RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Для ўсёй сям’і: інтэграваная паліклініка ў мікрараёне Казіміраўка Магілёва будзе абслугоўваць дзяцей і дарослых

Інтэграваная паліклініка ў мікрараёне Казіміраўка Магілёва будзе абслугоўваць дзяцей і дарослых. Тут таксама размесціцца падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі. Пра гэта расказала галоўны ўрач Магілёўскай паліклінікі № 3 Святлана Шупікава.

Новая ўстанова ахопіць медыцынскай дапамогай каля 37 тыс.жыхароў маладых мікрараёнаў Казіміраўка і Спадарожнік, а таксама найбліжэйшых пасёлкаў, у тым ліку 9,5 тыс. дзяцей. Зараз гэтыя пацыенты абслугоўваюцца ў розных паліклініках горада, значна аддаленых тэрытарыяльна ад месца пражывання, а машынам хуткай меддапамогі даводзіцца пераадольваць немалую адлегласць для абслугоўвання неадкладных і хуткіх выклікаў. 

У дарослай паліклініцы плануецца адкрыццё двух аддзяленняў урача агульнай практыкі, аддзялення прафілактыкі, жаночай кансультацыі, рэнтгеналагічнага і стаматалагічнага аддзялення. Тут будзе працаваць артапантамограф, мамограф, сучасная клініка-дыягнастычная лабараторыя. У аддзяленні рэабілітацыі размесцяць водалячэбніцу, кабінет спелеалячэння.

Праца дзіцячай, як і дарослай, паліклінікі, будзе пабудавана на выразным размеркаванні патокаў хворых і здаровых пацыентаў. Усе аддзяленні абсталююць у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі.

У новай паліклініцы ўвядуць медыцынскую інфармацыйную сістэму. Яна дапаможа ў будучым атрымліваць звесткі на кожнага пацыента з адзінай інфармацыйнай рэспубліканскай базы і накіроўваць туды ўсе вынікі абследаванняў, атрыманыя ва ўстанове.

Плануецца работа электроннай чаргі, якая дазволіць размяркоўваць нагрузку на спецыялістаў, а кожны наведвальнік зможа бачыць, колькі перад ім чалавек запісана на прыём.

Рэгістратуру зробяць адкрытай: зносіны пацыента і медыцынскага рэгістратара будуць, можна сказаць, адбывацца на ўзроўні вачэй, гэта значыць насупраць адзін аднаго. Адкрытымі будуць і працоўныя месцы па прыёме тэлефонных званкоў, каб медыцынскія рэгістратары не адцягвалі ўвагу і маглі ветліва гаварыць з хворымі. Адкрытую рэгістратуру таксама аснасцяць электроннай чаргой.  

Плануецца паступовы пераход ад папяровай амбулаторнай карты на электронную. Усе вынікі абследаванняў у дыягнастычных кабінетах (УГД, ЭКГ і інш.) будуць паступаць адразу сюды, каб звесці да мінімуму чалавечы фактар у пошуку.

Пры будаўніцтве будуць выкананы ўсе неабходныя патрабаванні па безбар’ерным асяроддзі.

«У цэлым абслугоўванне пацыентаў выбудуюць па праекце «Клапатлівая паліклініка», асноўнай мэтай якога з’яўляецца размежаванне патоку здаровых і хворых пацыентаў, памяншэнне колькасці наведванняў, зніжэнне часу знаходжання ў медыцынскай установе, паляпшэнне даступнасці медпаслуг і павышэнне іх эфектыўнасці», – падкрэсліла Святлана Шупікава. 

  
Паліклініку ў Казіміраўцы плануюць здаць да лістапада бягучага года. Падрадчыкам выступае ААТ «Будаўнічы трэст № 12». Пакуль тут штодня працуе каля 250 будаўнікоў. Але ў пікавы перыяд іх колькасць павялічыцца да 500 чалавек. На сённяшні дзень ступень гатоўнасці аб’екта складае каля 8%. Яго кошт складзе каля Br47 млн., уключаючы абсталяванне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая