RU BY EN 中文
Twitter Instagram

БЧ нагадвае аб правілах бяспекі напярэдадні летніх канікул

Напярэдадні школьных летніх канікул Беларуская чыгунка звяртаецца да ўсіх школьнікаў і іх бацькоў з просьбай выконваць правілы бяспекі на аб’ектах чыгуначнага транспарту, як паведамілі ў прэс-цэнтры БЧ.

БЧ нагадвае, што нельга пакідаць дзяцей адных і дазваляць ім гуляць каля чыгуначных пуцей, а таксама пераходзіць пуці ў неўстаноўленых месцах. Забараняецца перабягаць чыгуначныя пуці перад цягніком, кідаць у яго камяні, скакаць з платформаў, падлязаць пад рухомы састаў, класці на пуцях староннія прадметы, карыстацца паблізу чыгункі навушнікамі і размаўляць па мабільным тэлефоне.

«Праца па папярэджанні няшчасных выпадкаў з удзелам непаўналетніх на аб’ектах чыгуначнага транспарту вядзецца на БЧ рэгулярна. Арганізуюцца прафілактычныя акцыі, падчас якіх праводзяцца рэйды, тэматычныя гутаркі ва ўстановах адукацыі і на прадпрыемствах», – адзначылі ў прэс-цэнтры.

Адна з дзейсных мер прафілактыкі – мабільны дадатак «Сцеражыся цягніка – Safe train». З яго дапамогай блакіруецца ўвесь медыякантэнт на смартфоне дзіцяці пры набліжэнні яго да чыгуначных пуцей, а таксама прыходзіць апавяшчэнне бацькам. Дадатак даступны для запампоўкі на Google Play.

Нягледзячы на меры, якія прымаюцца, з пачатку года на чыгуначным транспарце адбылося 33 выпадкі невытворчага траўматызму (на тры выпадкі менш, чым за аналагічны перыяд 2019 года). Пацярпелі 33 чалавекі (двое непаўналетніх), з якіх 23 загінулі. Каля 42% пацярпелых знаходзілася ў стане алкагольнага ап’янення.

Як дадалі ў БЧ, асноўнай прычынай няшчасных выпадкаў па-ранейшаму застаецца ігнараванне элементарных мер бяспекі. «Чыгунка – гэта крыніца павышанай небяспекі, і захаванне простых правілаў можа выратаваць жыццё», – падкрэслілі ў прэс-цэнтры.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая