RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Да акцыі «Чысты вадаём» у Магілёўскай вобласці далучаюцца школы, арганізацыі і неабыякавыя да экалогіі людзі

Напярэдадні адкрыцця сезона масавага актыўнага адпачынку на прыродзе па ўсёй рэспубліцы праводзіцца акцыя «Чысты вадаём». Удзельнікі прыводзяць у парадак прыбярэжныя зоны і тэрыторыі паблізу вадаёмаў.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Аляксандр Шастак тлумачыць, што працоўны дэсант складаецца з работнікаў арганізацыі, паляўнічых і ўсіх неабыякавых да экалогіі людзей:

– Адным з традыцыйных месцаў экалагічнай акцыі з году ў год становіцца Вільчыцкі вадаём, побач знаходзіцца наша паляўнічая база. Гэтым разам мы сабралі трыццаць вялікіх мяшкоў смецця. Шмат было пластыку, шкла. Тэрміны раскладання вырабаў з пластыку могуць дасягаць тысячы гадоў. Хто смеціць? Рыбакі, а яшчэ кідаюць прама з машын, вадаём размешчаны каля трасы. На нашу акцыю адгукнуліся школьнікі Усходаўскай школы, супрацоўнікі Дэпартамента аховы Кастрычніцкага раёна Магілёва. Напярэдадні адкрыцця сезона масавага актыўнага адпачынку на прыродзе мы не толькі наводзім парадак на вадаёмах, але і праводзім экалагічнае выхаванне, прыцягваем увагу да праблем забруджвання навакольнага асяроддзя. Летась па вобласці ў акцыі «Чысты вадаём» прыняло ўдзел каля 400 чалавек, яны прывялі ў парадак без малога сто кіламетраў берагавой лініі, вывезлі 25 кубоў смецця.

А ў Кіраўскім раёне наводзілі парадак на прыбярэжных лініях возера Селішча, а таксама вадаёмаў у вёсках Вілы і Баравіца. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі работнікі Кіраўскай раённай арганізацыйнай структуры БТПР і члены іх сем’яў, супрацоўнікі раённага аддзялення Дэпартамента аховы МУС, раённай арганізацыі ГА «БРСМ», а таксама ўсе неабыякавыя да прыгажосці роднага краю мясцовыя жыхары.

Акцыя «Чысты вадаём» праводзіцца штогод, пачынаючы з 2014-га. За гэты час у ёй прыняло ўдзел больш за 30 тыс. чалавек. Сіламі супрацоўнікаў БТПР з прадстаўнікамі іншых арганізацый і неабыякавымі грамадзянамі сабрана і вывезена на палігоны цвёрдых камунальных адходаў каля 6 тысяч кубоў смецця.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая