RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Фінал алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» пройдзе ў Магілёве 28 кастрычніка – 2 лістапада

Заключны этап алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» пройдзе ў Магілёве 28 кастрычніка – 2 лістапада. Пра гэта паведамілі ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама.

У інтэлектуальным спаборніцтве возьмуць удзел больш за 190 навучэнцаў 10-11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усіх абласцей Беларусі і горада Мінска, а таксама вучні з 20 расійскіх рэгіёнаў.

Як расказалі суразмоўцы, алімпіяда пройдзе на базе сярэдняй школы № 45. Яна будзе ўключаць правядзенне двух абавязковых тураў (напісанне сачынення, выкананне комплекснай працы па рускай мове і літаратуры) і творчых конкурсаў рытараў, чытальнікаў, знаўцаў. У склад журы ўвойдуць прафесары рускай славеснасці з беларускіх і расійскіх ВНУ, настаўнікі беларускай мовы і літаратуры дзвюх краін. Пераможцы алімпіяды будуць узнагароджаны дыпломамі I, II, III ступені і спецыяльнымі прызамі.

Акрамя таго, для гасцей падрыхтавана спецыяльная культурна-забаўляльная праграма і аглядная экскурсія па горадзе на Дняпры. Дзеці наведаюць мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле», Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е. Р. Раманава, Музей гісторыі Магілёва, МДУ імя А. А. Куляшова, паўдзельнічаюць у грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Паклонімся вялікім тым гадам...» на плошчы Славы, пасадзяць алею Дружбы ў Падніколлі. У Абласным цэнтры творчасці школьнікаў чакае канцэрт «Вечар адпачынку ў крузе сяброў», а ў беларуска-расійскім універсітэце – вечар дружбы Беларусі і Расіі «Брацкіх народаў саюз векавы».

«Правядзенне мерапрыемства накіравана на ўмацаванне сяброўскіх сувязяў моладзі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі, павышэнне цікавасці навучэнцаў да вывучэння літаратурнай і гістарычнай спадчыны краін, культурных традыцый двух брацкіх народаў», – адзначылі суразмоўцы.
Нагадаем: алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць» праводзіцца з 2004 года. Заключны этап прымаюць папераменна беларускія і расійскія гарады. У 2017 годзе спаборніцтва праходзіла ў Мінску, у 2018-м – у Новасібірску.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая