Рус Бел Eng 中文

Астанкі чатырох байцоў Чырвонай арміі выявілі пошукавікі ў Магілёўскім раёне

Астанкі чатырох байцоў Чырвонай арміі выявілі пошукавікі клуба «Віккру» ў першы дзень раскопак на полі ля вёскі Цішоўка ў Магілёўскім раёне.

«Сёння ў двух месцах мы знайшлі астанкі чатырох савецкіх салдат. У ямах яны ляжаць па двое. Разам з імі знайшлі асабістыя рэчы, рэшткі рыштунку: кабуры, падсумкі, каскі, сапёрныя лапаткі, процівагазы. Адзін са знойдзеных салдат, верагодна, быў з каманднага складу. Такое меркаванне мы зрабілі па захаваных ботах: гэта не салдацкія «кірзачы», а скураныя хромавыя боты. Такі абутак насіў камандны склад Чырвонай арміі, – заўважыў кіраўнік пошукавага клуба «Віккру» гісторык Мікалай Барысенка. – Разам з салдатамі мы знайшлі чатыры медальёны-ладанкі. Аднак аднавіць інфармацыю па змесце медальёнаў наўрад ці атрымаецца: іх рабілі з металу, за столькі гадоў у зямлі яны пакрыліся моцнай іржой і пашкодзілі паперу ўнутры. Але мы спадзяёмся, што зможам выявіць якія-небудзь дакументы або асабістыя рэчы, якія дапамогуць аднавіць імёны салдат».

У 1941 годзе тут размяшчаўся 3-ці батальён 388-га стралковага палка пад камандаваннем Сямёна Куцепава. Як мяркуецца, на гэтым полі быў артылерыйскі камандны пункт. Як адзначыў Мікалай Барысенка, тут карэкціравалі кірунак артылерыйскага агню па наступаючых сілах нямецка-фашысцкіх захопнікаў. «Узвышша дазваляла своечасова заўважыць ворага з усіх бакоў. Мяркуючы па нашых раскопках, мы знайшлі не планавыя пахаванні. Пасля бою мясцовыя жыхары хадзілі па полі і прысыпалі загінулых у ямах і акопах. Такія стыхійныя пахаванні мы і знайшлі. Усе спадарожныя знаходкі гавораць пра тое, што мы знайшлі салдат, якія ўдзельнічалі ў абароне Магілёва ў 1941 годзе. Выдатна захавалася шкляная пляшка – ніводнай расколіны. У пачатку вайны іх выкарыстоўвалі нароўні з металічнымі».

Падчас раскопак з адным з байцоў знайшлі невялікае люстэрка. Мяркуючы па месцазнаходжанні, яно ляжала ў нагруднай кішэні салдата. Як адзначылі спецыялісты, гэта сведчыць аб тым, што форма, у якую быў апрануты баец, узору 1935 года. Такую амуніцыю выкарыстоўвалі ў пачатку вайны.

«Працаваць на гэтым участку мы будзем да канца тыдня. Ёсць верагоднасць, што недзе на гэтым полі могуць быць астанкі палкоўніка Сямёна Куцепава. Яго лёс да гэтага часу застаецца невядомым. Паводле адной з версій, ён бясследна знік па дарозе са штаба 172-й стралковай дывізіі, які знаходзіўся ў будынку сучаснай сярэдняй школы № 11 у Магілёве. А штаб 388-га стралковага палка размяшчаўся непадалёк адсюль. Будзе вялікая ўдача, калі мы выявім астанкі самога палкоўніка Куцепава», – падзяліўся Мікалай Барысенка.

На полі каля вёскі Цішоўкі працуюць магілёўскія пошукавікі з прадстаўнікамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Мінабароны – усяго каля 40 чалавек.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая