RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Да акцыі па зборы сродкаў для мемарыяла ў вёсцы Боркі далучыліся парламентарыі і БСЖ

У вёсцы Боркі Кіраўскага раёна заканчваецца рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці», які плануецца адкрыць у чэрвені. У праекце задзейнічаны як бюджэтныя сродкі, так і сродкі насельніцтва. Адкрыты спецыяльныя рахункі, на якія паступаюць грошы. Далучыліся да акцыі і дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання, выбраныя ад Магілёўскай вобласці, а таксама члены абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў. Агульнымі намаганнямі на добрую справу імі пералічана каля 2 тысяч рублёў.

«Вёска Боркі – месца памяці і смутку. Тут 15 чэрвеня 1942 года фашысцкія карнікі на працягу аднаго дня знішчылі звыш 2000 мірных жыхароў: старых, жанчын, дзяцей. Гэта самая масавая аднаразовая карная акцыя за час Вялікай Айчыннай вайны, – гаворыць дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання Святлана Шутава. – І наша агульная задача – захаваць памяць аб усіх ахвярах ваеннага ліхалецця, бо ў кожнай беларускай сям’і жыве рэха Вялікай Айчыннай вайны. Важны любы ўдзел, няхай гэта будзе пасільная матэрыяльная дапамога ці дапамога ў добраўпарадкаванні тэрыторыі».

Вёска Боркі з’яўляецца месцам пастаяннага наведвання. Штогод у апошнюю нядзелю жніўня тут праводзіцца жалобны мітынг-рэквіем у памяць аб спаленых жыхарах. У красавіку на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу заклалі парк, плошча якога каля 1 га. Згодна з эскізным праектам у вёсцы з’явіцца вуліца з рэшткамі спаленых дамоў і нанесенымі на іх ўспамінамі тых, хто выжыў, скульптурныя кампазіцыі.

mogilevnews.by

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая