат гадоў ёсць свой пчальнік, дзе дзеці вучацца даглядаць пчол і збіраюць мёд, які потым самі ж і ядуць. Акрамя таго, ёсць швейны гурток «Залатая нітка». У нас вялікая швейная майстэрня, выдатныя педагогі. А пасля выпуску дзяўчынкі, калі дазваляе здароўе, працягваюць вучыцца на швей».

У Бялыніцкай школе-інтэрнаце вучацца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця з усёй Магілёўскай вобласці: ад дашкалят да 16-гадовых, усяго 85 дзяцей, сярод якіх 68 сірот і 43 інваліды. Дзецям дапамагаюць набываць навыкі самастойнага жыцця, дапамагаюць адаптавацца ў сучасным грамадстве.

Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» стартавала ў Беларусі 9 снежня і працягнецца па 10 студзеня. Дабрачынны марафон праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Беларусі. Падчас акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведваюць дзіцячыя інтэрнаты і дамы сямейнага тыпу, апякунскія і прыёмныя сем’і, сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, бальніцы. Яны віншуюць дзяцей з Новым годам і Калядамі, уручаюць падарункі, дапамагаюць у вырашэнні праблем. Да дабрачыннай акцыі таксама далучыліся грамадскія аб’яднанні.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая