RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аматараў лыжнага спорту збярэ 2 лютага ў Магілёве абласное зімовае спартыўнае свята «Беларуская лыжня»

Абласное зімовае спартыўнае свята «Беларуская лыжня–2019» пройдзе 2 лютага ў Пячэрскім лесапарку. Плануецца, што традыцыйнае спаборніцтва збярэ ўдзельнікаў з усіх раёнаў Прыдняпроўскага краю, Магілёва і Бабруйска, паведамілі карэспандэнту сайта ва ўпраўленні спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама.

Урачыстае адкрыццё спартыўнага свята адбудзецца ў 10.30. Пачнуцца спаборніцтвы ў 11.00 лыжнымі эстафетамі сярод каманд раёнаў. У 11.40 на такую ж дысцыпліну выйдзе кіраўніцтва, каманды камітэтаў, галоўных упраўленняў і ўпраўленняў аблвыканкама. У 12.30 запланаваны масавыя забегі. Так, першымі на дыстанцыі 1 км стартуюць жанчыны ад 55 гадоў. Следам за імі аналагічную адлегласць пераадолеюць ветэраны лыжнага спорту ад 60 гадоў. Жанчынам 50-54, 40-49, 30-39 гадоў і мужчынам 50-59, 40-49, 30-39 гадоў, якія будуць выступаць па чарзе, прапануюць прабегчы 2 км. Завершаць спартыўнае свята спаборніцтвы дзяўчат і юнакоў ва ўзросце 18-29 гадоў на 3 км.

Пераможцаў і прызёраў вызначаць як у асабістым, так і камандным заліках. Спартсменам, якія фінішуюць першымі ў сваіх катэгорыях, уручаць медалі, дыпломы і падарункі. Для лыжнікаў з другім і трэцім вынікамі падрыхтаваны медалі і дыпломы адпаведных ступеняў. Каманды-пераможцы ў эстафетах узнагародзяць кубкамі, медалямі, падарункамі і дыпломамі. Прызёрам прадугледжаны дыпломы, а таксама медалі з сярэбраным і бронзавым адлівам.

Акрамя спартыўнага складніка, арганізатары свята падрыхтавалі культурна-забаўляльную праграму з удзелам творчых калектываў горада. Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства пачастуюць салдацкай кашай з гарбатай. На пляцоўцы будуць працаваць аб’екты рознічнага гандлю, ажыццяўляцца пракат лыж.

Арганізатарам абласнога зімовага спартыўнага свята «Беларуская лыжня–2019» выступае ўпраўленне спорту і турызму Магілёўскага аблвыканкама.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая