Рус Бел Eng 中文

Газету з подпісам Прэзідэнта перадалі вучню Быхаўскай гімназіі

Газету з подпісам Прэзідэнта ўручыў сёння старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Леанід Заяц вучню гімназіі горада Быхава Дзмітрыю Іванову.

«15 сакавіка Дзмітрый стаў удзельнікам урачыстага ўручэння пашпартоў у Палацы Незалежнасці ў Мінску. Яму выпала магчымасць пагутарыць з Прэзідэнтам і ўбачыць, дзе прымаюцца важныя для нашай краіны рашэнні. Гэта незабыўная падзея, якая застанецца ў памяці на ўсё жыццё. І сёння яна мае свой працяг, – адзначыў Леанід Заяц. – Пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Дзмітрый перадаў яму асобнік гімназічнай газеты. І сёння мне выпаў гонар перадаць гэту газету Дзмітрыю з подпісам Прэзідэнта і добрымі пажаданнямі ад яго: заставацца справядлівым, правільным і быць годным грамадзянінам сваёй краіны».

Дзмітрый Іваноў – вучань 8 «А» класа. Ён праяўляе поспехі не толькі ў вучобе: працуе ў рэдкалегіі газеты «Гонг», якая прысвечана жыццю гімназіі, і з’яўляецца камандзірам атрада юных інспектараў руху. Некалькі гадоў таму Дзмітрый прыняў удзел у конкурсе «Свежы вецер», які праводзіў Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня». Тады быхаўскі гімназіст стаў абсалютным пераможцам: ён заняў першыя месцы ў трох намінацыях.

«Сёння мы ўшаноўваем чалавека, які працай і талентамі заслужыў высокі гонар – прадстаўляць сваю гімназію, горад і ўсю Магілёўскую вобласць на высокім узроўні. Хочацца выказаць падзяку бацькам і педагогам, таму што гэта вялікая праца – вырасціць і выхаваць годнага і разумнага чалавека. Хачу падзякаваць і ўсяму калектыву, які разам з Дзмітрыем працуе над гімназічнай газетай. Высокая ацэнка кіраўніка дзяржавы – гэта заслуга кожнага з вас. Захавайце і развівайце найлепшыя якасці ў сабе», – падкрэсліў Леанід Заяц.

Дзмітрый, у сваю чаргу, падзякаваў усім, хто дапамагае яму ў вучобе і працы над газетай. «Я ніколі не мог уявіць, што атрымаю пашпарт з рук Прэзідэнта. А сёння мне перадалі цэлае віншаванне ад яго. Гэта кажа аб тым, што мары спраўджваюцца. А тое, што нашу працу ацаніў Аляксандр Лукашэнка, значыць, што мы рухаемся ў правільным кірунку», – падзяліўся Дзмітрый.

Усяго ў ДУА «Гімназія г. Быхава» цяпер вучыцца 589 дзяцей.

БЕЛТА
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая