Рус Бел Eng 中文

Дзень культуры Японіі адзначаць у Магілёве 18 верасня

Дзень культуры Японіі адзначаць у Магілёве 18 верасня. Мерапрыемства ў межах 7-га фестывалю «Японская восень у Беларусі-2019» пройдзе на базе Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна.

Для наведвальнікаў установы культуры арганізуюць адкрыты прагляд літаратуры «Японія. Падарожжа насустрач сонцу», дзе будуць прадстаўлены матэрыялы пра асаблівасці менталітэту японцаў, чайную цырымонію, кімано, японскую кухню, мову і культуру, а таксама пераклады кніг вядомых японскіх аўтараў, літаратура па арыгамі. Жадаючых зрабіць папяровую фігурку сваімі рукамі чакае handmade-зона «Японскае мастацтва арыгамі: Як стварыць шэдэўр». Даведацца інфармацыю аб найбольш вядомых сімвалах Японіі дапаможа віртуальная віктарына і пазнавальная тэматычная гульня.

У 15.30 у актавай зале бібліятэкі адбудзецца дэманстрацыя поўнаметражнага фэнтэзі-анімэ «Поп і К’ю» (працягласць 95 мін., 2016 год, рэжысёр Наокі Міяхара), прадастаўленага супрацоўнікамі аддзела культуры Пасольства Японіі ў Рэспубліцы Беларусь. Уваход вольны.

У апошнія гады адносіны паміж Японіяй і Беларуссю актыўна развіваюцца ва ўсіх сферах. Узаемнае спрашчэнне візавых працэдур спрыяе павелічэнню турыстычнага патоку. Таму фестываль «Японская восень у Беларусі», які сёлета праходзіць у верасні-лістападзе, ужо становіцца традыцыйным, бо дапамагае жыхарам нашых краін стаць бліжэйшымі і навучыцца лепш разумець адзін аднаго.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая