RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў прыбыла ў Беларусь

Эстафета агню II Еўрапейскіх гульняў «Полымя свету» прыбыла ў Беларусь. Цырымонія сустрэчы адбылася 12 мая на беларуска-польскай мяжы ў міжнародным пункце пропуску «Варшаўскі мост».

Караван эстафеты агню прыбыў у рэспубліку пасля завяршэння замежнага этапу. На мяжы прайшла цырымонія запальвання факела для далейшага руху «Полымя свету» па нашай краіне.

Брэст – першы горад рэспублікі, які прыняў агонь II Еўрапейскіх гульняў. У абласным цэнтры «Полымя свету» будзе 12-13 мая. Яго па цэнтральных вуліцах пранясуць факеланосцы, у ролі якіх выступаюць вядомыя беларусы, у тым ліку ўраджэнцы Брэсцкай вобласці. Стартарам эстафеты стала алімпійская чэмпіёнка ў бегу на 100 м Юлія Несцярэнка. Факел яна перадала свайму трэнеру, настаўніку іншых алімпійцаў Віктару Ярашэвічу.

Адной з першых, хто пранёс «Полымя свету» па роднай зямлі, стала бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў 2004 года па веславанні Наталля Гелах. «Вельмі цяжка падабраць словы для апісання эмоцый. Шчыра кажучы, хвалююся, як на Алімпійскіх гульнях, што мне даверылі такую ганаровую місію. Удвая прыемна, што эстафета пачынаецца з Брэста. Такім чынам мы прыцягваем увагу да II Еўрапейскіх гульняў, адначасова гэта і папулярызацыя спорту. Для яго развіцця ў нашай краіне зроблена вельмі многае», – сказала тытулаваная спартсменка.

Акрамя Брэста, эстафета пройдзе яшчэ па пяці гарадах рэгіёна. Днём 13 мая «Полымя свету» сустрэнуць у Камянцы, агонь II Еўрапейскіх гульняў падымуць на Камянецкую вежу. Ён пабывае ў Нацыянальным парку «Белавежская пушча», у Пінску, Мікашэвічах (дзе яго спусцяць у кар’ер РУВП «Граніт»), Баранавічах і на малой радзіме Тадэвуша Касцюшкі ў Косава Івацэвіцкага раёна. У Брэсцкай вобласці факеланосцамі стане каля 60 чалавек.

Факел мультыспартыўнага форуму пабывае ва ўсіх абласцях: Гродзенскай – 18-23 мая, Віцебскай – 24-29 мая, Магілёўскай – 30 мая – 4 чэрвеня, Гомельскай – 5-10 чэрвеня, Мінскай – 11-16 чэрвеня.

З 12 мая адначасова са стартам эстафеты агню II Еўрапейскіх гульняў «Полымя свету» ў Беларусі пачаўся пяты сезон дабрачыннага праекта #velcombegom – міжнародная акцыя«Еўрапейскія забегі». Акцыя накіраваная на дапамогу дзецям-спартсменам з абмежаванымі магчымасцямі, якія актыўна займаюцца спортам і ў будучым будуць абараняць гонар Беларусі на міжнародных спаборніцтвах. За 50 дзён удзельнікам трэба будзе прабегчы рэкордныя 200 тыс. кіламетраў. Агульная сума дабрачыннай дапамогі ад кампаніі velcom | A1 складзе таксама рэкордныя Br 200 тыс.

Асаблівасцю «Еўрапейскіх забегаў» стане тое, што ў агульную скарбонку бегавых кіламетраў будзе ўключана дыстанцыя эстафеты агню «Полымя свету», а таксама вынікі ўсіх лёгкаатлетычных дыстанцый у межах II Еўрапейскіх гульняў.

Дапамагчы дзецям можа кожны. Для гэтага трэба ўсталяваць на мабільны тэлефон любы фітнес-дадатак, выходзіць на прабежкі ў перыяд з 12 мая па 30 чэрвеня, дзяліцца вынікамі на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках, публікуючы скрыншоты фітнес-дадаткі з хэштэгамі #velcombegom, #A1 і #brightteam.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая