Рус Бел Eng 中文

«Гэта лепшы льнозавод ў краіне». Старшыня Магілёўскага аблвыканкама паглядзеў, як ідзе пасяўная ў ААТ «Горкілён»

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта – галоўны інспектар па Магілёўскай вобласці Аляксандр Субоцін – азнаёміліся з ходам вяснова-палявых работ у ААТ «Горкілён».

Сёлета тут набылі за 56 тысяч еўра новую нямецкую пнеўматычную сеялку «Lemken», якая толькі трэці дзень пад кіраваннем аднаго з найлепшых механізатараў прадпрыемства Сяргея Шулікава закладвае насенне лёну ў глебу на полі ва ўрочышчы Троснае.

Леанід Заяц грунтоўна цікавіўся перавагамі працы гэтага агрэгата ў параўнанні з традыцыйнымі 6-метровымі. Па шырыні захопу ў 4 м яна ім саступае, аднак забяспечвае больш якасную закладку насення ў глебу. Паводле слоў галоўнага агранома Дзмітрыя Паўлючэнкі, бункер у новай сеялцы большы, пасяўны матэрыял пастаянна падаецца раўнамерна, тым самым прадухіляецца забіванне. А двухдыскавы сашнік размяшчае насенне нават пры зменлівых глебавых умовах дакладна і на аднолькавую глыбіню ў 2 см. Канчатковыя высновы зробяць пасля з’яўлення хуткіх і дружных усходаў.

У цэнтры ўвагі старшыні аблвыканкама былі ўсе складнікі якаснай сяўбы: гатункі, папярэднікі, падрыхтоўка глебы, мінеральныя ўгнаенні, якіх у гэтым годзе таварыства ўнесла на 31% больш, чым у мінулым (216 кг дзеючага рэчыва на гектар). Ужо закупілі ўсе сродкі абароны «Паўночнага шоўку». А для якаснай уборкі інвеставалі грошы ў набыццё яшчэ двух агрэгатаў, так званых «успушвальнікаў».

Пасяўная тут, якая пачалася 9 красавіка, выйшла на фінішную прамую. Незасеянай заставалася толькі трэць пасяўнога кліну ў 1850 га. Штодзённы прырост пасяўных плошчаў – 11% (каля 200 га). Яшчэ 3–4 дні – і фінішуе сяўба. Леанід Заяц даў высокую ацэнку вяснова-палявых работ у ААТ «Горкілён».

– Гэта найлепшы льнозавод у краіне. Вельмі прафесійна працуюць. Усе настроены атрымаць добры ўраджай ільнотрасты – не менш за 50 ц/га. Пасеўправодзяць у сціслыя агратэхнічныя тэрміны, выконваючы ўсе элементы тэхналогіі па падрыхтоўцы глебы і яе «запраўцы» мінеральнымі ўгнаеннямі. Упэўнены, што ўсе пастаўленыя задачы будуць рэалізаваны, – сказаў Леанід Заяц.

gorkiv.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая