RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эпідэміялагічная сітуацыя ў Магілёўскай вобласці кантралюемая і спакойная – Леанід Заяц

Эпідэміялагічная сітуацыя ў Магілёўскай вобласці кантралюемая і спакойная. Пра гэта сказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц сёння падчас наведвання абласной дзіцячай бальніцы.

«Сітуацыя кантралюемая і спакойная, але гэта не значыць, што жыхары могуць аслабіць увагу да свайго здароўя і здароўя блізкіх і навакольных. На сённяшні дзень у Магілёве і вобласці не зарэгістравана ні аднаго выпадку каранавіруса. Але мы павінны быць гатовыя. Вірус не мае межаў, не выбірае краіны або гарады, – падкрэсліў Леанід Заяц. – Медперсанал нашых устаноў аховы здароўя праінструктаваны. Ад жыхароў патрабуецца няўхільнае захаванне асабістай гігіены, не наведваць месцы масавага збору людзей, адмовіцца на час ад забавак. І калі раптам з’явяцца прыкметы захворванняў – сысці на самаізаляцыю і звярнуцца да ўрача, каб не ставіць пад пагрозу здароўе іншых людзей».

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама падкрэсліў, што ва ўстановах аховы здароўя рэгіёна ёсць усё неабходнае. «Усе бальніцы ўкамплектаваны медыкаментамі і неабходным абсталяваннем. Таму што мы павінны не толькі аказаць своечасовую і высокакваліфікаваную медыцынскую дапамогу таму, хто ў ёй мае патрэбу, але і забяспечыць поўную абарону ўрачоў і медсясцёр, якія могуць аказацца на перадавой», – сказаў ён.

На прыкладзе Магілёўскай дзіцячай абласной бальніцы Леанід Заяц азнаёміўся з мерамі прафілактыкі і гатоўнасці ўстановы. Першым важным момантам у арганізацыі працы стала развядзенне патокаў пацыентаў.

«Мы падзялілі пацыентаў на тых, хто з тэмпературай, і тых, хто без яе. А паток дзяцей з тэмпературай дзеліцца яшчэ на два: асобна праходзяць абследаванні першымі дзеці з прыкметамі інфекцыйных захворванняў і без іх. Мы пастараліся іх максімальна ізаляваць адзін ад аднаго, – адзначыў галоўны ўрач бальніцы Ігар Каско. – У нас ёсць усё неабходнае абсталяванне, у дастатковай меры маюцца дэзынфікуючыя сродкі. У бальніцы пастаянна апрацоўваюцца месцы, да якіх часцей за ўсё дакранаюцца, – дзвярныя ручкі, выключальнікі, кнопкі ў ліфтах». У бальніцы ўведзена ў эксплуатацыю яшчэ 8 апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Пры неабходнасці ёсць магчымасць павялічыць колькасць ложкаў у інтэнсіўнай тэрапіі.

«Са свайго боку мы праводзім усе неабходныя мерапрыемствы, каб не дапусціць з’яўлення інфекцыі ў Магілёўскай вобласці. Хочацца звярнуцца да жыхароў нашага рэгіёна і ўсёй рэспублікі і яшчэ раз папрасіць іх быць уважлівымі і берагчы сваё здароўе. Гэта якраз той выпадак, дзе станоўчага выніку можна дамагчыся толькі сумеснымі намаганнямі», – падкрэсліў Ігар Каско.

У шматпрофільным дзіцячым стацыянары на 600 ложкаў сёння працуе 14 спецыялізаваных аддзяленняў, філіял «Цэнтр медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў з парушэннем ЦНС і апорна-рухальнага апарату», кансультацыйная паліклініка. Штогод у Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы атрымлівае стацыянарнае лячэнне больш за 20 тыс. дзяцей і падлеткаў, звыш 60 тыс. дзяцей аказваецца кансультацыйная дапамога, выконваецца каля 6 тыс. аператыўных умяшальництваў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая