RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дэндрапарк імя паэта Мікалая Янчанкі заклалі ў Магілёўскім раёне

Дэндрапарк імя пісьменніка Мікалая Янчанкі заклалі сёння ў вёсцы Навасёлкі Магілёўскага раёна па ініцыятыве мясцовых жыхароў і Вендаражскага сельсавета.

Дэндрапарк размясціўся на пустыры, які прымыкае да вуліцы Цэнтральнай на самым ўездзе ў населены пункт. Па задумцы аўтараў ідэі, парк павінен з часам ператварыцца ў своеасаблівую зону адпачынку з каскадам сажалак, альтанкамі, арт-лаўкамі і падсветкай. У дзень старту рэспубліканскай акцыі «Тыдзень лесу» тут высаджана больш за 200 саджанцаў розных дрэў і кустоў, размечаны будучы лабірынт, закладзены сад камянёў і бярозавая алея, якая вядзе да валуна Мікалая Янчанкі. Вырабіў памятны знак вядомы Магілёўскі скульптар Аляксандр Мянькоў. На вялікім гранітным камені выразаны ініцыялы паэта і радкі аднаго з яго вершаў.

Значнасць адраджэння памяці і папулярызацыі творчасці вядомага земляка, які прысвяціў свае найлепшыя творы малой радзіме, падкрэсліў старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека. Ён расказаў пра намер выдаць у будучыні анталогію паэзіі, куды ўвойдуць найлепшыя творы паэтаў Магілёўскай вобласці, у тым ліку Мікалая Янчанкі. У перспектыве (за гэта возьмуцца ўдзельнікі турыстычнага мікракластара «Лазенькі») плануецца з Навасёлак распрацаваць веламаршрут у Забалацце, а таксама ўсталяваць памятны знак на месцы, дзе нарадзіўся пісьменнік.

У акцыі прынялі актыўны ўдзел навучэнцы і выкладчыкі Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа, дэпутаты Вендаражскага сельсавета, прадстаўнікі лясніцтва, грамадскасці і мясцовыя жыхары. «Прыводзячы ў парадак гэты населены пункт, мы зробім яго прывабнейшым для турыстаў, – адзначыла старшыня Вендаражскага сельскага савета Марына Мельнікава. – Спадзяёмся, што мясцовыя жыхары будуць падтрымліваць парадак і развіваць далей сваю тэрыторыю. У верасні 2020 года тут плануецца правесці свята чатырох стыхій «Агмень», за арганізацыю якога ўзялася мясцовая аграсядзіба».

Партнёрамі акцыі выступілі Магілёўскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі, Магілёўскі лясгас, ЗАТ «Сервалюкс Агра» (філіял ЗАТ «Сервалюкс»), прадпрыемства «Магілёўзеленбуд» і гадавальнік раслін «Зялёны рай».

Мікалай Ігнатавіч Янчанка (Мікола Забалоцкі, Мікола Пчаляр) нарадзіўся 22 чэрвеня 1931 года ў вёсцы Забалацце ў сям’і каваля. У 1946 годзе скончыў Забалацкую пачатковую школу, у 1952-м – Цішоўскую сярэднюю школу, затым – гістарычны факультэт Магілёўскага педінстытута (1956). Выкладаў у Брожскай сярэдняй школе ў Бабруйскім раёне, у Дварэцкай сярэдняй школе Глускага раёна. Працаваў у раённых газетах у Рагачове, Жлобіне, Калінкавічах, Карме. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1958 годзе. З-пад яго пяра выйшлі тры зборнікі паэзіі, некалькі кніжак апавяданняў для дзяцей. Займаўся перакладамі. Некаторыя яго вершы пакладзены на музыку. Памёр у 2000 годзе. У яго гонар названая вуліца ў Рагачове.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая