Рус Бел Eng 中文

Дзелавыя колы Магілёўскай вобласці і кітайскай правінцыі Цзянсу абмяркоўваюць перспектывы супрацоўніцтва на кантактна-кааперацыйнай біржы

Дзелавыя колы Магілёўскай вобласці і кітайскай правінцыі Цзянсу абмяркоўваюць перспектывы супрацоўніцтва на кантактна-кааперацыйнай біржы, якая праходзіць сёння ў рэжыме відэаканферэнцыі. У перагаворах прымаюць удзел прадстаўнікі СЭЗ «Магілёў», Магілёўскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, вядучых прадпрыемстваў харчовай прамысловасці Прыдняпроўскага краю – «Бабушкиной крынки», «Магілёўскага мясакамбіната», «Бабруйскага мясакамбіната», «Магілёўскай фабрыкі марожанага», «Чырвонага харчавіка», «Клімавіцкага лікёра-гарэлачнага завода», «Быхаўскага кансервава-агароднінасушыльнага завода», ЗАТ «Сервалюкс Агра», кампаніі «Магнат». З кітайскага боку–больш за 20 прадпрыемстваў, якія працуюць у мясной, малочнай галінах, сферы перапрацоўкі лёну, выпуску алкагольнай прадукцыі і напояў.

Як адзначыў падчас адкрыцця намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Руслан Страхар, Цзянсу стала першай з кітайскіх правінцый, з якімі сумеснае мерапрыемства праводзіцца ў новым фармаце. І гэта не выпадкова: нашы рэгіёны ведаюць адзін аднаго з 2007 года, а ў маі бягучага года споўнілася 5 гадоў з моманту падпісання Пагаднення аб устанаўленні пабрацімскіх адносін паміж Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Цзянсу. За гады супрацоўніцтва ўдалося наладзіць цёплыя, сяброўскія, узаемавыгадныя кантакты. Вялікі ўплыў у гэтым кірунку аказвае палітыка адкрытасці, якая выбудоўваецца кіраўнікамі нашых краін. Пацвярджэннем таму з’яўляецца заключэнне ў 2016 годзе сумеснай дэкларацыі Рэспублікі Беларусь і КНР аб устанаўленні найвышэйшага ў гісторыі ўзроўню адносін: давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

«Магілёўская вобласць і правінцыя Цзянсу паспяхова супрацоўнічаюць у многіх сферах–ахове здароўя, адукацыі, культуры»,– падкрэсліў Руслан Страхар. У апошнія гады істотна актывізаваліся гандлёвыя адносіны паміж нашымі краінамі, а ў далейшым неабходна больш актыўна пераходзіць на наступны ўзровень – рэалізацыю сумесных інвестыцыйных праектаў.

Намеснік старшыні аблвыканкама падзякаваў прадстаўнікам правінцыі Цзянсу за дружалюбную дапамогу падчас пандэміі. «Меры па вырашэнні гэтай праблемы,якія прымаюцца ў Кітаі і Беларусі, паспрыяюць больш хуткаму аднаўленню і развіццю прамысловасці», – упэўнены Руслан Страхар.

«Супрацоўніцтва паміж Магілёўскай вобласцю і правінцыяй Цзянсу можа з’яўляцца ўзорам беларуска-кітайскага супрацоўніцтва», – дадаў намеснік старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Павел Марыненка. У сферы эканомікі Прыдняпроўскі край – адзін з асноўных прамысловых рэгіёнаў Беларусі. Геаграфія знешнеэканамічнай дзейнасці ахоплівае больш за 120 дзяржаў, а экспарт перавышае $2 млрд. Пры гэтым Кітай – наш партнёр з самай высокай дынамікай росту знешнегандлёвага абароту сярод усіх краін свету. Шмат у чым гэтаму спрыяюць міжрэгіянальныя сувязі. Акрамя па-сапраўднаму дружалюбных адносін, паміж кіраўніцтвам Магілёўскай вобласці і Цзянсу ўстаноўлены партнёрскія кантакты паміж гарадамі Магілёў і Нанкін, Бабруйск і Усі, Асіповічы і Янчжоу, Крычаў і Ляньюньган.

Супрацоўніцтва ажыццяўляецца па многіх напрамках, але асновай з’яўляецца знешнегандлёвы абарот. Так, з 2015 года па цяперашні час экспарт магілёўскіх тавараў у Кітай вырас у 13 разоў. І рэзервы для развіцця гандлю яшчэ ёсць. Пацвярджэннем з’яўляецца тое, што нават у складаным 2020 годзе пастаўкі ў КНР выраслі на 60%. «Тавары з КНР карыстаюцца заслужаным попытам ва ўсім свеце. І мы спакойна прымаем, што іх імпарт амаль у 2 разы большы, чым экспарт у Паднябесную», – падкрэсліў Павел Марыненка. Аснова нашага экспарту ў Кітай–мяса птушкі, ялавічына, малочныя прадукты, прысмакі. І менавіта Цзянсу стала варотамі на гэты рынак. 

Гаворачы аб інвеставанні, намеснік старшыні камітэта эканомікі заўважыў: толькі па раней рэалізаваных праектах кампаніі правінцыі Цзянсу ў бягучым годзе дадаткова накіравалі больш за $2 млн. у далейшае развіццё сваіх прадпрыемстваў. Сёння кітайскія інвестары рэалізуюць і плануюць увасобіць у жыццё праекты па вырошчванні і перапрацоўцы лёну, вытворчасці грыбоў і розных вырабаў медыцынскага прызначэння.

Павел Марыненка таксама звярнуў увагу на перспектыўную дзейнасць СЭЗ «Магілёў», якая пры роўных умовах для ўсіх свабодных эканамічных зон у нашай краіне застаецца нумарам адзін па колькасці фінансавых укладанняў у развіццё інвестыцыйных пляцовак. Ён дадаў, што ў сувязі з асаблівасцямі чыгуначнага транспарту амаль усе тавары, якія пастаўляюцца з Кітая ў еўрапейскія краіны, перамяшчаюцца па тэрыторыі Беларусі. Улічваючы гэта, кіраўніком дзяржавы створаны спецыяльныя пляцоўкі для развіцця бізнесу, але толькі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці для сямі раёнаў прадугледжаны ўнікальныя льготы, якія,у ліку іншага, уключаюць магчымасць пакрыцця часткі інвестыцый з бюджэту нашай краіны.

У сваю чаргу, генеральны дырэктар дэпартамента камерцыі правінцыі Цзянсу Чжаа Цзяньцзюнь падкрэсліў важнасць тэзіса аб тым, што для дружбы няма адлегласцяў. «Сёння ў перыяд барацьбы з эпідэміяй мы пераадольваем геаграфічную дыстанцыю і разам праводзім канферэнцыю па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, абмене вопытам, – сказаў ён. – У цяперашні час Беларусь і Кітай, з’яўляючыся стратэгічнымі партнёрамі, уступілі на новы этап ўзаемнага супрацоўніцтва і даверу. Таму так важна знайсці выгадныя галіны для выбудоўвання партнёрскіх узаемаадносін». 

Чжаа Цзяньцзюнь выказаў упэўненасць, што кантактна-кааперацыйная біржа пройдзе максімальна прадуктыўна, а прамыя перагаворы паміж прадстаўнікамі бізнес-супольнасці завершацца паспяхова.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая