RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Этнасвята «У госці да радзімічаў» пройдзе 17-18 жніўня ў аграгарадку Радомля Чавускага раёна

У аграгарадку Радомля Чавускага раёна 17-18 жніўня пройдзе этнасвята «У госці да радзімічаў», паведамілі ў райвыканкаме.

Арганізатары падрыхтавалі насычаную двухдзённую праграму з тэатралізаванымі дзеяннямі пры ўдзеле клубаў гістарычнай рэканструкцыі «хірд Ваўкі» (Жодзіна) і Vitland (Мінск). Гасцей чакаюць этнатанцы, забаўляльныя праграмы, інтэрактыўныя зоны, майстар-класы, паказальныя баі і кухня радзімічаў. Мясцовыя жыхары прадставяць традыцыйныя рамёствы ў музеі пад адкрытым небам. Плануецца правесці конкурс на самую лепшую стылізацыю культуры і побыту насельніцтва эпохі ранняга Сярэднявечча «Час

старажытнасці». На выставах-продажах можна будзе набыць тэматычныя сувеніры.

Атмасферу свята падтрымаюць выступленні этнапраекта Патрыцыі Свіцінай, магістра мастацтваў, старшага выкладчыка кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталлі Матыліцкай, этнагруп «Хмельны Вір», «Арацэя», Yudjin, «Радогость», «Разветье». Гледачы таксама ўбачаць вогненнае шоу ад калектыву AGNI show (Віцебск). Хэдлайнерам стане праект Znich & Rutvica.

«Усіх удзельнікаў мерапрыемства чакае яркае дзейства, заснаванае на падзеях і стылістыцы эпохі ранняга Сярэднявечча, – адзначылі ў райвыканкаме. – Свята стартавала яшчэ ў 2014 годзе на мясцовым узроўні. З кожным годам у Радомлю прыязджае ўсё больш турыстаў, калектываў, рэканструктараў, рамеснікаў і майстроў – тых, хто неабыякавы да нацыянальнай культуры і мінулага сваёй краіны».

Паводле адной з гіпотэз, на тэрыторыі, дзе штогод праходзіць этнафестываль, калісьці размяшчалася гарадзішча радзімічаў, а затым на гэтым месцы быў узведзены замак, рэшткі ўмацаванняў якога захаваліся да нашых дзён. Зараз на пасадзе Замкавай гары створаны музей пад адкрытым небам, куды ўваходзяць збудаванні ў стылі эпохі ранняга Сярэднявечча. Тут можна ўбачыць капішча Перуна, комплекс стылізаваных паўзямлянак (у такіх жылі нашы далёкія продкі), прыстасаванне для здабычы жывога агню, печ для абпалу керамічнага посуду.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая