RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Для конкурснай праграмы Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2019» адабрана 124 работы

Для конкурснай праграмы ХХІІ міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2019» адабрана 124 работы. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве «Кінавідэапракат».

Як расказалі суразмоўцы, 9-10 верасня прайшлі пасяджэнні экспертнай камісіі ў складзе старшыні – заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, рэжысёра, сцэнарыста, кампазітара Ігара Волчака і членаў камісіі: кінарэжысёра, аніматара, сцэнарыста Аляксандра Ленкіна і кінакрытыка, гісторыка анімацыі, кіраўніка дэпартамента культурных праектаў Кінастудыі «Саюзмультфільм» Паўла Шведава. Было адабрана 62 работы на конкурс анімацыйных фільмаў і 62 – на конкурс дзіцячай анімацыйнай творчасці, з ліку якіх будуць вызначаны уладальнік Гран-пры і пераможцы ў розных намінацыях.

У цэлым для ўдзелу ў конкурсных мерапрыемствах «Анімаёўкі» было заяўлена 353 фільмы з 49 краін свету. Упершыню на фестываль былі прадстаўлены работы з Чарнагорыі, Інданезіі, Босніі і Герцагавіны. У выніку ў конкурсную праграму ўвайшло больш за ўсё фільмаў з Францыі, Расіі і Беларусі. Ігар Волчак адзначыў тэматычную і жанравую разнастайнасць заяўленых стужак.

ХХІІ Міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў «Анімаёўка-2019» пройдзе ў Магілёве 24-27 кастрычніка. Мерапрыемства праводзіцца штогод з мэтай папулярызацыі найлепшых твораў сусветнай і айчыннай анімацыі, падтрымкі анімацыйнага кіно, умацавання культурных сувязяў паміж Рэспублікай Беларусь і краінамі-ўдзельніцамі фестывалю, геаграфія якіх пашыраецца з кожным годам.

За гады правядзення «Анімаёўка» стала сапраўдным святам анімацыі для дзяцей і дарослых. Для гледачоў ладзяцца кінапаказы конкурсных і пазаконкурсных праграм, творчыя сустрэчы са стваральнікамі анімацыйных фільмаў, майстар-класы, выставы дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая