RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Чатырохпалосную дарогу з цэментабетонным пакрыццём пабудуюць на пад’ездзе да Магілёва

Восенню мінулага года ў Магілёўскім раёне прыступілі да рэканструкцыі аўтадарогі Р122 Магілёў–Чэрыкаў–Касцюковічы. Цяпер на аб’екце вядуцца земляныя і падрыхтоўчыя працы, замена водапрапускных труб.

У 2019 годзе неабходна выканаць вялікі аб’ём па перабудове камунікацый, якія трапляюць у плошчу забудовы, паколькі транспартная артэрыя бярэ пачатак у межах горада, і ўздоўж участка рэканструкцыі размешчаны шэраг прамысловых прадпрыемстваў і некалькі прыгарадных населеных пунктаў. Акрамя таго, плануецца прыступіць да ўзвядзення пуцеправодаў і двух падземных пешаходных пераходаў – каля пасёлкаў Малая і Вялікая Бароўка.

Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай па развіцці і ўтрыманні аўтамабільных дарог і прадугледжвае будаўніцтва бетоннай дарогі першай катэгорыі з дзвюма палосамі руху ў абодва бакі на пад’ездзе да Магілёва з боку горада Чавусы. Працягласць рэканструяванага ўчастка складзе 5,5 км.

«Гэта дарога мае вялікае значэнне для Магілёўскай вобласці, бо яна звязвае з абласным цэнтрам 7 раёнаў, якія знаходзяцца на ўсходзе і паўднёвым усходзе рэгіёна: Чавускі, Крычаўскі, Чэрыкаўскі, Краснапольскі, Касцюковіцкі, Клімавіцкі і Хоцімскі, – адзначыў начальнік аддзела тэхнічнага нагляду і падрыхтоўкі вытворчасці РУП «Магілёўаўтадар» Павел Скрабуноў. – Важны яшчэ і той факт, што на рэканструюемым участку інтэнсіўнасць руху дасягае ад 9 900 да 13 050 аўтамабіляў у суткі, што па нарматыве прадугледжвае будаўніцтва аўтадарогі першай катэгорыі».

Пры распрацоўцы праекта рэканструкцыі дарогі выбар зроблены на карысць бетоннага пакрыцця. Спецыялісты ўжо разлічылі канструкцыю, грунтуючыся на інтэнсіўнасці руху і патрэбных нагрузках з улікам перспектывы. Варта адзначыць, што дарогі з бетону маюць шэраг пераваг: тэрмін іх службы больш чым у два разы перавышае асфальтабетонныя, на іх не ўзнікаюць такія дэфекты, як каляіна, і адсутнічаюць абмежаванні нагрузкі грузавога транспарту на дарожнае палатно.

Генпадрадчыкам выступіў ААТ «Дарожна-будаўнічы трэст №3». Зараз на аб’екце працуюць тры яго упраўленні – Магілёўскае ДБУ №14, да якога нядаўна далучыліся Горацкае ДБУ №20 і Крычаўскае ДБУ №27. Задзейнічана некалькі субпадрадных арганізацый, якія спецыялізуюцца на неўласцівых дарожнікам відах работ.

Тэрмін будаўніцтва, згодна з праектнай дакументацыяй, складае 20 месяцаў. Калі фінансаванне будзе стабільным і дастатковым, праца будуць завершана ў 2020 годзе.

Зараз у сувязі з рамонтнымі работамі на ўчастку рэканструкцыі абмежаваны хуткасны рэжым руху транспарту па існуючай дарозе. Заказчык і выканаўцы работ прыносяць свае прабачэнні за часовыя нязручнасці і просяць усіх кіроўцаў выконваць правілы дарожнага руху.

«Транспартны веснік»

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая