RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з прадстаўнікамі буйнейшых СМІ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка праводзіць сустрэчу з прадстаўнікамі буйнейшых сродкаў масавай інфармацыі.

Мерапрыемства праходзіць у Палацы Незалежнасці.

Як паведамлялася, раней такія сустрэчы з актывамі прайшлі ў Мінску, Магілёўскай, Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Акрамя таго, нядаўна Аляксандр Лукашэнка сустракаўся ў сталіцы з педагагічным актывам краіны.
 

Аляксандр Лукашэнка: я добра ўспрымаю розныя пункты гледжання

«Большасць з 250 чалавек у зале - людзі дзяржаўныя, хоць у вас своеасаблівае мысленне. Гэта дакладна. Тое, што ў вас на той ці іншы факт можа быць рознае меркаванне - гэта таксама нармальна, я гэта добра ўспрымаю», - сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Паводле яго слоў, на ўзроўні Прэзідэнта выпрацавана дакладнае патрабаванне, што пры падрыхтоўцы любога мерапрыемства абавязкова ўлічваюцца розныя пункты гледжання. «Абавязкова альтэрнатыва, абавязкова канкурэнцыя, сутыкненне меркаванняў, мазгавая атака - усё гэта правільна», - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў асобных масмедыя апошнім часам сталі з'яўляцца розныя канспіралагічныя тэорыі наконт таго, чаму кіраўнік дзяржавы праводзіць сустрэчы з актывамі. «Нібыта нешта надзвычайнае адбываецца і таму Прэзідэнту даводзіцца рэагаваць як пажарнаму, - сказаў ён. - Дык вось: няма ніякай надзвычайшчыны».

Прэзідэнт адзначыў, што сустракаецца з прадстаўнікамі СМІ, каб растлумачыць асобныя аспекты ўнутранай і знешняй палітыкі, пракаменціраваць падзеі, якія адбываюцца, адказаць на актуальныя пытанні, што хвалююць журналістаў і іх аўдыторыю. «Мы павінны адкрыта з вамі пагаварыць па тых пытаннях, перш за ўсё, якія хвалююць вас», - сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што для рынку масмедыя важным фактарам з'яўляецца наяўнасць дзяржаўных СМІ, і ў Беларусі, як запэўніў Прэзідэнт, іх колькасць скарачацца не будзе. Работа Міністэрства інфармацыі на чале з нядаўна назначаным міністрам будзе нацэлена на падтрымку такіх СМІ.

Прэзідэнт падкрэсліў: наяўнасць свабоды слова не прадугледжвае ўсёдазволенасці, хоць некаторыя яе так разумеюць, асабліва што датычыцца выказванняў у сетцы Інтэрнэт. Некаторыя медыйныя персоны за свае публікацыі ў сацсетках атрымалі негатыўную рэакцыю, аж да асабістай знявагі. «Вы, асабліва прагрэсіўна настроеныя людзі, адчулі, што такое свабода слова: сказаў не тое, абзавуць яшчэ мацней... - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Кожны з вас атрымаў порцыю (негатыву. - Заўвага БЕЛТА), той, хто нават не за Лукашэнку слова сказаў, а за дзяржаву».

«Свабода слова ў любой дзяржаве абмежавана законам. Таму тут мы навядзём парадак», - запэўніў Прэзідэнт.

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая