RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ЕАБР прафінансуе закупку для Расіі 5 тыс. ліфтаў «Магілёўліфтмаша»

Еўразійскі банк развіцця ў найбліжэйшыя два гады мае намер прафінансаваць для Расіі закупку 5 тыс. ліфтаў ААТ «Магілёўліфтмаш». Мемарандум аб гэтым падпісаны на палях XIV Міжнароднай канферэнцыі «Еўразійская эканамічная інтэграцыя».

Мемарандум падпісалі старшыня праўлення ЕАБР Андрэй Бельянінаў, старшыня Грамадскага савета пры Мінбудзе Расіі Сяргей Сцяпашын, пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота.

ЕАБР мае намер прафінансаваць паскораную замену 5 тыс. ліфтаў у шматкватэрных дамах. На першым этапе ў 2020 годзе банк збіраецца вылучыць 10 млрд. расійскіх рублёў на ўмовах беспрацэнтнай растэрміноўкі аплаты на тэрмін да 60 месяцаў і без падаражэння для ўласнікаў кватэр.

Як адзначыў Уладзімір Сямашка, удзел у рэалізацыі інвестыцыйнага праекта дазволіць «Магілёўліфтмашу» атрымаць дадатковыя заказы на расійскім рынку. У 2018 годзе прадпрыемства выпусціла больш за 14 тысяч ліфтаў. У 2019-м «Магілёўліфтмаш» адкрыў у Расіі тры сумесныя ліфтабудаўнічыя прадпрыемствы. ПА «МЛМ Паветратэхніка» (Масква), «МЛМ Неўскі ліфт» (Санкт-Пецярбург), ПА «НЛМ» (Маскоўская вобласць) таксама змогуць прыняць удзел у праграме паскоранай замены ліфтаў жылфонду РФ.

Еўразійскі банк развіцця – міжнародная фінансавая арганізацыя, заснаваная Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рынкавай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязяў. Дзяржавамі-ўдзельнікамі банка з’яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

БЕЛТА

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая