RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анестэзіёлаг-рэаніматолаг: мы з годнасцю вытрымалі экзамен, які нам паднесла жыццё

Мы з годнасцю вытрымалі экзамен, які нам паднесла жыццё. Такім меркаваннем падзялілася анестэзіёлаг-рэаніматолаг аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Магілёўскай бальніцы № 1 Алеся Валахановіч.

«Як толькі мы сутыкнуліся з першымі выпадкамі новай каранавіруснай інфекцыі, было трохі цяжка, была псіхалагічная нагрузка. У нас вельмі добры калектыў, і мы стараліся адзін аднаго падтрымліваць, – сказала Алеся Валахановіч. – Усе, хто звязвае сваю прафесійную дзейнасць з медыцынай, разумеюць, што нясуць адказнасць за чужое здароўе і жыццё. Магу з упэўненасцю сказаць, што мы з годнасцю вытрымалі экзамен, які паднесла нам жыццё. І самая вялікая ўзнагарода для любога медыка–бачыць, як твой пацыент ужо здаровым адпраўляецца дадому да сям’і».

Магілёўская бальніца № 1 была адной з першых у горадзе, аддзяленні якой перапрафілявалі для лячэння каранавірусных пацыентаў. «У пікавыя моманты павялічылася нагрузка не толькі на ўрачоў, але і ўвесь персанал: на медсясцёр і санітараў. Але ўсе выдатна ўсведамлялі, што мы не можам адступіць. Павялічылася колькасць цяжкіх пацыентаў–і расслабляцца нельга было ні на секунду. Зладжаныя дзеянні калектыву, высокі прафесіяналізм дазволілі справіцца з сітуацыяй, не дапусціць яе пагаршэння. І гэта не толькі ў нашай бальніцы–уся сістэма аховы здароўя Беларусі паказала сваю працаздольнасць у складаны перыяд», – падкрэсліла Алеся Валахановіч.

Як адзначыла ўрач, пакуль яна была на рабоце, дома за яе перажывалі блізкія. «Яны хваляваліся, сталі часцей тэлефанаваць і пытацца, ці ўсё ў парадку. Потым трохі супакоіліся: у бальніцы праца пабудавана так, каб засцерагчы ўрачоў, дастатковая колькасць сродкаў абароны, дзяленне зон, пастаянная апрацоўка», – расказала яна.

Алеся Валахановіч ужо каля 17 гадоў працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Яна ўпэўнена, «што трэба з усёй адказнасцю падыходзіць да выканання любых задач, асабліва калі гэта тычыцца здароўя іншых».

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая