Рус Бел Eng 中文

Больш за 20 мерапрыемстваў пройдзе ў Магілёўскай вобласці ў фармаце Тыдняў устойлівага развіцця

Больш за 20 мерапрыемстваў пройдзе ў Магілёўскай вобласці да 25 кастрычніка ў фармаце Тыдняў устойлівага развіцця (Тыдні УР-2017), як паведамілі ў прадстаўніцтве Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (Мінск).

Старт рэгіянальным мерапрыемствам будзе дадзены сёння ў СШ № 2 горада Чавусы. Тут пройдзе семінар “Удзел у працэсах ўстойлівага развіцця – залог нашай шчаслівай будучыні”. Цікавым і павучальным абяцае быць і семінар у аграгарадку Почапы Краснапольскага раёна, на якім 29 верасня прэзентуюць практычны вопыт па зялёнай эканоміцы саду або па рэінвеставанню ў развіццё вёскі. Мясцовы фонд развіцця тэрыторый Быхаўскага раёна 7 кастрычніка ва ўрочышчы «Дубкі» правядзе экалагічную акцыю па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні дадзенай тэрыторыі, а Касцюковіцкая раённая дзяржаўная гімназія 10 кастрычніка арганізуе фестываль дзіцячых і моладзевых ініцыятыў у інтарэсах устойлівага развіцця Касцюковіцкага раёна «Дзейнічаем разам».

Жыхароў рэгіёна таксама чакаюць майстар-класы па традыцыйных рамёствах, тэматычныя акцыі і круглыя сталы, кінапаказы, мясцовыя фестывалі, квэсты, страртап-школы, выставы і прэзентацыі, інфармацыйныя і адукацыйныя мерапрыемствы па тэме ўстойлівага развіцця. А міжнародны фонд развіцця сельскіх тэрыторый у фінале Тыдня УР-2017 23-24 кастрычніка правядзе ў Быхаўскім раёне кірмаш рэгіянальных ініцыятываў.

«Арганізатары прадэманструюць магчымасці супрацоўніцтва мясцовых ініцыятыў і органаў улады ў галіне ўстойлівага развіцця, свае дасягненні па розных напрамках ўстойлівага развіцця, паспрабуюць прыцягнуць увагу грамадскасці і зацікаўленых бакоў да найбольш важных праблем развіцця тэрыторый, пазначыць новыя магчымасці для абмену вопытам, стварэння сеткавых кантактаў і ўдзелу грамадзян», – адзначылі суразмоўцы.

Падчас Тыдняў УР-2017, якія пройдуць па ўсёй Беларусі, будзе падкрэслена значнасць прынятых 25 верасня 2015 года на саміце па ўстойлівым развіцці дзяржавамі – членамі ААН – 17-і Мэтаў у галіне ўстойлівага развіцця. Для Тыдняў у першую чаргу стануць важнымі пытанні, звязаныя з рэалізацыяй Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2030 года (НСУР-2030), укладу мясцовых ініцыятыў у паляпшэнні якасці жыцця сваіх супольнасцяў. Удзельнікамі Тыдняў УР-2017 стануць грамадскія і дзяржаўныя арганізацыі, рэспубліканскія і мясцовыя органы кіравання, бізнес-структуры і аб’яднанні, міжнародныя арганізацыі і дыпламатычныя прадстаўніцтвы ў Беларусі, беларускія і нямецкія эксперты.

Каардынатарам Тыдняў УР-2017 выступае прадстаўніцтва Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра ў Рэспубліцы Беларусь у межах праграмы падтрымкі Беларусі федэральным урадам Германіі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая