RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі ў Бабруйску

Дзіцячы дом сямейнага тыпу адкрылі сёння ў Бабруйску. Шчаслівай уладальніцай новых квадратных метраў стала сям’я Таццяны і Мікалая Парфёнавых. Зараз у іх сям’і выхоўваецца 9 дзяцей: 4 сваіх і 5 прыёмных.

«Я заўсёды хацела вялікую сям’ю. Калісьці я жыла побач з дзіцячым домам, тады мяне гэта вельмі ўразіла. Зразумела, што там дзяцей глядзяць, выхоўваюць і дапамагаюць, але маму ніхто не заменіць. Мне пашанцавала з мужам. Ён цалкам падтрымлівае мяне, дапамагае з дзецьмі», – падзялілася шматдзетная мама Таццяна Парфёнава.

У сям’і Таццяны і Мікалая выхоўваецца чацвёра родных дзяцей: дачка Анастасія і сыны Дзмітрый, Ілья і Аляксандр. Захар, Станіслаў, Вікторыя, Мілана і Сафія – прыёмныя. Старэйшай праз некалькі дзён будзе 15 гадоў, а малодшаму ўсяго 8 месяцаў. Таццяна і Мікалай разам ужо каля 15 гадоў, з іх 5 – яны шчаслівая прыёмная сям’я.

Раней вялікая сям’я жыла ў маленькай кватэры. А сёння ва ўрачыстай абстаноўцы ім перадалі ключы ад сучаснага катэджа, у якім прасторная кухня, светлыя і вялікія пакоі. Ёсць і невялікі дворык, дзе ўстаноўлена гульнявое абсталяванне.

«Сёння важная падзея не толькі для Бабруйска, але і ўсёй вобласці. Мы адкрываем 50-ы дзіцячы дом сямейнага тыпу ў Магілёўскай вобласці. У Бабруйску гэта 7-ы такі дом. Яшчэ 7 дамоў у вобласці ўжо перададзена ва ўласнасць бацькам. Магілёўская вобласць застаецца адным з лідараў у Беларусі ў такім тыпе жыццеўладкавання дзяцей. Менавіта дзякуючы такім сем’ям, як у Таццяны і Мікалая, аднаўляецца неабходная сувязь паміж бацькамі і дзецьмі, якая да гэтага па розных жыццёвых абставінах была перапынена», – адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка.

Госці прыехалі на свята з падарункамі. Магілёўскі аблвыканкам і Бабруйскі гарвыканкам падарылі сертыфікаты на набыццё мэблі і бытавой тэхнікі. Сям’і таксама ўручылі ноўтбук, пыласос, прысмакі для дзяцей і многае іншае.

«Дом для сям’і Парфёнавых будаваў Бабруйскі завод буйнапанэльнага домабудавання. Гэта першы дом па такім праекце: у нас атрымалася каля 246 кв. м, а гэта паўнавартасныя сем пакояў. Цяпер у кожнага дзіцяці будзе свой утульны куток, дзе ён будзе камфортна сябе адчуваць як падчас адпачынку, так і ў навучальным працэсе. Пабудавалі новы дом хутка, усяго за два месяцы», – расказаў старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў.

«Часам жыццёвыя абставіны складваюцца так, што дзіця забіраюць з сям’і. Дзіцячыя дамы сямейнага тыпу дапамагаюць захаваць цяпло і ўтульнасць, стварыць трывалыя сямейныя сувязі паміж дзецьмі і прыёмнымі бацькамі, якія закліканы дапамагчы малым не страціць веру ў сябе і свае сілы, устаць на ногі. Дзеці растуць у любові і клопаце, а разам з імі расцём і мы – як бацькі, сябры і настаўнікі», – падзялілася мама Таццяна.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая