RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Акцыя па прафілактыцы раку галавы і шыі пройдзе ў Беларусі ў верасні

Беларусь у верасні далучыцца да Еўрапейскага тыдня ранняй дыягностыкі раку галавы і шыі, паведаміла загадчыца лабараторыі анкапаталогіі цэнтральнай нервовай сістэмы з групай анкапаталогіі галавы і шыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Жанна Калядзіч.

Па ўсіх рэгіёнах краіны 16-20 верасня будуць арганізаваны бясплатныя медыцынскія агляды з удзелам спецыялістаў-анколагаў, атарыналарынголагаў, стаматолагаў. Наведванне спецыяліста з прафілактычнай мэтай дазваляе выявіць захворванне на ранніх стадыях, а значыць, выратаваць жыццё многім пацыентам. У гэтыя дні таксама плануецца правядзенне рэспубліканскай канферэнцыі.

Як адзначыла Жанна Калядзіч, дыягностыка злаякасных новаўтварэнняў слізістай абалонкі поласці рота, носа, ротаглоткі, гартані не ўяўляе асаблівай складанасці, паколькі яны адносяцца да пухлін вонкавай лакалізацыі. Аднак запушчанасць застаецца высокай.

Лячэнне доўгае, дарагое, часта траўматычнае. Паводле слоў загадчыцы лабараторыі, ранняя дыягностыка злаякасных пухлін, якая на сёння з’яўляецца галоўнай умовай іх паспяховага лячэння, павінна праводзіцца не па меры звароту пацыента па дапамогу да ўрача, а праз паглыбленае сістэматычнае абследаванне тых, хто ўключаны ў групу павышанай рызыкі захворвання на злаякасныя новаўтварэнні.

Фонавымі працэсамі, якія папярэднічаюць развіццю пухліны лакалізацыі галавы і шыі, зяўляюцца хранічныя запаленчыя змяненні слізістай абалонкі гартані, носа, глоткі. Сярод хворых да 70% – тыя, хто паліць. У тытунёвым дыме мноства таксічных рэчываў, якія, раздражняючы слізістую абалонку, выклікаюць і падтрымліваюць хранічнае запаленне. «Трэба памятаць, што любое новаўтварэнне пры неэфектыўнасці курсу мясцовага лячэння падлягае выдаленню з выкананнем гісталагічнага лячэння, пацыент падлягае пастаяннаму назіранню профільнага ўрача адзін раз на паўгода. Гэта і ёсць першасная прафілактыка раку», – дадала Жанна Калядзіч. Асаблівую насцярожанасць ў дачыненні да захворвання таксама павінны мець людзі, якія працуюць з рознымі таксічнымі выпарэннямі, пылам.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая