Рус Бел Eng 中文

Горацкі «Сокал» пазмагаецца за ўзнагароды фіналу рэспубліканскіх спаборніцтваў «Залатая шайба» ў старэйшай групе дывізіёна «А»

Горацкі «Сокал» «прадставіць Магілёўскую вобласць у фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Беларусі ва ўзроставай групе 2002-2004 года нараджэння (дывізіён «А»). Турнір пройдзе ў Мінску з 3 па 7 студзеня на «Чыжоўка-Арэне» і ў Палацы спорту, паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.                

«Юныя хакеісты сыграюць на дзвюх сталічных хакейных пляцоўках і наведаюць трэцюю ў якасці гледачоў, – адзначылі спецыялісты. – Ім выпадзе ўнікальны шанц: у гэтыя перадкалядныя дні згуляць супраць сваіх аднагодкаў з наймацнейшых каманд «Залатой шайбы», паназіраць за гульнёй дзейных хакеістаў у рамках матчаў КХЛ, а таксама знакамітых ветэранаў падчас Каляднага турніру».

«Сокал» будзе гуляць у групе «Б» на лядовай арэне Палаца спорту. Першую сустрэчу Горацкія хакеісты правядуць 3 студзеня супраць «Партызана» (Партызанскі раён Мінска) – пачатак у 12.00. 4 студзеня наша дружына будзе супрацьстаяць «Паўночнай сталіцы» з Віцебска, а 5 студзеня – «Атланту» з Кобрына Брэсцкай вобласці. Матчы за 7-е, 5-е і 3-е месцы адбудуцца 7 студзеня. Пераможца турніру вызначыцца ў гэты ж дзень на «Чыжоўка-Арэне». Дарэчы, усе гульні, якія пройдуць на гэтай пляцоўцы, будуць транслявацца на youtube-канале і сайце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.

Арганізатары таксама падрыхтавалі для дзяцей некалькі хакейных падарункаў. Юныя спартсмены наведаюць матчы з удзелам каманды кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, а таксама гульні мінскага «Дынама» (у чэмпіянаце Кантынентальнай хакейнай лігі) з піцерскім СКА (4 студзеня) і маскоўскім ЦСКА (6 студзеня). На «Чыжоўка-Арэне» запланаваны майстар-клас для юных хакеістаў з удзелам знакамітых удзельнікаў Каляднага турніру: экс-ігракоў НХЛ Дайнюса Зубруса (Літва), Дзмітрыя Хрысціча (Украіна), Андрэя Нікалішына і Івана Навасельцава (абодва – Расія). Таксама прадугледжана экскурсія ў музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Усяго ў адборачным турніры дывізіёна «А» ўказанай узроставай групы прыняло ўдзел 186 каманд і 2947 хакеістаў. На другім этапе за выхад у фінал змагалася 35 каманд. У выніку кожная вобласць краіны дэлегавала пераможцу, а горад Мінск – пераможцу і фіналіста.

Нагадаем: у турніры дывізіёна «А» ўдзельнічаюць каманды раёнаў і гарадоў з крытымі лядовымі каткамі, а ў дывізіёне «Б» спаборнічаюць калектывы, дзе такіх збудаванняў няма. Спаборніцтвы ў апошнім традыцыйна пройдуць у сакавіку гэтага года.

Арганізатарамі турніру выступаюць Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, грамадскія аб’яднанні «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» і «Дзіцяча-юнацкі клуб па хакеі «Залатая шайба»», асацыяцыя «Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь», рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб’яднанне «Прэзідэнцкі спартыўны клуб».

Упершыню турнір «Залатая шайба» прайшоў у СССР у зімовым сезоне 1964-1965 гадоў пасля таго, як у газеце «Піянерская праўда» быў апублікаваны заклік «На старт, сябры! Залатая шайба кліча!». Родапачынальнікам спаборніцтваў быў вядомы трэнер Анатоль Тарасаў. З 1997 года «Залатая шайба» з’яўляецца адным з самых папулярных дзіцяча-юнацкіх спартыўных турніраў Беларусі. Шмат у чым дзякуючы гэтым спаборніцтвам ва ўсіх раёнах краіны дзіцячы хакей атрымаў масавае развіццё. Галоўная ўмова і адметная рыса спаборніцтваў – удзел у турніры выключна дваровых каманд. У той жа час шлях з «Залатой шайбы» у прафесіяналы цалкам магчымы, па выніках спаборніцтваў хлопцаў не раз залічвалі ў спецыялізаваныя спартыўныя навучальныя ўстановы. У свой час у турніры прымалі ўдзел такія знакамітыя хакеісты, як Уладзіслаў Траццяк, Аляксандр Мальцаў, Вячаслаў Фяцісаў, Уладзімір Крутаў.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая