RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка патрабуе надзейна абараняць інтарэсы Беларусі ў працы з замежнымі партнёрамі

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе надзейна абараняць інтарэсы Беларусі ў працы з замежнымі партнёрамі і нагадаў аб імпартазамяшчэнні. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў сёння, наведваючы РУП «Завод газетнай паперы» ў Шклове.

У прыватнасці, абмяркоўвалася рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па стварэнні паперы-асновы для дэкаратыўных абліцавальных матэрыялаў. Першапачаткова прадпрыемства супрацоўнічала з вядомай у свеце чэшскай кампаніяй Papcel – пастаўшчыком абсталявання. Аднак рэалізацыя праекта зацягнулася, а частка абсталявання аказалася неадпаведнай. Пачаліся судовыя цяжбы з чэшскай кампаніяй, якія не скончыліся да гэтага часу. Не дапамагла і наяўнасць банкаўскай гарантыі. Кампанія падала на банкруцтва, але, на думку кіраўніцтва завода ў Шклове, гэта ў большай ступені звязана са спробай адысці ад адказнасці і выплаты належных беларускаму боку сродкаў. Завод газетнай паперы ўжо даказаў сваю правату ў міжнародным арбітражы ў Вене, але пытанне тым не менш не ўрэгулявана з прычыны рознага роду дзеянняў з чэшскага боку. Сума, вакол якой вядзецца спрэчка, – прыкладна 10,3 млн еўра.

Завод ужо самастойна з прыцягненнем іншых партнёраў цяпер вымушаны дапрацоўваць устаноўку па вытворчасці паперы-асновы. Кошт дапрацоўкі абсталявання складае 6 млн еўра, тэрміны завяршэння работ – канец 2020 года. Першую партыю паперы-асновы плануецца выпусціць у 2021 годзе, а выйсці на праектныя магутнасці – у 2023-м (гэта 30 тыс. т на год). Патэнцыял унутранага рынку Беларусі – прыкладна 13 тыс. т.

Аляксандр Лукашэнка жорстка запатрабаваў, каб інтарэсы беларускага боку няўхільна былі абароненыя, і гэта тычыцца не толькі канкрэтнага выпадку.

Прэзідэнт запатрабаваў далажыць яму аб усіх магчымых рычагах уздзеяння на чэшскі бок: «Я гэтага не баюся. Мы іх павінны паставіць на месца. Так нельга ставіцца да краіны. І папярэдзьце Макея (міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. – Заўв. БелТа). Я яму даручаў, калі прымаў даверчыя граматы чэшскага пасла. Пасол мяне зразумеў. І сказаў, што гэта справа не вартая таго, каб мы сапсавалі адносіны».

«Яны разумеюць, што не маюць рацыю. Таму далажыце мне ўсе рычагі ўздзеяння на гэтую краіну. Мы павінны паказаць, што трэба па-чалавечы ставіцца да камерцыйных і іншых праектаў. Гэта ўзаемаадносіны дзяржаў. Мы ніколі з Чэхіяй не мелі праблем. Тым больш што я прасіў пасла заняцца гэтым і зняць праблему», – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб вытворчасці паперы-асновы, ён падкрэсліў важнасць імпартазамяшчэння. «Усе 13 тыс. т ён (завод газетнай паперы ў Шклове. – Заўв. БелТа) павінен паставіць любымі спосабамі ў Беларусь. Ніхто не павінен ні грама завезці сюды з боку, калі завод зможа вырабіць гэтыя аб’ёмы», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба паслядоўна адстойваць свае інтарэсы: «Глядзіце сваю краіну. Хопіць глядзець па баках і быць пухнатымі і белымі. У нас ёсць свае інтарэсы, свая дзяржава і свой народ, і мы павінны іх абараніць, чаго б нам гэта ні каштавала. А то мы вырабляем прадукты харчавання, падзець няма куды, а па імпарце кожны год прырост па пастаўках прадуктаў харчавання, лес падзець няма куды, дрэваапрацоўка свая... Занадта «прыстойныя» сталі. За кошт дзяржавы і народа».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Кітай і ЗША па ўказаных прычынах нават пачалі гандлёвую вайну. «Не могуць дамовіцца. Толькі першы этап прайшлі. Таму імпартазамяшчэнне – пытанне нумар адзін, асабліва тое, што мы вырабляем. Навошта мы завозім, плацім грошы і даём працу іншым людзям, калі нам трэба тут знайсці гэтыя грошы?» – задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Магілёўскай вобласці і Шклоўскага раёна, працы канцэрна «Беллеспаперапрам», росце ўкладу ляснога комплексу ў эканоміку краіны. Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, каб усё абяцанае і агучаныя планы няўхільна выконваліся. «Вы бачыце, якая сітуацыя. Я нікому не дарую, калі не будуць выкананыя дадзеныя мне абяцанні», – сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчасцю і напрыканцы наведвання завода пагутарыў з прадстаўнікамі працоўнага калектыву. Ён расказаў, што калісьці было прынята рашэнне аб развіцці Беларусі, і акцэнт быў зроблены на тыя напрамкі, дзе ёсць сыравіна і магчымасці. У іх ліку дрэваапрацоўка. «Усё, што вы робіце тут, купяць, але трэба варушыцца. Мы застылі, і ў гэтым уся праблема. Многія мяне ведаюць з юнацтва і маладосці. Людзей прымусіць варушыцца я ўмею. Таму разгортвайцеся, дырэктар у вас нядрэнны. Я веру, што вы абяцанае зробіце. Усё, што трэба ад дзяржавы, ужо атрымліваеце», – рэзюмаваў беларускі лідар.

Ад працоўнага калектыву кіраўніку дзяржавы падарылі драўлянае пано «Трафімава крыніца», з выявай крыніцы, якая знаходзіцца на малой радзіме Прэзідэнта ў ваколіцах аграгарадка Александрыя.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая