RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Больш за 20 дакументаў аб супрацоўніцтве падпісалі ўдзельнікі інвестыцыйнага форуму ў Магілёўскім раёне

Больш за 20 дакументаў аб супрацоўніцтве падпісалі сёння ўдзельнікі II раённага інвестыцыйнага форуму «Магілёўскі раён – тэрыторыя магчымасцей». Мерапрыемства праходзіць сёння ў вёсцы Салтанаўка Магілёўскага раёна.

У ліку завераных дакументаў –пратаколы аб намерах, дагаворы аб узаемным супрацоўніцтве, кантракты на пастаўку прадукцыі і аказанне паслуг, якія ў найбліжэйшай будучыні пасадзейнічаюць устойліваму развіццю Магілёўскага раёна. У прыватнасці, РУП «Магілёўаўтадар» плануе рэалізаваць інвестыцыйны праект па будаўніцтве паўднёва-заходняга аб’езду Магілёва. Гэта забяспечыць поўнае замыканне кальца вакол горада і пераразмеркаванне на яго транзітнага руху з вулічнай сеткі абласнога цэнтра, а таксама выхад грузавых транспартных патокаў, якія ідуць з участка № 4 СЭЗ «Магілёў» у Бабруйскім кірунку. ААТ «Магілёўскі лянок» мае намер пабудаваць малочна-таварную ферму на 700 галоў з вырошчваннем рамонтнага маладняку ў в. Грыбаны. У планах ТАА «ЮрбудМаш» узвядзенне квартала шматкватэрнай жылой забудовы сярэдняй паверхавасці ў раёне в. Мікалаеўка-2. Рэканструкцыя чакае яслі-сад аграгарадка Вейна, капітальны рамонт – Усходаўскую і Кадзінскую сярэднія школы.

Прадпрыемства па вырошчванні куранят бройлераў і вытворчасці мяса птушкі «Сервалюкс Агра» заключыла з China Impex Corporation limited кантракт аб пастаўцы на рынак Кітая. Агавораны аб’ёмы прадукцыі, якія будуць накіроўваць у Расію УП «Сталёвая лінія» (вытворчасць дзвярэй), ТАА «Баір Вест» (прытокава-выцяжныя сістэмы вентыляцыі), ТАА «Маркетынг-цэнтр» (безалкагольныя напоі), ПУП «ГермесТраст» (шклопакеты і ПВХ-канструкцыі).

Падчас форуму быў падпісаны пратакол аб супрацоўніцтве паміж паветам Дэцін горада Ханчжоу правінцыі Чжэцзян Кітайскай Народнай Рэспублікі і Магілёўскім раёнам. Аб узаемным партнёрстве дамовіўся райвыканкам з шэрагам сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Інвеставаць у эканоміку гэтага рэгіёна выказалі жаданне РУП «Беларусьнафта-Магілёўаблнафтапрадукт», групы кампаній «Дывідан»і «Протас», прыватнае прадпрыемства «ТэлекамГрупІнвест».

II раённы інвестыцыйны форум «Магілёўскі раён –тэрыторыя магчымасцей» сабраў на сваёй пляцоўцы каля 200 прадстаўнікоў бізнесу, інвестыцыйных кампаній, аб’яднанняў прадпрымальніцтва, міжнародных арганізацый Беларусі, Расіі, Германіі, Японіі, Кітая, Турцыі, раённых і абласных органаў улады. Праграма дзелавога мерапрыемства ўключала пленарнае пасяджэнне, працу секцый, прэзентацыю інвестыцыйных праектаў, прапанаваных да рэалізацыі ў раёне, выставу прамысловага, сельскагаспадарчага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, наведванне яго прадпрыемстваў.

«Раённы бізнес-форум ужо зарэкамендаваў сябе як эфектыўная пляцоўка для прамога дыялогу ўлады і прыватнага бізнесу, выпрацоўкі ўзгодненых рашэнняў, устанаўлення дзелавых кантактаў. Павелічэнне сёлета колькасці ўдзельнікаў, пашырэнне геаграфіі форуму сведчыць аб яго запатрабаванасці і перспектыўнасці», – расказаў старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда.

Ён дадаў, што Магілёўскі раён сёння –гэта найбуйнейшы сельскагаспадарчы і прамысловы рэгіён вобласці з развітой сацыяльнай інфраструктурай. Разам з тым эканоміка раёна валодае высокім патэнцыялам для далейшага развіцця. Тут створаны максімальна спрыяльныя ўмовы для рэалізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, адкрыцця новых вытворчасцей. А інвестыцыйную прывабнасць рэгіёна вызначае выгаднае геаграфічнае становішча, наяўнасць участка свабоднай эканамічнай зоны «Магілёў», высокі кадравы патэнцыял і спрыяльны інвестклімат. «Немалаважны і той факт, што кіраўніцтва раёна зацікаўлена ў развіцці механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства і гарантуе паўнавартасную падтрымку на ўсіх этапах рэалізацыі новых праектаў», – канстатаваў Алег Чыкіда.

«З-за эпідэміялагічнай абстаноўкі шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку міжнародныя сустрэчы, былі адкладзены або пераведзены ў рэжым анлайн. І таму асабліва значнай бачыцца магчымасць жывых дзелавых зносін, –падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар. –Час паказаў, што ў няпростай сітуацыі ўсім органам дзяржкіравання важна яшчэ больш уважліва ставіцца да пытанняў і праблем кожнага прадпрыемства, спрабаваць іх аператыўна вырашаць. Толькі разам, сумеснымі намаганнямі мы можам пераадолець негатыўныя наступствы каранавіруснай інфекцыі і сусветнага эканамічнага спаду», – адзначыў ён.

Руслан Страхар звярнуў увагу, што Магілёўскі раён з кожным годам упэўнена набірае абароты. У 2010 годзе доля рэгіёна ў экспарце тавараў вобласці складала 1,1%, у 2015-м –каля 9%, а па выніках 2019-га – ужо 19%. Але экспарт прыйшоў не проста так. Гэтыя паказчыкі дасягнуты дзякуючы інвестыцыям. «Упэўнены, што Магілёўскі раён і надалей будзе прырастаць новымі прадпрыемствам і бізнес-ідэямі», – сказаў на заканчэнне намеснік старшыні аблвыканкама.

У раённага фармату мерапрыемства, на думку Руслана Страхара, ёсць свае перавагі. Гэта магчымасць дэталёва паказаць асаблівасці канкрэтнага рэгіёна, яго патэнцыял і пашырыць пунктыдалучэння інвестыцый.

Дарэчы, ужо вядзецца падрыхтоўка да новага мерапрыемства – I Форума паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці, які плануецца правесці 6–7 лістапада 2020 года. «Мы хочам паказаць геаграфічныя і кліматычныя асаблівасці, лагістычныя магчымасці названай тэрыторыі, якая найбольш блізка размяшчаецца да Расійскай Федэрацыі, паказаць пляцоўкі для ўкладання інвестыцый. Там маецца буйны прамысловы патэнцыял. Акрамя таго, многія прадстаўнікі бізнесу не ведаюць аб магчымасцях і ільготах, якія прадстаўляюцца тут па ўказе кіраўніка дзяржавы».

Арганізатарамі форума «Магілёўскі раён –тэрыторыя магчымасцей» выступаюць Магілёўскі раённы выканаўчы камітэт, ААТ «Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця».


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая