Рус Бел Eng 中文

Гасцей свята «Купалле» ў Александрыі чакае маляўнічая праграма

Стала вядомая праграма мерапрыемстваў рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў»), якое пройдзе ў аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна 11–12 ліпеня. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме.

Як адзначылі арганізатары, чакаецца яркая і насычаная праграма. У першы дзень фестывалю будзе працаваць экскурсійны маршрут па тэматычных пляцоўках. Госці змогуць наведаць выставу прадукцыі Мінскага трактарнага завода, выставу-продаж хлебабулачных вырабаў і свята квасу, маладзёжную экспазіцыю «Калідор эпох», «Александрыйскі кірмаш» з купальскімі падворкамі. Прыедуць у Александрыю і фіналісты рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу «Уладар сяла».

Падчас «Свята кнігі» можна будзе пазнаёміцца з нацыянальнай літаратурнай спадчынай. Будзе прэзентавана праграма, прысвечаная Дню беларускай пісьменнасці, які ў гэтым годзе будзе адзначацца ў Бялынічах 6 верасня.

Разгорнецца на пляцоўцы фестывалю цырк-шапіто. Непадалёк ад шатра гасцям прапануюць паглядзець разнастайныя шоу і эстрадна-цыркавыя прадстаўленні.

Прадэманструе сваё майстэрства вакальны ансамбль «Весялуха» Магілёўскай абласной філармоніі. Адбудзецца паказ новых ільняных калекцый адзення беларускіх вытворцаў. Маленькія госці «Купалля» змогуць наведаць дзіцячую дыскатэку, дзе выступяць творчыя калектывы, удзельнікі тэлешоу «Голас. Дзеці» з Магілёўскай вобласці, клоўны і аніматары.

Урачыстая цырымонія адкрыцця рэспубліканскага свята пройдзе ў 17.00. Услед за ёй–эстрадна-забаўляльная праграма з удзелам артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі. Увечары ўзнагародзяць пераможцаў і ўдзельнікаў праекта «Уладар сяла». Выступіць з канцэртам заслужаны калектыў Беларусі–аркестр народных інструментаў імя Л. Л. Іванова з удзелам беларускага гурта The Feedback. Адначасова пройдуць дэманстрацыйныя палёты самалётаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А. М. Кулагіна.

Гала-канцэрт «Мая Александрыя» пачнецца на галоўнай пляцоўцы а 21.30. Пасля яго гасцей чакае маляўнічы феерверк. Працягнуцца гулянні моладзевай дыскатэкай з удзелам Івана Вабішчэвіча, артыстаў Магілёўскай абласной філармоніі і вядучых дыджэяў краіны.

У другі дзень фестывалю пройдзе ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Магілёўшчыны ў суправаджэнні аркестра народных інструментаў імя Л. Л. Іванова, выступіць ансамбль «Песняры». У гэты ж час пачнецца свята цырка. Запланаваны канцэрт заслужанага калектыву Беларусі ансамбля песні і танца «Медуніца».

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая