18 снежня адбылася гадавая справаздача Магілёўскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Магілёўскія творцы сабраліся, каб выявіць – што зроблена ў мінулым годзе і што патрэбна зрабіць у наступным.
“Гэты год быў вельмі плённы”, – зазначыў падчас справаздачы старшыня Магілёўскага аддзялення СПБ Алесь Казека.
І сапраўды, члены Магілёўскага аддзялення на працягу года паспелі выпусціць у свет 13 аўтарскіх кніг – ад гумару і фантастыкі да сур’езных ваенных твораў і інтымнай лірыкі. Пабачыў свет альманах “Прыдняпроўе. Магілёўшчына літаратурная” – таксама своеасаблівая творчая справаздача. Калектыў аддзялення “падрос” да 41 чалавека, таму што да нашай творчай суполкі дадаліся новыя пісьменнікі: Віктар Какорыч і Надзея Драбышэўская і яшчэ, на пастаяннае месца жыхарства на магілёўшчыну пераехаў віцебскі літаратар Рыгор Лазуркін, які пажадаў перайсці ў Магілёўскае аддзяленне СПБ.
Магілёўскія пісьменнікі правялі шмат літаратурных сустрэч з чытачамі − асабліва вызначыліся тут: Жанна Міус, Уладзімір Ясеў, Наталля Ніканчук, Мікола Леўчанка. Нельга не ўзгадаць і пра літаб’яднанне “Натхненне”, кіраўнік якога, Наталля Міхальчук, рэгулярна запрашае пісьменнікаў на творчыя сустрэчы са студэнтамі МДУ ім. Куляшова. А колькі было прэзентацый кніг, выступленняў на рэспубліканскіх мерапрыемствах накшталт Дня пісьменства ці Мінскай кніжнай выставы!
Былі мерапрыемствы і не зусім тыповыя (але ўсё роўна вельмі прыемныя). Так, Алесь Казека ў радзільным доме павіншаваў з Днём матулі жанчын, якія нарадзілі дзяцей падчас гэтага свята. Старшыня аддзялення прыняў удзел і ў адкрыцці бюста Алесю Адамовічу.
Пашанцавала магілёўскім літаратарам і з літаратурнымі конкурсамі. Так, Алена Кісель атрымала дыплом 1-й ступені на міжнародным конкурсе “Русский Гофман”. А ў рэспубліканскім конкурсе “Бацькаўшчына светлая мая” творчая суполка магілёўскіх літаратараў увогуле здолела заваяваць поўны камплект дыпломаў розных ступеней! Аддзяленне таксама актыўна ўдзельнічала ў правядзенні шматлікіх іншых конкурсаў: тут і “Пісьмянкоў луг”, і конкурс, прысвечаны памяці А. Куляшова, і электронны конкурс фантастыкі…
Адным з найважных напрамкаў дзейнасці ў 2019 годзе А.М.Казека назваў міжнароднае супрацоўніцтва – не дзіўна, калі ўлічваць, што менавіта ў гэтым годзе ў Магілёве прайшоў Пленум пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы. Выбар горада не будзе здавацца выпадковым, калі ўспомніць, што магілёўскія пісьменнікі рэгулярна ўдзельнічаюць у міжнародных мерапрыемствах з рускімі калегамі, стасуюцца праз тэлемасты, разам арганізуюць конкурсы і акцыі памяці.
Плённую працу членаў аддзялення адзначылі і на дзяржаўным узроўні – нездарма ў 2019 г. многія з літаратараў былі ўзнагарожаны прэміямі і ганаровымі граматамі. Напрыклад, Ніну Кавалёву і Міколу Салаўцова назвалі “Чалавекам года 2018”, Вольга Бялова і Алёна Беланожка атрымалі спецыяльную прэмію аблвыканкама, Алена Кісель стала лаўрэатам прэміі магілёўскага гарвыканкама “Дасягненне” у галіне літаратуры. Былі ўзнагароджаны пісьменнікі і граматамі гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў.
На справаздачы аддзялення прысутнічала намеснік начальніка ўпраўлення СМІ і па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалогіі і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Меншыкава Таццяна Фёдараўна. Яна адзначыла, што супрацоўніцтва літаратараў і галоўнага ўпраўлення ідэалогіі штогод узмацняецца. Ішла размова і пра сумесныя праекты, і пра тое, што нельга спыняцца на дасягнутым – бо ў 2020 годзе нас чакае Дзень беларускага пісьменства ў Бялынічах!
Па ўсяму відаць, што наперадзе Магілёўскіх літаратараў чакае яшчэ адзін цікавы, плённы год, у якім будзе шмат і творчых турбот, і творчых поспехаў.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая
24.02.2025 - 09:33
Магілёўскі драмтэатр: на многія пастаноўкі форуму «М.@rt кантакт — 2025» білеты амаль распрададзены
20.02.2025 - 10:34
Новыя падрабязнасці пра тэатральны форум «M.@rt кантакт»-2025
19.02.2025 - 12:16
Спектакль «Сабачае сэрца» пермскага тэатра паказалі ў Магілёве
18.02.2025 - 16:22