Беларусы з'ядноўваюцца дзякуючы таму, што адчуваюць сябе грамадзянамі незалежнай краіны. Аб гэтым у праграме «Контуры» на АНТ заявіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч.
Андрэй Кунцэвіч расказаў, што на яго думку дапамагае ўмацоўваць адзінства, з'яднанасць грамадства. «Як мне здаецца, гэта беларуская дзяржаўнасць і адчуванне таго, што мы - грамадзяне Беларусі, незалежнай краіны», - сказаў ён.
«Гісторыя дала нам унікальны шанц рэалізаваць сваё жаданне «людзьмi звацца» ў вышэйшай форме нацыянальнай дзяржаўнасці. Але мала краіну стварыць. Неабходна захоўваць і ўмацоўваць яе незалежнасць і суверэнітэт», - прадоўжыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. «Вельмі важна ўсведамляць, што незалежнасць краіны адстойваюць не на плошчах і мітынгах, а, напрыклад, у полі за штурвалам камбайна, у завадскім цэху каля станка, каля школьнай дошкі. Адным словам, праз стваральную працу, што неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы», - нагадаў Андрэй Кунцэвіч.
За апошнія дзесяцігоддзі Беларусь прайшла сур'ёзны шлях у сваім развіцці, прыкметна змянілася якасць жыцця людзей. З'явіліся і новыя выклікі, у тым ліку ў медыясферы. Раней яна была полем дзейнасці журналістаў-прафесіяналаў. «Сёння рамкі гэтай прафесіі сур'ёзна размыты. Пры гэтым мы па інерцыі прадаўжаем спадзявацца на прафесіяналізм, адказнасць стваральнікаў інфармацыйнага прадукту. Хоць прафесіяналізму, магчыма, там і няма. Проціпаставіць гэтаму можна ў першую чаргу адкрыты дыялог з людзьмі і справядлівую дзяржаўную палітыку, якая, як падкрэслівае Прэзідэнт, павінна ісці ад жыцця», - адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі.
Каб наладзіць такі адкрыты дыялог паміж уладай і насельніцтвам у Беларусі практыкуюць прыёмы грамадзян, прамыя тэлефонныя лініі і г. д. «Мы актыўна шукаем розныя формы. На жаль, поўнага задавальнення ў мяне вынікі гэтай работы сёння не выклікаюць. Ёсць асобныя прыклады павярхоўнага стаўлення і фармалізму, што ў прынцыпе недапушчальна», - адзначыў Андрэй Кунцэвіч.
Работа ідэалагічнай вертыкалі ў Беларусі карэкціруецца з улікам сучасных рэалій. Нядаўна на ўзроўні кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта абмяркоўваліся пытанні дзейнасці інфармацыйных груп. У выніку шэраг даручэнняў цяпер адпрацоўвае Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце. Паводле слоў Андрэя Кунцэвіча, у мінулым годзе ў Адміністрацыю паступіла больш за 26 тыс. зваротаў. Многія з іх паслужылі асновай для прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў. Яскравым прыкладам ён назваў і сённяшняе грамадскае абмеркаванне праекта новага КоАП.
У 2020 годзе ў Беларусі пройдуць прэзідэнцкія выбары. Адказваючы на пытанне аб актыўнасці палітычных партый, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта назваў нармальным пэўнае ажыўленне ў іх асяроддзі ў час выбарчых кампаній. «Па вялікім рахунку, гэта іх асноўная задача - змагацца за ўладу. Іншае пытанне, што ў міжвыбарны перыяд многія з іх сябе практычна не праяўляюць, або іх ідэалагічная платформа не знаходзіць жывога водгуку ў людзей. Адсюль і нізкія рэйтынгі ў выбаршчыкаў», - канстатаваў ён.
«Сёння многія гавораць, што патэнцыял палітычных партый выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Цалкам магчыма, што нам неабходна сур'ёзна задумацца над мадэрнізацыяй партыйнай сістэмы. Думаю, што гэта тэма для абмеркавання на парламенцкіх і экспертных пляцоўках», - рэзюмаваў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
19.02.2025 - 12:59
19.02.2025 - 12:37
13.02.2025 - 19:29
13.02.2025 - 17:55
Леанід Заяц: усе землі павінны эфектыўна выкарыстоўвацца ўласнікамі