Белтэлерадыёкампанія як асноўны вяшчальнік ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года прадаставіць увазе тэлегледачоў прамую трансляцыю ўрачыстага адкрыцця кантынентальнага спартыўнага форуму, якая адбудзецца на Нацыянальным алімпійскім стадыёне «Дынама» ў Мінску. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе медыяхолдынга.
Прамую трансляцыю ўрачыстага адкрыцця спаборніцтваў у 21.50 пачнуць весці «Беларусь 1», «Беларусь 5», «Беларусь 5. Інтэрнэт», а таксама сайт медыяхолдынга tvr.by.
«У падрыхтоўцы шоу задзейнічана больш за 2 тыс. чалавек – артысты, тэхнічныя работнікі, грымёры, касцюмеры, сцэнографы і балетмайстры. На поле стадыёна выйдуць спартсмены з 50 краін-удзельніц. Для стварэння трохмерных рэалістычных аб’ектаў установяць дэкарацыі з мабільных экранаў, а ў агульным будзе выкарыстана 90 т сучаснага высокатэхналагічнага абсталявання. Віртуальныя аб’екты стануць часткай навакольнай прасторы, і іх змогуць убачыць не толькі тыя, хто прыйшоў на стадыён, устанавіўшы спецыяльны дадатак на свае смартфоны, але і тэлегледачы. На свае вочы паназіраць за адкрыццём II Еўрапейскіх гульняў зможа больш за 22 тыс. гледачоў», – расказалі ў прэс-службе.
Галоўная задача цырымоніі – раскрыць багатую гісторыю Беларусі, яе фальклор, чароўныя легенды і паданні, прадставіць помнікі архітэктуры, гістарычных асоб і сучаснікаў. Гледачы акунуцца ў святочную атмасферу таямнічага Купалля, пазнаёмяцца са славянскімі плямёнамі, якія сталі прабацькамі беларускай нацыі, убачаць Ефрасінню Полацкую, Францыска Скарыну, Радзівілаў, Марка Шагала, Янку Купалу, Якуба Коласа і многіх іншых.
Падрабязнасці шоу арганізатары трымаюць у сакрэце, аднак вядома, што ў канцэртнай праграме прымуць удзел найлепшыя беларускія артысты: вядучыя салісты оперы і балета, танцавальныя калектывы, папулярныя выканаўцы. Таксама перад гледачамі выступяць оперная дзіва Ганна Нятрэбка і пераможца «Славянскага базару-2015» Дзімаш Кудайбергенаў.
Кранальным момантам стане завяршэнне эстафеты агню «Полымя міру», якім будзе запалена мадэрнізаваная чаша на стадыёне «Дынама», дзе ўжо гарэлі іскры спартыўнага свята падчас Алімпіяды-80.
Каментаваць старт адной з галоўных спартыўных падзей гэтага лета будуць намеснік галоўнага дырэктара Агенцтва тэленавін Белтэлерадыёкампаніі, вядучая праграмы «Галоўны эфір» Вікторыя Сянкевіч і спартыўны журналіст Белтэлерадыёкампаніі, аўтар і вядучы праекта «Фактар сілы» Павел Баранаў. Акрамя гэтага, у 20.50 у прамым эфіры на «Беларусь 5» выйдзе ток-шоу «Прэв’ю на арэне» з запрошанымі гасцямі і мноствам сюрпрызаў. Для балельшчыкаў, якія не змогуць сачыць за тэлеэфірам, на хвалях Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ў 21.50 стартуе спецыяльны праект, прысвечаны адкрыццю кантынентальнага форума.
У эфіры «Беларусь 1» з самымі важнымі навінамі спартыўнага свята, падзеямі і гасцямі ўжо з 19 чэрвеня і на працягу ўсіх дзён спаборніцтваў з 12.00 да 13.00 і ўвечар у межах «Панарамы» выходзіць праект «II Еўрапейскія гульні. Інфармацыйны канал». У сетцы вяшчання застаюцца таксама і дзённікі Агенцтва тэленавін «Игры.by», якія расказваюць пра форум у лёгкім і нязмушаным фармаце.
Трансляцыі спартыўных спаборніцтваў пачнуцца ўжо сёння раніцай, калі тэлеканал «Беларусь 2» прадставіць у прамым эфіры кваліфікацыю спаборніцтваў па стральбе з лука ў 8.55 і кваліфікацыю турніру па боксе ў 13.10. На «Беларусь 5» гледачы змогуць убачыць матчы папярэдняга раўнда па баскетболе 3х3 у 8.50 і 13.50, а таксама спаборніцтвы па стральбе з лука ў 12.45, 17.45 і нават у 1.15, бо на час гульняў спартыўны тэлеканал становіцца кругласутачным.
На «Беларусь 5. Інтэрнэт» будуць прадстаўлены трансляцыі ў стандартнай для яго форме – без каментарыяў. Дарэчы, у эфір інтэрнэт-канала патрапяць і тыя спаборніцтвы, якія не выйдуць на тэлеканалах, у сетцы яны будуць паказаны ў поўным аб’ёме. З 21 чэрвеня ў эфіры спартыўнага тэлеканала пачне працаваць навінавы «Еўрацэнтр», які будзе выходзіць 5 разоў на дзень. Таксама на час гульняў на «Беларусь 5» выйдзе 12 новых праектаў, з якіх гледачы даведаюцца расклад спаборніцтваў і найбліжэйшых трансляцый, імёны пераможцаў і прызёраў і многае іншае. Спецыяльная праграма «Вынікі дня» штодня будзе знаёміць балельшчыкаў з вынікамі спаборніцтваў. Падрабязны графік тэлевізійных трансляцый спаборніцтваў размешчаны на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі.
II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграе 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
23.04.2025 - 10:57
Адкрытае першынство па джып-спрынце «Дарогамі Перамогі» пройдзе 27 красавіка ў Бабруйскім раёне
18.04.2025 - 09:19
Магіляўчанка Сюзанна Валадзько заваявала бронзу чэмпіянату Еўропы па цяжкай атлетыцы
16.04.2025 - 09:26
«Барысфен» і «Гродна-93» перамаглі на фінішы рэгулярнага сезона чэмпіянату Беларусі
11.04.2025 - 12:34
Аліна Шаўчук стала чэмпіёнкай Еўропы па барацьбе ў вазе да 68 кг
10.04.2025 - 11:42
Бабруйчанка Аліна Шаўчук выйшла ў фінал чэмпіянату Еўропы па барацьбе